1 Во радавод Аарона а Масея ў дню, калі гутарыў СПАДАР із Масеям на гары Сынаю;
2 І во ймёны сыноў Ааронавых: пяршак Надаў а Авігу, Елеазар а Іфамар.
3 Гэта ймёны сыноў Ааронавых, сьвятароў, памазаных, каторых ён пасьвяціў сьвятарстваваць.
4 І памерлі Надаў а Авігу перад відам СПАДАРОВЫМ, як яны прынесьлі цяпло чужое перад відам СПАДАРОВЫМ на пустыні Сынайскай, а дзяцей у іх ня было; і сьвятарствавалі Елеазар а Іфамар перад Ааронам, айцом сваім.
5 І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
6 «Дабліж плямя Левава й пастанаві яго перад Ааронам сьвятаром, каб яны служылі яму.
7 І няхай яны рупяцца праз старожу ягоную й старожу ўсяе грамады перад буданом збору, каб служыць службу вітальні;
8 І няхай рупяцца праз усе судзьдзе будану збору і паручэньне сыноў Ізраелявых, каб служыць службу вітальні.
9 І аддасі Левітаў Аарону а сыном ягоным; хай будуць яны сусім чыста адданы яму ад сыноў Ізраелявых.
10 Аарону ж а сыном ягоным паручы, і будуць спраўляць яны сьвятарства свае; а чужы, што бліжыцца, хай памрэць».
11 І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
12 «І Я вось, Я ўзяў Левітаў з пасярод сыноў Ізраелявых замест кажнага першака, што рашчыняе дзетніцу із сыноў Ізраелявых. І будуць Левіты Мае,
13 Бо кажны пяршак Мой; таго дня, калі Я быў паразіўшы кажнага першака ў зямлі Ягіпецкай. Я пасьвяціў Сабе кажнага першака ў Ізраелю ад чалавека аж да статку; яны маюць быць Мае. Я СПАДАР».
14 І гукаў СПАДАР Масею на пустыні Сынайскай, кажучы:
15 «Палічы сыноў Левавых па дамох айцоў іхных, па радзімах іхных, кажнага мужчыну ад аднаго месяца і вышэй палічы».
16 І палічыў іх Масей подле слова СПАДАРОВАГА, як расказана.
17 І былі гэтыя сынове Левавы подле іх імёнаў: Ґірсон, Когаф а Мерары.
18 І во ймёны сыноў Ґірсонавых па радзімах іхных: Ліўні а Шымей.
19 І сыны Когафовы па радзімах іхных: Амрам а Іцґар, Гэўрон а Узель.
20 І сыны Мераравы па радзімах іхных: Маглі а Мушы. Гэта яны радзімы Левавы подле дамоў айцоў сваіх.
21 Ад Ґірсона род Ліўняў а род Шымеяў: гэта роды Ґірсонавы.
22 Іх лік подле лічэньня кажнага мужчыны, ад аднаго месяца й вышэй, лік іх сем тысячаў пяцьсот.
23 Радзімы Ґірсонавы будуць разьлягацца адзаду вітальні ў кірунку да мора.
24 І князь дому айца Ґірсонічаў Елясаф Лаелёнак.
25 І дагляду Ґірсонічаў у будане збору паручаецца вітальня а будан а прыкрыцьце яго а запона ўходу будану збору,
26 А заслоны панадворку а запона ўходу панадворку, каторая ля вітальні, і што ля аброчніка наўкола, і паварозкі да ўсялякае службы яго.
27 І ў Когафа радзіма Амрамоў а радзіма Іцґароў а радзіма Гэўронаў а радзіма Ўзеляў: гэта радзімы Когафовы.
28 Подле ліку ўсіх мужчынаў, ад аднаго месяца й вышэй, восьмі тысячаў шасьцьсот, каторыя дзяржалі паручэньне сьвятыні.
29 Радзімы Когафічаў будуць разьлягацца з боку вітальні, на паўдня.
30 І князь дому айца радзімаў Когафовых Еліцафан Узелёнак.
31 І старожа іхная — скрыня а стол а сьветач а аброчнікі а сьвятое судзьдзе, каторага ўжываюць да службы, а запона а ўсе служэньне яе.
32 І князь князёў лявіцкіх Елеазар, сын Аарона сьвятара; пад ягоным наглядам дзяржачыя паручэньне сьвятыні.
33 Мерары: радзіма Магляў а радзіма Мушаў: гэта яны радзімы Мераравы.
34 Палічаных подле ліку кажнага мужчыны, ад аднаго месяца й вышэй, шэсьць тысячаў дзьвесьце.
35 І князь дому айца радзімы Мерарычаў Цурэль Авігаелёнак, яны будуць разьлягацца з боку вітальні на поўнач.
36 І прызначаньню паручэньня Мерарычаў былі дошкі вітальні а завалы яе а стаўпы яе а падложкі яе а ўсі судзіны яе, уся служба яе,
37 І стаўпы панадворку наўкола, і падложкі іх, і кольле іх, і паварозкі іх.
38 А тыя, што разьлягаюцца перад вітальняю, на ўсход, перад буданом збору на ўсход сонца, ё Масей а Аарон а сыны ягоныя, яны дзяржалі паручэньне сьвятыні за сыноў Ізраелявых; чужы хто прыступе, памрэць.
39 Усіх палічаных Левітаў, каторых палічыў Масей а Аарон подле слова СПАДАРОВАГА, па радзімах іхных, кажнага мужчыну, ад аднага месца й вышэй, дваццаць дзьве тысячы.
40 І сказаў СПАДАР Масею: «Палічы кажнага першака мужчыну із сыноў Ізраелявых, ад аднаго месяца й вышэй, і зьлічы іх наймя.
41 І вазьмі Левітаў Імне, — Я СПАДАР, — замест кажнага першака із сыноў Ізраелявых, а статак Левітаў замест кажнага першароднага статку сыноў Ізраелявых».
42 І палічыў Масей, як расказаў яму СПАДАР, кажнага першака із сыноў Ізраелявых.
43 І было ўсіх першакоў мужчынскіх, подле ліку ймёнаў, ад аднаго месяца й вышэй, дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзясят трох.
44 І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
45 «Вазьмі Левітаў замест кажнага першака з дому Ізраеля, і статак Левітаў замест статку іхнага; і будуць Левіты Маімі. Я СПАДАР.
46 А на выкуп дзьвесьце семдзясят трох ізь першакоў Ізраелявых, каторыя лішнія супроці Левітаў,
47 Дык возьмеш па пяць сыкляў ад галавы, подле сьвятога сыклю вазьмі, дваццаць ґер у сыклю,
48 І аддай срэбла гэтае Аарону а сыном ягоным на выкуп за лішніх супроці ліку іх».
49 І ўзяў Масей срэбла выкупу за лішніх супроці выкупленых Левітамі.
50 Ад першакоў Ізраелявых узяў срэбла тысяча трыста і шасьцьдзясят пяць сыкляў, подле сыклю сьвятыні.
51 І аддаў Масей срэбла выкупу Аарону а сыном ягоным подле слова СПАДАРОВАГА, як расказаў СПАДАР Масею.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Чацьвертая кніга Масеява: Лікі, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.