Дзеі 2 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І, як канчаўся дзе́нь Пяцідзясятніцы, усе́ былі аднадушна разам.
 
Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе яны былі аднадушна разам.

І зьнячэўку пачуўся гук з неба, быццам ад наляце́ўшага буйнага ве́тру, ды напоўніў уве́сь дом, дзе́ яны сядзе́лі.
 
І раптам зрабіўся шум зь неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі.

І паказаліся ім падзе́леныя языкі, быццам агнявыя, ды пасе́лі на кожным із іх.
 
І зьявіліся ім языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусьціліся па адным на кожнага зь іх.

І напоўніліся ўсе́ Духам Сьвятым, ды пачалі гутарыць іншымі языкамі, так, як Дух Сьвяты даў ім прамаўляці.
 
І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць.

Былі-ж у Ерузаліме Жыды, мужы набожныя, з усякага народу пад не́бам.
 
А ў Ерусаліме былі Юдэі, людзі набожныя, з усякага народу пад нябёсамі.

Калі пачуўся гук гэты, зыйшоўся народ дый устрывожыўся: бо кожын чуў, што яны гавораць ягонай гутаркай.
 
Калі зрабіўся гэты шум, сабраліся людзі, і захваляваліся, бо кожны чуў іх, што гавораць на ягонай мове.

І здуме́ліся ўсе́ і дзіваваліся, кажучы адзін аднаму: Вось усе́ гэтыя, што гутараць, ці-ж не Галіле́йцы?
 
І ўсе зьдзіўляліся і дзівавалі, кажучы паміж сабою: гэтыя, што гавораць, ці ня ўсе Галілеяне?

Дык як-жа мы чуем кожын сваю гутарку, у якой урадзіліся,
 
Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся,

Парфяне й Мідзяне й Эляміты, і жыхары Мэзапатаміі, Юдэі й Каппадокіі, Понту і Азіі,
 
Парфяне і Мідзяне і Эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Асіі,

Фрыгіі й Памфіліі, Эгіпту й часьцін Лівіі, сумежных з Кірэнай, ды прыходжыя Рымляне, Жыды й наве́рненыя,
 
Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, што мяжуюцца з Кірынеяй, і прышлыя з Рыма, Юдэі і празеліты,

Крыцяне ды Арабы, — чуем, што яны гавораць нашымі языкамі аб ве́лічы Божай?
 
Крыцяне і Аравіцяне, — чуем іх, як гавораць нашымі мовамі пра вялікія дзеі Божыя?

І здумяваліся ўсе́ і ў недаўменьні гаварылі адзін да аднаго: Што-б гэта магло быць?
 
І зьдзіўляліся ўсе і недаўмёна казалі адзін аднаму: што гэта азначае?

Іншыя-ж, насьмяхаючыся, казалі, што яны ўпіліся маладым віном.
 
А іншыя, насьміхаючыся, казалі: яны апіліся салодкім віном.

Пётр жа з адзінаццацьма́, устаўшы, падняў голас свой і прамовіў да іх: Мужы ІОдэйскія і ўсе жыхары Ерузалімскія, няхай будзе вам гэта ве́дама, і выслухайце словы мае́:
 
А Пётр, стаўшы з адзінаццацьцю, узвысіў голас свой і прамовіў да іх: мужы Юдэйскія і ўсе, хто жыве ў Ерусаліме! гэта хай будзе вам вядома, і слухайце словы мае:

Бо яны не п’яныя, як думаеце: яшчэ-ж трэцяя гадзіна дня.
 
яны не апіліся, як вы думаеце, бо цяпер трэйцяя гадзіна дня;

А ёсьць тое, што сказана праз прарока Іоіля:
 
а гэта ёсьць прадказанае прарокам Ёілем:

І будзе ў апошнія дні, кажа Бог: выльлю Духа Майго на кожнае цела; і будуць прарочыць сыны вашыя й дачкі вашыя; і дзяцюкі вашыя будуць бачыць зьявы, і старшым вашым сны сьніцца будуць;
 
«І будзе ў апошнія дні, кажа Бог, вылью ад Духа Майго на ўсякую плоць; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і хлопцы вашыя будуць бачыць відзежы, і старцы вашыя снамі на розум наставяцца;

і на рабоў Маіх ды на рабынь Маіх выльлю ў дні гэныя Духа Майго, і будуць прарочыць.
 
