Дзеі 7 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Тады сказаў найвышшы сьвятар: «Ці так гэта?»
Тады сказаў першасьвятар: ці так гэта?
А ён сказаў: «Мужы браты і айцове, паслухайце! Бог славы зьявіўся айцу нашаму Абрагаму, як ён быў у Месопотаме, уперад чымся ён жыхарыў у Гаране,
А ён сказаў: мужы браты і бацькі! паслухайце. Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму ў Месапатаміі, да перасяленьня яго ў Харан,
І сказаў яму: "Выйдзі ізь зямлі свае і ад радні свае, і прыйдзі да зямлі, што Я пакажу табе".
і сказаў яму: выйдзі зь зямлі тваёй і з радзіны тваёй і з дома бацькі твайго, і ідзі ў зямлю, якую пакажу табе.
Тады, вышаўшы ізь зямлі Хальдэйскае, ён жыхарыў у Гаране; а стуль, па сьмерці айца ягонага, Бог перасяліў яго да гэтае зямлі, у каторай цяпер жыхарыце.
Тады ён выйшаў зь зямлі Халдэйскай і пасяліўся ў Харане; а адтуль, пасьля сьмерці бацькі ягонага, перасяліў яго Бог у гэтую зямлю, дзе вы цяпер жывяце;
І ня даў яму ў ёй спадку ані на ступу нагі, але абяцаў даць яе ў дзяржаньне яму а насеньню ягонаму па ім, як ён ня меў дзіцяці.
і ня даў яму на ёй спадчыны ні на ступак нагі, а абяцаўся даць яе на валоданьне яму нашчадкам ягоным пасьля яго, калі ён яшчэ быў бязьдзетны.
І сказаў Бог гэтак: "Насеньне твае будзе прыходным у зямлі чужой, і паняволяць іх, і будуць блага абходзіцца чатырыста год.
І сказаў яму Бог, што нашчадкі ягоныя будуць прыхаднямі ў чужой зямлі і будуць у рабстве і прыгнёце гадоў чатырыста.
І народ, у каторага яны будуць нявольнікамі, я буду судзіць, сказаў Бог; і просьле гэтага яны выйдуць і будуць кланяцца Імне на гэтым месцу".
Але Я, сказаў Бог, учыню суд над тым народам, у якога яны будуць у рабстве; і пасьля таго яны выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым месцы.
І даў яму змову абразаньне. І гэтак ён нарадзіў Ісака, і абрэзаў яго восьмага дня; а Ісак Якава, а Якаў — двананцацёх патрыярхаў.
І даў яму запавет абразаньня. Пасьля гэтага ён спарадзіў Ісаака і абрэзаў яго восьмага дня; а Ісаак спарадзіў Якава, а Якаў — дванаццаць патрыярхаў.
Патрыярхі ж, завідуючы Язэпу, прадалі Яго да Ягіпту; але Бог быў ізь ім,
Патрыярхі з зайздрасьці прадалі Язэпа ў Егіпет; але Бог быў зь ім,
І выбавіў яго ад усяе атугі, і даў яму зычлівасьць а мудрасьць у ваччу фараона, караля ягіпецкага, і ён прызначыў яго за начэльніка над Ягіптам а над усім домам сваім.
і выбавіў яго ад усіх уціскаў ягоных, і дараваў мудрасьць яму і ўпадабаньне фараона, цара Егіпецкага, і той паставіў яго начальнікам над Егіптам і над усім домам сваім.
І галадоў настала і вялікая гарота ў вусёй зямлі Ягіпецкай а Канаанскай, і бацькі нашы не знаходзілі еміны.
І прыйшоў голад і вялікі смутак на ўсю зямлю Егіпецкую і Ханаанскую, і бацькі нашыя не знаходзілі, чым пракарміцца.
Якаў жа, пачуўшы, што ё збожжа ў Ягіпце, паслаў бацькоў нашых першы раз.
А Якаў, пачуўшы, што ёсьць пшаніца ў Егіпце, паслаў туды бацькоў нашых першым разам;
А другім разам Язэп даўся пазнаць братом сваім, і радзіма Язэпава стала ведамнай фараону.
а як прыйшлі яны другім разам, Язэп адкрыўся братам сваім і вядомы стаў фараону род Язэпаў.
