Дзеі 12 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Таго часу Гірад кароль наклаў рукі на некатрых із царквы, каб зрабіць ім атугу.
Тым часам цар Ірад падняў рукі на некаторых людзей царквы, каб зрабіць ім ліха,
І забіў Якава, брата Яанавага, мячом.
і забіў Якава, брата Янавага, мечам;
А бачачы, што гэта прыемна Жыдом, дадаў, арыштаваўшы й Пётру. Тады былі дні праснакоў.
а ўбачыўшы, што гэта даспадобы Юдэям, сьледам за тым узяў і Пятра, — тады былі дні праснакоў, —
І, няўшы яго, пасадзіў у вязьніцу, паручыўшы чатыром чацьвёркам жаўнераў вартаваць яго, манючыся просьле Пасхі вывесьці яго люду.
і, затрымаўшы яго, пасадзіў у цямніцу і загадаў чатыром чацьверыкам воінаў вартаваць яго, маючы намер пасьля Пасхі вывесьці яго да людзей.
Дык Пётра быў дзяржаны ў вязьніцы; але гарачую малітву царква чыніла Богу за яго.
І так Пятра вартавалі ў цемры; тым часам царква рупліва малілася за яго Богу.
І як Гірад ішоў вывесьці, тае ночы Пётра спаў памеж двух жаўнераў, скаваны двума ланцугамі, і вартаўнікі ля дзьвярэй сьцераглі вязьніцу.
Калі ж Ірад хацеў вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двума воінамі, скаваны двума ланцугамі, і ахова каля дзьвярэй вартавала цямніцу.
І гля, ангіл Спадароў прышоў туды, і сьвятліня зазьзяла ў будоўлі, і, штырхнуўшы ў бок Пётру, пабудзіў яго, і сказаў: «Устань борзда». І ланцугі апалі з рук ягоных.
І вось, анёл Гасподні стаў перад ім, і сьвятло азарыла цямніцу; анёл, штурхнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго і сказаў: устань хутчэй! І ланцугі апалі з рук ягоных.
І ангіл сказаў яму: «Паперажыся й азуйся». І ён зрабіў так. І кажа яму: «Апрані вопратку сваю і йдзі за імною».
І сказаў яму анёл: падперажыся і абуйся. Ён зрабіў так. Пасьля кажа яму: апрані адзежу тваю і ідзі за мною.
І, вышаўшы, ішоў за ім, і ня ведаў, што гэта было запраўды роблена ангілам, але думаў, што відзе відзень.
Пётр выйшаў і рушыў усьлед за ім, ня ведаючы, што тое, што робіць анёл, ёсьць сапраўднае, а думаючы, што бачыць уяву.
І прайшоўшы першую а другую варту, яны прышлі да зялезнае брамы, што вяла да места, каторая сама адчынілася ім; і зышлі на вуліцу, і якга ангіл пакінуў яго.
Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнае брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася ім; яны выйшлі, і прайшлі адну вуліцу, калі раптам анёла ня стала зь ім.
Тады Пётра, ачуціўшыся, сказаў: «Цяпер я ведаю запраўды, што Спадар паслаў ангіла Свайго ўзяць мяне з рукі Гірадавае і ўсяго спадзяваньня люду жыдоўскага».
Тады Пётр, апамятаўшыся, сказаў: цяпер я бачу напраўду, што Гасподзь паслаў анёла Свайго і выбавіў мяне з рукі Ірада і ад усяго, чаго чакаў люд Юдэйскі.
І, усьведаміўшы гэта, прышоў да дому Марыі, маці Яанавае, каторага мянушка была Марка, ідзе шмат зьбіралася й маліліся.
І, агледзеўшыся, прыйшоў да дома Марыі, маці Яна, якога звалі Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся.
І як ён пастукаў у варотцы брамы, служэбка, імям Рода, вышла паелухаць;
А калі Пётр пастукаўся ў браму, дык выйшла паслухаць служанка, якую звалі Рода;
І, пазнаўшы голас Пётраў, з радасьці не адчыніла варотцаў, але, убегшы, паведаміла, што Пётра стаіць ля брамы.
І, пазнаўшы Пятроў голас, ад радасьці не адчыніла брамы, а ўбегшы абвясьціла, што Пётр стаіць каля брамы.
А яны сказалі ёй: «Ты здурэла». Але яна цьвердзіла, што так было. Яны ж сказалі: «Гэта ангіл ягоны».
А тыя сказалі ёй: ці ў сваім ты розуме? Але яна стаяла на сваім. А яны казалі: гэта анёл ягоны.
Але Пётра далей стукаў. І, адчыніўшы, абачылі яго й зумеліся.
Тым часам Пётр стукаўся; калі ж адчынілі, дык убачылі яго і зьдзівіліся.
Даўшы ім знак рукою маўчаць, ён паведаў ім, як Спадар вывеў яго зь вязьніцы, і сказаў: «Накажыце праз гэта Якаву а братом». І вышаў, і пайшоў на іншае месца.
А ён, даўшы рукою знак, каб маўчалі, расказаў ім, як Гасподзь вывеў зь цямніцы, і сказаў: перакажэце ўсё гэта Якаву і братам. Пасьля выйшаў і пайшоў у іншую мясьціну.
А як разаднела, была немалая паруха памеж жаўнераў з тога, што сталася зь Пётрам.
Калі настаў дзень, паміж воінамі ўсчалася вялікая трывога: што сталася зь Пятром;
І шукаў яго Гірад, і не знайшоў; выпытаўшы вартаўнікоў, казаў завесьці іх на кару сьмерці. І зышоў зь Юдэі да Цэсарэі, і заставаўся там.
а Ірад, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, судзіў вартавых і загадаў пакараць іх сьмерцю; потым ён выправіўся зь Юдэеі ў Кесарыю і там заставаўся.
І быў ён злы на Тыран а Сыдонян; яны ж прышлі да яго згодна і, сьхінуўшы на свой бок Уласта, дворнага маршалку каралеўскага, шукалі міру, бо край іхны жывіўся з каралеўскага.
Ірад быў у гневе на Тырыйцаў і Сіданійцаў: а яны, змовіўшыся, прыйшлі да яго і схіліўшы на свой бок Уласта, пасьцельніка царскага, прасілі міру, бо іх вобласьць кармілася з царскай.
Прызначанага ж дня, адзеўшыся ў вадзецьце каралеўскае і сеўшы на павышаным седаве, Гірад меў прынародную мову да іх;
У назначаны дзень Ірад, убраўшыся ў царскія строі, сеў на судзілішчы перад людзьмі і гаварыў да іх;
А люд гукаў: «Голас божы, а ня людзкі!»
а люд крычаў: гэта голас Бога, а не чалавека!
І якга ангіл Спадароў выцяў яго, бо ён ня даў хвалы Богу; і ён, сточаны чэрвямі, выпусьціў дух.
Але раптам анёл Гасподні паразіў яго за тое, што ён ня ўзьнёс хвалы Богу; і ён заедзены чарвякамі, сканаў.
Слова ж Божае расло а пашыралася.
А слова Божае расло і пашыралася.
А Варнава а Саўла зьвярнуліся зь Ерузаліму, справіўшы службу, паручаную ім, узяўшы таксама із сабою Яана, мянушкаю Марка.
А Варнава і Саўл, выканаўшы даручэньне, вярнуліся зь Ерусаліма (ў Атныахію), узяўшы з сабою і Яна, якога звалі Маркам.