Дзеі 12 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Таго часу Гірад кароль наклаў рукі на некатрых із царквы, каб зрабіць ім атугу.
А ў той час цар Ірад узня́ў руку́, каб учынíць зло некато́рым з тых, што нале́жалі да царквы;
І забіў Якава, брата Яанавага, мячом.
ён забіў мячом Іакава, брата Іаа́навага,
А бачачы, што гэта прыемна Жыдом, дадаў, арыштаваўшы й Пётру. Тады былі дні праснакоў.
а ўбачыўшы, што гэта падаба́ецца Іудзеям, вы́рашыў яшчэ ўзяць і Пятра; тады былí дні праснако́ў;
І, няўшы яго, пасадзіў у вязьніцу, паручыўшы чатыром чацьвёркам жаўнераў вартаваць яго, манючыся просьле Пасхі вывесьці яго люду.
і ўзяў ён яго, пасадзіў у цямніцу і даручы́ў чатыром чацвёркам воінаў сцерагчы́ яго, ма́ючы наме́р пасля Пасхі вы́весці яго да народу.
Дык Пётра быў дзяржаны ў вязьніцы; але гарачую малітву царква чыніла Богу за яго.
Такім чынам, Пятра сцераглі ў цямніцы; а царква стара́нна малілася за яго Богу.
І як Гірад ішоў вывесьці, тае ночы Пётра спаў памеж двух жаўнераў, скаваны двума ланцугамі, і вартаўнікі ля дзьвярэй сьцераглі вязьніцу.
Калі ж Ірад збіраўся вы́весці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двума́ во́інамі, звя́заны двума ланцуга́мі, і вартавы́я каля дзвярэ́й ахо́ўвалі цямніцу.
І гля, ангіл Спадароў прышоў туды, і сьвятліня зазьзяла ў будоўлі, і, штырхнуўшы ў бок Пётру, пабудзіў яго, і сказаў: «Устань борзда». І ланцугі апалі з рук ягоных.
І вось, Ангел Гасподні з’явіўся, і святло заззяла ў памяшка́нні; штурхну́ўшы Пятра ў бок, ён разбудзіў яго, ка́жучы: уставай хутчэй. І апа́лі ланцугí з яго рук.
І ангіл сказаў яму: «Паперажыся й азуйся». І ён зрабіў так. І кажа яму: «Апрані вопратку сваю і йдзі за імною».
І сказаў яму Ангел: падперажы́ся і абу́й санда́лі свае. Ён зрабіў гэта. Тады кажа яму: надзень во́пратку сваю і ідзі за мною.
І, вышаўшы, ішоў за ім, і ня ведаў, што гэта было запраўды роблена ангілам, але думаў, што відзе відзень.
І, вы́йшаўшы, ён ішоў за ім, і не ведаў, што было́ ная́ве тое, што робіць Ангел, а думаў, што ба́чыць відзе́нне.
І прайшоўшы першую а другую варту, яны прышлі да зялезнае брамы, што вяла да места, каторая сама адчынілася ім; і зышлі на вуліцу, і якга ангіл пакінуў яго.
Прайшоўшы пе́ршую ва́рту і другу́ю, яны прыйшлі да жале́знай бра́мы, якая вяла́ ў горад і якая сама сабою адчынíлася перад імі; і, вы́йшаўшы, яны прайшлі адну ву́ліцу, і адразу Ангел адышоў ад яго.
Тады Пётра, ачуціўшыся, сказаў: «Цяпер я ведаю запраўды, што Спадар паслаў ангіла Свайго ўзяць мяне з рукі Гірадавае і ўсяго спадзяваньня люду жыдоўскага».
Тады Пётр, прыйшо́ўшы ў сябе, сказаў: цяпер ведаю сапраўды́, што паслаў Гасподзь Ангела Свайго і зба́віў мяне ад рукí Ірада і ад усяго, чаго чакаў народ Іудзейскі.
І, усьведаміўшы гэта, прышоў да дому Марыі, маці Яанавае, каторага мянушка была Марка, ідзе шмат зьбіралася й маліліся.