І Язэп паслаў і пагукаў да сябе Якава, айца свайго, і ўсю радню семдзясят пяць душаў.
Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якава і ўсю радзіну сваю, семдзесят пяць душ.
І зышоў Якаў да Ягіпту, і памер, ён а бацькі нашы;
Якаў перайшоў у Егіпет, і памёр сам і бацькі нашыя;
І былі перанесены да Сыхему і пакладзены ў гробе, што Абрагам быў купіўшы за срэбла ў сыноў Гамора, айца Сыхемовага.
і перанесены былі ў Сіхем і пакладзены ў магілу, якую купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Эмора Сіхемавага.
А як бліжэла пара абятніцы, каторую Бог прысягнуў Абрагаму, люд рос а мнажыўся ў Ягіпце,
А як наблізіўся час збыцца абяцаньню, за якое прысягнуў Бог Абрагаму, народ разрастаўся і множыўся ў Егіпце,
Пакуль паўстаў іншы кароль, што ня знаў Юзэпа.
аж пакуль ня прыйшоў новы цар, які ня ведаў Язэпа;
Гэты хітра абходзіўся з родам нашым і сіліў айцоў нашых выкідаць дзеці свае, каб яны не заставаліся жывыя.
гэты, намысьляючы ліхое супроць роду нашага, уціскаў бацькоў нашых, вымушаючы іх кідаць дзяцей сваіх, каб ня выжывалі.
У тым часе нарадзіўся Масей і быў пазорны. Тры месяцы ён быў жыўлены ў доме айца свайго,
У гэты час нарадзіўся Майсей і быў да спадобы Богу; тры месяцы яго кармілі ў доме бацькі ягонага,
А як быў выкінены, дачка фараонава ўзяла яго й прынесла да сябе за сына.
А як выкінулі, узяла яго дачка фараонава і выхавала яго ў сябе як сына.
І навытыраны быў Масей у вусёй мудрасьці Ягіпцян, і быў магутны ў словах і ўчынках.
І навучылі Майсея ўсёй мудрасьці Егіпецкай і быў моцны ў словах і дзеях.
А як выпаўнілася яму сорак год, прышло яму на сэрца даведацца да братоў сваіх, сыноў Ізраелявых.
А як споўнілася яму сорак гадоў, запала яму ў сэрца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраілевых.
І, абачыўшы аднаго крыўджанага, абараніў яго і памсьціўся за ўцісьненага, забіваючы Егіпцяніна.
І, убачыўшы, як крыўдзілі аднаго, заступіўся і адпомсьціў за пакрыўджанага, забіўшы Егіпцяніна.
Ён думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог рукою ягонай даець ім вывальненьне; але яны не зразумелі.
Ён думаў, зразумеюць браты яго, што Бог рукою ягонаю дае ім збавеньне; але яны не зразумелі.
А назаўтрае ён паказаўся да іх, як яны біліся, і стараўся іх пагадзіць, кажучы: "Мужы, вы браты, нашто крыўдзіце адзін аднаго?"
На другі дзень, калі некаторыя зь іх сварыліся, ён зьявіўся і схіляў іх да згоды, кажучы: вы — браты; навошта крыўдзіце адзін аднаго?
Але тый, што крыўдзіў суседа свайго, адапхнуў яго, кажучы: "Хто прызначыў цябе за начэльніка а судзьдзю над намі?
А той, што крыўдзіў блізкага, адштурхнуў яго, кажучы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю над намі?
Ці ня хочаш ты забіць мяне, як забіў Егіпцяніна ўчорах?"
Ці ня хочаш ты забіць і мяне, як учора забіў Егіпцяніна?
І ўцёк Масей на гэтае слова, і стаў прыходным у зямлі Мадзямскай, ідзе ў яго нарадзілася двух сыноў.
Ад гэтых словаў Майсей уцёк і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыямскай, дзе нарадзіліся ад яго два сыны.
А як скончылася сорак год, зьявіўся яму Ангіл на пустыні Сынайскае гары ў поламі агню ў кусьце.
Як мінула сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні, дзе гара Сынайская, анёл Гасподні ў полымі вогненнага цярновага куста.
