Дзеі 23 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Тады Паўла, уцеміўшыся ў сынэдрыён, сказаў: «Мужы браты, я з усім добрым сумленьням жыў перад Богам дагэтуль».
Пільна гле́дзячы на сінедрыён, Павел сказаў: мужы́ браты́! я з усёй добрасумле́ннасцю жыў перад Богам да гэтага дня.
Найвышшы ж сьвятар Ананя расказаў тым, што стаялі ля яго, біць яго па вуснах.
І тут першасвята́р Ана́нія загада́ў тым, якія стаялі по́бач з ім, біць яго па ву́снах.
Тады Паўла сказаў яму: «Бог вытне цябе, пабеленая сьцяна; ты ж сядзіш, судзячы мяне з права, і напярэк праву расказуеш мяне біць».
Тады Павел сказаў яму́: Бог будзе біць цябе, сцяна́ пабе́леная: ты сядзíш, каб судзíць мяне па закону, ды, паруша́ючы закон, зага́дваеш біць мяне.
Прытомныя ж сказалі: «На найвышшага сьвятара Божага вернеш?»
Тыя, што стаялі побач, сказалі: першасвятара́ Божага зневажа́еш?
І сказаў Паўла: «Я ня ведаў, браты, што ён найвышшы сьвятар; бо напісана: "Ня гукай ліха на дзяржаўцу люду свайго"».
Павел сказаў: я не ведаў, браты́, што ён першасвята́р; бо напíсана: пра нача́льніка народа твайго не кажы́ ліхо́га.
Паўла ж, ведаючы, што адна часьць была садукеяў, а другая фарысэяў, загукаў у сынэдрыёне: «Мужы браты, я фарысэй, сын фарысэяў, мяне судзяць за спадзеву а ўскрысеньне мертвых!»
Павел жа, даве́даўшыся, што тут адна частка садуке́яў, а другая фарысе́яў, усклíкнуў у сінедрыёне: мужы́ браты́! я фарысе́й, сын фарысе́я; за надзею і ўваскрасе́нне мёртвых мяне су́дзяць.
Як жа ён сказаў гэта, паўстала нязгода памеж фарысэяў і садукеяў, і збор падзяліўся;
Калі ж ён сказаў гэта, узнікла сутыкне́нне паміж фарысе́ямі і садуке́ямі, і сход падзялíўся;
Бо садукеі кажуць, што няма ўскрысеньня, ані ангіла, ані духа; а фарысэі вызнаюць абое.
бо садуке́і кажуць, што няма ўваскрасе́ння, ні Ангела, ні ду́ха; а фарысе́і прызнаю́ць і тое, і другое.
І быў вялікі вераск, і кніжнікі фарысэйскае часьці, стаўшы, сьперачаліся, кажучы: «Мы не знаходзім ліха ў гэтым чалавеку. Калі дух гукаў яму альбо ангіл, не ваюйма з Богам».
Узня́ўся вялікі крык; і, уста́ўшы, кніжнікі з фарысе́йскага боку спрача́ліся, ка́жучы: нічога дрэ́ннага мы не знахо́дзім у чалавеку гэтым; калі ж дух ці Ангел прамаўля́ў да яго, давайце не будзем працíвіцца Богу.
Як жа вялікая сумятня паўстала, тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлы, расказаў жаўнерам зыйсьці ўзяць яго з пасярод іх і прывесьці да гораду.
Але паколькі сутыкне́нне ўзмацня́лася, то тысячанача́льнік, баючы́ся, каб яны не разарва́лі Паўла, загада́ў воінам спусцíцца, каб забраць яго ад іх і адве́сці ў крэ́пасць.
Наступное ж ночы Спадар стаў ля яго й сказаў: «Асьмелься, бо як ты сьветчыў празь Мяне ў Ерузаліме, так маеш сьветчыць і ў Рыме».
У насту́пную ноч Гасподзь, явíўшыся яму, сказаў: мацу́йся, Павел; бо як све́дчыў ты пра Мяне ў Іерусаліме, так нале́жыць табе све́дчыць і ў Ры́ме.