і на рабоў Маіх і на рабыняў Маіх у тыя дні вылью ад Духа Майго, і будуць прарочыць.

І дам цуды ў не́бе наве́рсе і знакі на зямлі ўнізе, кроў і агонь і туман дымовы.
 
І дам цуды на небе ўгары і азнакі на зямлі ўнізе, кроў і вагонь і куродым:

Сонца абе́рнецца ў це́мру і ме́сяц у кроў перш, чым прыйдзе дзе́нь Гасподні, вялікі й слаўны.
 
сонца абернецца ў цемру, і месяц у кроў, перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і прасьветлены.

І будзе: кожын, хто прызаве́ціме імя Госпада, спасе́цца (Іоіль 2:28−32).
 
І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца».

Мужы Ізраільскія, выслухайце гэтыя словы: Ісуса Назарэя, мужа, услаўленага міжы вамі ад Бога сілаю й цудамі ды знакамі, што рабіў праз Яго Бог сярод вас, як і самі ве́даеце,
 
Мужы Ізраільскія! выслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужа, засьведчанага вам ад Бога сіламі і цудамі і азнакамі, якія Бог утварыў празь Яго сярод вас, як і самі ведаеце,

Яго, выданага водле азначанай рады й прадба́чаньня Божага, вы ўзялі і, рукамі беззаконных прыбіўшы цьвякамі, забілі;
 
Яго, паводле пэўнае рады і з прадбачаньня Божага выдадзенага, вы ўзялі і, прыбіўшы цьвікамі рукамі беззаконьнікаў, забілі;

вось, Яго Бог ускрасіў, вызваліўшы з мукаў сьме́рці, бо-ж немагчыма было, каб яна Яго ўдзяржала.
 
але Бог уваскрэсіў Яго, разарваўшы повязі сьмерці, бо ёй немагчыма было ўтрымаць Яго.

Бо Давід кажа аб Ім: Ме́ў я Госпада перад вачыма заўсёды: бо Ён праваруч мяне́, каб я не захістаўся.
 
Бо Давід кажа пра Яго: «бачыў я перад сабою Госпада заўсёды; бо Ён праваруч мяне, каб Я не пахіснуўся.

Дзеля гэтага ўце́шылася сэрца маё, ды ўзрадаваўся язык мой, дый це́ла маё супачыне ў надзе́і.
 
Таму ўзрадавалася сэрца маё, і ўзьвесяліўся язык мой; нават і плоць мая супакоіцца ў спадзяваньні,

Бо не пакікеш душы мае́й у пе́кле, дый не дасі Сьвятому Твайму бачыць тле́ньне.
 
бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі Сьвятому Твайму пабачыць тленьне.

Ты даў мне́ пазнаць пуціну жыцьця; Ты напоўніш мяне́ радасьцяй перад абліччам Тваім (Псальм 15:8−11).
 
Ты даў мне спазнаць дарогу жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю прад абліччам Тваім».

Мужы браты! Дайце мне́ сказаць вам адкрыта аб прабацьку Давідзе, што й паме́р, і пахован, і магіла ягоная ў нас па сягоньняшні дзе́нь.
 
Мужы браты! хай будзе дазволена адважна сказаць вам пра Давіда-прабацьку, што ён і памёр і пахаваны, і магіла ягоная ў нас па сёньняшні дзень;

Вось, як Прарок, ды ве́даючы, што Бог кляўся й прысягнуў яму з плоду паясьніцы ягонае паставіць у це́ле Хрыста й пасадзіць на пасадзе ягоным (2 Царств 7:12; Псальм 131:11),
 
а будучы прарокам і ведаючы, што Бог клятвай абяцаў яму ад плоду сьцёгнаў ягоных ўзьвесьці Хрыста ў плоці і пасадзіць на прастоле ягоным,

ён, прадбачучы, казаў аб ускрасе́ньні Хрыста, што не асталася душа Яго ў пе́кле, і це́ла Ягонае ня бачыла тле́ньня (Псальм 15:10).
 
ён раней сказаў пра ўваскрэсеньне Хрыстовае, што не пакінута душа Ягоная ў пекле, і плоць Ягоная ня бачыла тленьня.