І Масей, абачыўшы, дзіваваўся зь відзені; а як падходзіў разгледзець, быў голас Спадароў:
Майсей убачыўшы зьдзівіўся з уявы; а калі падыходзіў разгледзець, быў яму голас Гасподні:
"Я Бог айцоў тваіх, Бог Абрагама а Ісака а Якава". І Масей закалаціўся, і ня сьмеў назіраць.
Я Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагамаў і Бог Ісаакаў і Бог Якаваў. Майсей, ахоплены страхам, не адважыўся глядзець.
І сказаў яму Спадар: "Разуй вобуй з ног сваіх, бо месца, на каторым ты стаіш, ё зямля сьвятая.
І сказаў яму Гасподзь: скінь абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
Я нагледзеўся на благое абходжаньне зь людам Маім у Ягіпце, і чуў стогн іхны, і зышоў вывальняць іх; дык ідзі, Я пашлю цябе да Ягіпту".
Бачу Я ўціск народу Майго ў Егіпце і чую стогны ягоныя, і сышоў выбавіць яго; дык ідзі ж, Я пашлю цябе ў Егіпет.
Гэтага Масея, каторага яны адхінулі, сказаўшы: "Хто прызначыў цябе за начэльніка а судзьдзю?", гэтага Бог за начэльніка а выбавіцеля паслаў рукою Ангіла, што зьявіўся яму ў кусьце.
Гэтага Майсея, якога яны адцураліся, сказаўшы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю? — яго Бог рукою анёла, што зьявіўся яму ў цярновым кусьце, паслаў начальнікам і ратаўніком.
Гэты вывеў іх, учыніўшы чудосы а знакі ў зямлі Ягіпецкай а на Чырвоным мору а на пустыні сорак год.
Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і азнакі ў зямлі Егіпецкай і ў Чэрмным моры і ў пустыні за сорак гадоў.
Гэта тый Масей, што сказаў сыном Ізраелявым: "Прароку ўзьніме Бог вам із братоў вашых, як мяне; Яго слухайце".
Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраілевым: Прарока паставіць вам Гасподзь Бог ваш з братоў вашых: Яго слухайце.
Гэта тый, што быў у збору на пустыні з Ангілам, каторы казаў яму на Сынайскай гары, і айцом нашым, каторы прыняў жывыя словы, каб даць вам,
Гэта той самы, які быў на сходзе ў пустыні з анёлам, што гаварыў зь ім на гары Сынаі, і з бацькамі нашымі, і які прыняў жывыя словы, каб перадаць нам,
Катораму айцове нашы не хацелі быць паслухменыя, але адапхнулі яго ад сябе і ў сэрцах сваіх зьвярнуліся да Ягіпту,
якому бацькі нашыя не хацелі быць паслухмянымі, а адмовіліся ад яго і павярнуліся сэрцамі сваімі да Егіпта,
Кажучы Аарону: "Зрабі нам багі, каторыя йшлі б перад намі, бо з Масеям гэтым, што вывеў нас ізь зямлі Ягіпецкае, ня ведаем, што прыгадзілася".
сказаўшы Аарону: зрабі нам багоў, якія б ішлі наперадзе нас, бо з Майсеем, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што здарылася.
І тых дзён зрабілі цялё, і абраклі аброк балвану, і цешыліся з работы рук сваіх собскіх.
І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся перад творам рук сваіх.
Бог жа адвярнуўся й выдаў іх служыць войску нябёснаму, як напісана ў кнігах прароцкіх: "Ціж вы абракалі Імне зарэзы а аброкі сорак год на пустыні, доме Ізраеляў?
А Бог адвярнуўся і пакінуў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: «дом Ізраілеў! Ці прыносілі вы Мне заколатае і ахвяры за сорак гадоў у пустыні?
Але вы ўзялі будан Молахаў і гвязду бога Рэмфана, каторых зразы вы зрабілі, каб кланяцца ім: і Я перасялю вас за Бабілён".
Вы прынялі скінію Малохаву і зорку бога вашага Рэмфана, выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім: і я перасялю вас за Вавілон».