А як разаднела, Жыды змовіліся, пастанавіўшы пад праклёнам, кажучы, што ня будуць есьці ані піць, пакуль не заб’юць Паўлы.
Калі ж настаў дзень, некато́рыя з Іудзеяў, учынíўшы змо́ву, далí сабе клятву не есці і не піць, пакуль не заб’юць Паўла;
Было ж балей за сорак, што задзіночыліся гэтай змоваю.
а было́ больш за сорак тых, што ўчынíлі гэтую змо́ву;
І пайшлі яны да найвышшых сьвятароў а старцоў, кажучы: «Мы прысягнулі праклёнам нічога не паспытацца, пакуль не заб’ем Паўлы.
яны, прыйшо́ўшы да першасвятаро́ў і старэ́йшын, сказалі: кля́тваю паклялíся мы самíм сабе не есці нічога, пакуль не заб’ём Паўла.
Дык вы цяпер асьветча тысячніку і сынэдрыёну, каб ён вывеў яго да вас, быццам хочаце дакладней разгледзіць справу ягоную; мы ж, уперад чымся ён дабліжыцца, гатовы забіць яго».
Дык цяпер вы з сінедрыёнам паве́даміце тысячанача́льніку, каб заўтра вы́веў яго да вас, як быццам вы збіра́ецеся дакла́дней дасле́даваць справу яго; а мы, перш чым ён наблíзіцца, гатовы забіць яго.
Але сын сястры Паўлавае, пачуўшы праз змову, прышоў, і ўвыйшоў да гораду, і наказаў Паўлу.
Пачуўшы пра заса́ду, сын сястры́ Паўлавай прыйшоў і, увайшо́ўшы ў крэпасць, паве́даміў Паўлу.
Паўла ж, пагукаўшы аднаго із сотнікаў, сказаў: «Вазьмі гэтага маладзёна да тысячніка, бо ён мае штось наказаць яму».
Павел жа, паклíкаўшы аднаго з сотнікаў, сказаў: завядзí гэтага юнака́ да тысячанача́льніка, бо ён ма́е нешта паве́даміць яму.
Дык ён, узяўшы яго, прывеў да тысячніка й кажа: «Вязень Паўла пагукаў мяне і прасіў завесьці да цябе гэтага маладзёна, каторы мае штось сказаць табе».
Той, узя́ўшы яго, прывёў да тысячанача́льніка і сказаў: вя́зень Павел паклíкаў мяне і папрасіў прыве́сці да цябе гэтага юнака́, які ма́е нешта сказаць табе.
Тысячнік жа, узяўшы яго за руку і адышоўшы на бок, папытаўся: «Што ты хочаш сказаць імне?»
Тысячанача́льнік, узя́ўшы яго за руку́ і адышоўшы з ім убок, спытаў: што ж маеш ты паве́даміць мне?
Тады ён сказаў: «Жыды змовіліся прасіць цябе, каб ты вывеў Паўлу заўтра да сынэдрыёну, быццам дакладней выпытаць празь яго;
І ён сказаў: Іудзеі дамо́віліся папрасíць цябе, каб заўтра ты прывёў Паўла ў сінедрыён, бы́ццам дзе́ля таго, каб дакла́дней пра яго распыта́ць;
Але ты ня дайся ўмовіць ім, бо зь іх цікуюць на яго больш за сорак чалавекаў, каторыя пастанавілі пад праклёнам ня есьці ані піць, пакуль не заб’юць яго; і цяпер гатовы, чакаючы твае загады».
але ты не давяра́й ім, бо на яго робяць заса́ду больш за сорак чалавек з іх, якія далí сабе кля́тву, што не будуць есці і піць, пакуль не заб’юць яго; і яны цяпер напагато́ве, чака́ючы твайго распараджэ́ння.
Тады тысячнік адпусьціў маладзёна, расказаўшы яму: «Нікому не кажы, што ты паведаў імне гэта».
Тысячанача́льнік адпусцíў юнака́, загада́ўшы: нікому не кажы́, што ты паве́даміў мне гэта.