Гэтага Ісуса ўскрасіў Бог, і ўсе́ мы сьве́дкі гэтага.
 
Гэтага Ісуса Бог уваскрэсіў, чаго ўсе мы сьведкі.

Вось, узьне́сены правіцаю Бога ды ўзяўшы ад Айца абяцаньне Духа Сьвятога, Ён выліў тое, што цяпе́р бачыце й чуеце.
 
І вось Ён быў узьнесены правіцаю Божаю і, прыняўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, выліў тое, што вы сёньня бачыце і чуеце.

Бо Давід ня ўзышоў на нябёсы; сам жа ён кажа: Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне́,
 
Бо Давід ня ўзышоў на нябёсы, а сам кажа: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,

пакуль палажу ворагаў Тваіх да падножжа ног Тваіх (Псальм 109:1).
 
пакуль не пакладу ворагаў у падножжа ног Тваіх».

Дык няхай-жа цьвёрда ве́дае ўве́сь дом Ізраілявы, што Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом Яго, гэтага Ісуса, якога вы ўкрыжавалі.
 
Дык цьвёрда ведай, увесь дом Ізраілеў, што Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі.

Пачуўшы гэта, зьмякчэла сэрца ў іх, і яны прамовілі да Пятра й рэшты Апосталаў: Што-ж нам рабіць, мужы браты?
 
Чуючы гэта, яны ўмілаваліся сэрцам і сказалі Пятру і астатнім апосталам: што нам рабіць, мужы браты?

Пётр жа сказаў да іх: Пакайцеся, ды няхай кожын із вас ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня трахоў; і вазьме́це дар Духа Сьвятога.
 
А Пётр сказаў ім: пакайцеся, і хай ахрысьціцца кожны з вас у імя Ісуса Хрыста на дараваньне грахоў, — і атрымаеце дар Сьвятога Духа;

Бо абяцаньне нале́жыць вам і дзе́цям вашым, дый усім далёкім, колькі іх пакліча Госпад Бог наш.
 
бо вам належыць абяцаньне і дзецям вашым і ўсім далёкім, каго толькі пакліча Гасподзь Бог наш.

Дый іншымі многімі словамі сьве́дчыў і навучаў, кажучы: Спасайцеся ад гэтага роду распуснага.
 
Ды многімі іншымі словамі ён сьведчыў і ўмаўляў, кажучы: ратуйцеся ад роду гэтага распуснага, упарцістага.

Дык тыя, што прыхільна прынялі словы ягоныя, ахрысьціліся, ды ў гэны дзе́нь далучылася каля трох тысяч душ.
 
І вось тыя, якія прыхільна прынялі слова ягонае, ахрысьціліся, і далучылася таго дня душ каля трох тысяч;

І трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасьці й ламаньні хле́ба, ды ў малітвах.
 
і яны ўвесь час заставаліся ў навуцы апосталаў, у абыходзе і ў ламаньні хлеба і ў малітвах.

І страх зьняў кожную душу, і многа цудаў ды знаме́ньняў дзе́ялася праз Апосталаў.
 
І быў страх у кожнай душы; і многа цудаў і азнакаў чынілася праз апосталаў у Ерусаліме.

І ўсе́ ве́ручыя былі разам, і ўсё ў іх было супольнае;
 
А ўсе вернікі былі разам і ўсё ў іх было супольнае:

і прадавалі дабро сваё й дастаткі, і дзялілі міжы ўсіх, як каму трэба было.
 
і прадавалі дастаткі свае і ўсякую маёмасьць, і надзялялі ўсіх гледзячы па патрэбе кожнага;

І, кожын дзе́нь аднадушна бываючы ў храме ды ламаючы хле́б у дамох, прымалі страву ў радасьці й прастаце́ сэрца,
 
і кожны дзень аднадушна заставаліся ў храме і, ламаючы па дамах хлеб, прымалі страву ў радасьці і ў шчырасьці сэрца,

слаўлючы Бога й маючы ласку ў усяго народу. Госпад жа што-дня дадаваў царкве́ спасаючыхся.
 
праслаўляючы Бога і маючы любоў усяго народу. А Гасподзь штодня дадаваў царкве тых, хто ратаваўся.