Агле́дзеўшыся, ён прыйшоў да дома Марыі, маці Іаана, называ́нага Маркам, дзе многія сабра́ліся і маліліся.
І як ён пастукаў у варотцы брамы, служэбка, імям Рода, вышла паелухаць;
Калі Пётр пасту́каў у дзверы бра́мы, падышла паслухаць служа́нка, па імені Ро́да,
І, пазнаўшы голас Пётраў, з радасьці не адчыніла варотцаў, але, убегшы, паведаміла, што Пётра стаіць ля брамы.
і, пазна́ўшы голас Пятра, яна ад радасці не адчынíла бра́мы, а, пабегшы, паве́даміла, што Пётр стаіць каля бра́мы.
А яны сказалі ёй: «Ты здурэла». Але яна цьвердзіла, што так было. Яны ж сказалі: «Гэта ангіл ягоны».
Яны ж сказалі ёй: ты не ў сваім розуме. Але яна насто́йвала на сваім. Яны ж казалі: гэта Ангел яго.
Але Пётра далей стукаў. І, адчыніўшы, абачылі яго й зумеліся.
А Пётр праця́гваў сту́кацца; яны, адчыніўшы, убачылі яго і дзіву далíся.
Даўшы ім знак рукою маўчаць, ён паведаў ім, як Спадар вывеў яго зь вязьніцы, і сказаў: «Накажыце праз гэта Якаву а братом». І вышаў, і пайшоў на іншае месца.
Даўшы ім знак рукою, каб маўчалі, ён расказаў ім, як Гасподзь вы́веў яго з цямніцы, потым сказаў: паве́даміце пра гэта Іакаву і брата́м. І, вы́йшаўшы, ён накірава́ўся ў іншае месца.
А як разаднела, была немалая паруха памеж жаўнераў з тога, што сталася зь Пётрам.
А калі настаў дзень, узнíк вялікі перапало́х сярод воінаў з-за таго, што зда́рылася з Пятром;
І шукаў яго Гірад, і не знайшоў; выпытаўшы вартаўнікоў, казаў завесьці іх на кару сьмерці. І зышоў зь Юдэі да Цэсарэі, і заставаўся там.
Ірад жа, пашука́ўшы яго і не знайшоўшы, засудзíў вартаўніко́ў і загада́ў вы́весці іх; і, адпра́віўшыся з Іудзеі ў Кесары́ю, застава́ўся там.
І быў ён злы на Тыран а Сыдонян; яны ж прышлі да яго згодна і, сьхінуўшы на свой бок Уласта, дворнага маршалку каралеўскага, шукалі міру, бо край іхны жывіўся з каралеўскага.
Ірад быў разгне́ваны на жыхароў Ты́ра і Сідо́на; а яны па агу́льнай зго́дзе прыбылí да яго і, схілíўшы на свой бок Ула́ста, пасце́льніка царскага, прасілі міру, таму што іх краіна кармíлася ад царскай.
Прызначанага ж дня, адзеўшыся ў вадзецьце каралеўскае і сеўшы на павышаным седаве, Гірад меў прынародную мову да іх;
У прызна́чаны дзень Ірад, апрану́ўшы адзе́нне царскае і сеўшы на ўзвышэ́нні, прамаўля́ў да іх;
А люд гукаў: «Голас божы, а ня людзкі!»
а народ ускліка́ў: гэта голас Бога, а не чалавека.
І якга ангіл Спадароў выцяў яго, бо ён ня даў хвалы Богу; і ён, сточаны чэрвямі, выпусьціў дух.
І адразу паразíў яго Ангел Гасподні за тое, што ён не ўзнёс славы Богу; і ён, з’е́дзены чарвя́мі, спусцíў дух.
Слова ж Божае расло а пашыралася.
Слова ж Божае ўзраста́ла і мно́жылася.
А Варнава а Саўла зьвярнуліся зь Ерузаліму, справіўшы службу, паручаную ім, узяўшы таксама із сабою Яана, мянушкаю Марка.
А Варнава і Саўл вярнуліся з Іерусаліма, вы́канаўшы служэ́нне і ўзя́ўшы з сабою таксама Іаана, назва́нага Маркам.