Будан сьветчаньня мелі айцове нашы на пустыні, як казаў Тый, што гукаў Масею зрабіць гэта подле зразы, што ён бачыў;
Скінія сьведчаньня была ў бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Хто сказаў Майсею зрабіць яе паводле ўзору, ім бачанага.
Каторы ж, прыняўшы ад айцоў сваіх, айцове нашы ўнесьлі зь Ісусам, як уходзілі ў дзяржаву народаў, выгнаных Богам ад віду айцоў нашых.
Бацькі нашыя зь Ісусам, узяўшы яе, унесьлі ў валоданьні народаў, прагнаных Богам ад аблічча бацькоў вашых. Так было да дзён Давідавых;
Гэтак было аж да дзён Давіда, каторы знайшоў ласку ў Бога і прасіў знайсьці месца пад вітальню Богу Якававаму.
гэты знайшоў мілату перад Богам і маліў, каб знайсьці жытло Богу Якаваму.
Салямон жа пастанавіў Яму дом.
А Саламон збудаваў Яму дом.
Але Навышні жывець ня ў доме, зробленым рукамі, як кажа прарока:
Але Ўсявышні не ў рукатворных храмах жыве, як кажа прарок:
"Неба пасад Мой, і зямля казулька пад ногі Мае. Што за дом пастановіце Імне, кажа Спадар, альбо ідзе месца дзеля супачынку Майго?
«неба — трон Мой, і зямля — падножжа ног Маіх; які дом збудуеце Мне, кажа Гасподзь, альбо якое месца на адпачынак Мой?
Ці не Мая рука зрабіла ўсе гэта?"
Ці ж не Мая рука стварыла ўсё гэта?».
О каляныя шыі і неабрэзанага сэрца а вушэй! вы заўсёды працівіліся Духу Сьвятому, як айцове вашы, так і вы.
Цьвёрдахрыбетныя! людзі зь неабрэзанымі сэрцамі і вушамі! вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы:
Каго з прарокаў не перасьледавалі айцове вашы? Яны забілі тых, што наперад абяшчалі прыход Справядлівага, Каторага вы сталі ізраднікамі а забіўцамі,
каго ж бо з прарокаў ня гналі бацькі вашыя? яны забілі прадвесьнікаў прышэсьця Праведніка, прадажнікамі і забойцамі Якога сталіся сёньня вы,
Вы, каторыя прынялі права, як загадана Ангіламі, і не захавалі яго».
вы, якія прынялі ўстанаўленьнем анёльскім закон, і не захавалі.
Тады, слухаючы гэта, яны ірваліся сэрцам і скрыгаталі на яго зубамі.
Слухаючы гэта, яны рваліся сэрцамі і скрыгаталі на яго зубамі.
Але, будучы поўны Духа Сьвятога, уцеміўшыся ачыма сваімі ў неба, ён бачыў славу Божую а Ісуса, па правіцы Бога стаячага;
А Сьцяпан, напоўнены Духам Сьвятым, паглядзеўшы на неба, убачыў Божую славу і Ісуса, Які стаяў праваруч Бога,
І сказаў: «Гля, я бачу нябёсы рашчыненыя і Сына Людзкога, па правіцы Бога стаячага».
і сказаў: вось, бачу я нябёсы расчыненыя і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога.
Але яны, закрычэўшы вялікім голасам, затыкалі вушы свае, і згодна пусьціліся на яго,
Але яны, закрычаўшы моцным голасам, затыкалі вушы свае, і аднадушна кінуліся на яго,
І, выкінуўшы за места, каменавалі яго. Сьветкі ж паклалі адзецьці свае ля ног маладзёна, званага Саўла.
і, вывеўшы за горад, пачалі біць яго камянямі. А сьведкі паклалі сваю адзежу да ног юнака, якога звалі Саўлам.
І каменавалі Сьцепана, каторы маліўся й казаў: «Спадару Ісусе, прымі дух мой!»
І білі камянямі Сьцяпана, які маліўся і казаў: Госпадзе Ісусе! прымі дух мой!
І, уклякшы, загукаў вялікім голасам: «Спадару, не залічы ім грэху гэтага». І, сказаўшы гэта, уснуў.
І, схіліўшы калені, усклікнуў моцным голасам: Госпадзе! ня лічы ім грэху гэтага! І, сказаўшы гэта, спачыў.