Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Лікі 36 Лікі 36 разьдзел

1 І дабліжыліся галавы айцоў радзімы сыноў Ґілеада, сына Махіровага, сына Манасавага з радзімаў сыноў Язэпавых, і гукалі перад Масеям а перад князьмі, галавамі айцоў сыноў Ізраелявых,
2 І сказалі: «Спадару майму СПАДАР расказаў даць зямлю-спадак жэрабям сыном Ізраелявым, і спадару майму расказаў СПАДАР даць спадак Салпагада, брата нашага, дачкам ягоным.
3 Калі ж яны будуць жонкамі якімсь із сыноў плямёнаў сыноў Ізраелявых, дык спадак паменшыцца ад спадку айцоў нашых і дадасца да спадку таго плямені, у каторым яны будуць, і паменшыцца ад адзяржанага жэрабям спадку нашага.
4 І як будуць у сыноў Ізраелявых пяцьдзясятыя ўгодкі, і тады спадак іхны дадасца да спадку таго плямені, у каторым яны будуць, і ад спадку плямені айцоў нашых адыймецца спадак іхны».
5 І расказаў Масей сыном Ізраелявым, подле слова СПАДАРОВАГА, і сказаў: «Добра кажа плямя сыноў Язэпавых.
6 Во слова, каторае расказаў СПАДАР праз Салпагадзянкі, кажучы: "Каго ўпадабаюць вочы іхныя, тых яны могуць быць жонкамі, адылі маюць быць жонкамі ў радзіме плямені айцоў сваіх,
7 Каб не пераходзіў спадак сыноў Ізраелявых з плямені да плямені, бо кажны чалавек сыноў Ізраелявых хай ліпне да спадку плямені айцоў сваіх.
8 І кажная дачка, каторай спадае спадак із плямені сыноў Ізраелявых, то толькі мае з дому плямені айца свайго быць жонкаю, каб сыном Ізраелявым кажнаму спадаў спадак айцоў іхных,
9 І каб не пераходзіў спадак із плямені да плямені іншага; бо кажнае з плямені сыноў Ізраелявых мае ліпці да спадку свайго"».
10 Як расказаў СПАДАР Масею, так і зрабілі Салпагадзянкі.
11 І вышлі Салпагадзянкі Магла, Тырца, Гоґла, Мілка а Ноа замуж за сыноў дзядзькоў сваіх.
12 І ў радзіме сыноў Манаса Язэпенка яны былі жонкамі, і быў спадак іхны ў плямені радзімы айца іхнага.
13 Гэта ё расказаньні а суды, каторыя расказаў СПАДАР Масеям сыном Ізраелявым на раўнінах Моаўскіх, ля Ёрдану, супроці Ерыхону.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Чацьвертая кніга Масеява: Лікі, 36 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.