І, пагукаўшы двух сотнікаў, сказаў: «На трэйцюю гадзіну ночы прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, семдзясят коньнікаў і дзьвесьце дзіднікаў, ісьці аж да Цэсарэі.
І, паклíкаўшы двух сотнікаў, ён сказаў: падрыхту́йце дзве́сце ўзбро́еных во́інаў, каб ішлі ў Кесары́ю, і се́мдзесят ко́ннікаў, і дзве́сце кап’яно́сцаў, на трэцюю гадзíну но́чы;
І жывёла хай будзе прыгатавана, каб, пасадзіць Паўлу на іх і прывесьці бясьпечна да Хвэлікса, вайводы».
і ўю́чную жывёлу прывядзíце, каб, пасадзíўшы Паўла, даста́віць яго цэлым і здаровым да правíцеля Фе́лікса.
Напісаў і ліст гэткае хормы:
Напісаў ён і пасла́нне такога зместу:
«Кляўд Ліс Найпачэсьліўшаму Вайводзе Хвэліксу — здарованьне.
Кла́ўдзій Лíсій — высокашано́ўнаму правíцелю Фе́ліксу: ра́давацца;
Мужа гэтага Жыды, няўшы, зараз маніліся забіць; я насьпеў із жаўнерамі і выратаваў з рук іхных, даведаўшыся, што ён Рымлянін.
гэтага чалавека, якога Іудзеі схапілі і збіра́ліся забіць, я, прыйшо́ўшы з воінамі, адабра́ў, калі вы́светліў, што ён Ры́мскі грамадзя́нін;
І, зычачы даведацца, у чым вінавалі яго, прывёў яго да сынэдрыёну іхнага,
жада́ючы ж даве́дацца, на якой падста́ве абвінава́чвалі яго, я прывёў яго ў сінедрыён іхні
І знайшоў, што яго вінуюць у нейкіх пытаньнях права іхнага, але няма ў ім ніякае віны, гожае сьмерці альбо зялезаў.
і вы́явіў, што яны абвінава́чваюць яго з-за спрэ́чных пытанняў закону іх, але няма на ім абвінава́чання ні ў чым, ва́ртым смерці або ако́ваў;
Адзяржаўшы ж ведамку праз змову на сьмерць на гэтага чалавека, я без адвалокі паслаў яго да цябе, расказаўшы й жалабнікам гукаць перад табою, што ё супроці яго. Заставайся здароў!»
калі ж мне дане́слі, што Іудзеямі рыхту́ецца змова су́праць гэтага чалавека, я адразу паслаў яго да цябе, загада́ўшы і абвінава́ўцам гаварыць су́праць яго перад табою; быва́й здаро́вы.
Дык жаўнеры, за расказаньням ім, узялі Паўлу й прывялі яго ночы да Антыпатрыды.
Тады воіны, як было́ ім зага́дана, узялí Паўла і павялí яго ўначы́ ў Антыпатры́ду,
А назаўтрае, пакінуўшы коньнікаў ісьці зь ім, зьвярнуліся да гораду.
а на другі дзень, пакíнуўшы ко́ннікаў ісці з ім, вярну́ліся ў крэпасць.
А тыя, прышоўшы да Цэсарэі і аддаўшы ліст вайводзе, пастанавілі Паўлу таксама яму.
Тыя ж, прыйшоўшы ў Кесары́ю і адда́ўшы пасла́нне правíцелю, паставілі перад ім і Паўла.
Прачытаўшы ліст, папытаўся, зь якое краіны ён быў, і даведаўшыся, што зь Кілікі, сказаў:
Правіцель прачытаў пасла́нне і запыта́ў, з якой ён вобласці, а, даве́даўшыся, што з Кілікíі,
«Я выслухаю цябе, як пазоўнікі твае таксама стануць. І расказаў яго сьцерагчы ў доме Гірадавым.
сказаў: я вы́слухаю цябе, калі прыбу́дуць і абвінава́ўцы твае. І загада́ў трыма́ць яго пад ва́ртаю ў Ірадавай прэто́рыі.