1 І, як канчаўся дзе́нь Пяцідзясятніцы, усе́ былі аднадушна разам.
2 І зьнячэўку пачуўся гук з неба, быццам ад наляце́ўшага буйнага ве́тру, ды напоўніў уве́сь дом, дзе́ яны сядзе́лі.
3 І паказаліся ім падзе́леныя языкі, быццам агнявыя, ды пасе́лі на кожным із іх.
4 І напоўніліся ўсе́ Духам Сьвятым, ды пачалі гутарыць іншымі языкамі, так, як Дух Сьвяты даў ім прамаўляці.
5 Былі-ж у Ерузаліме Жыды, мужы набожныя, з усякага народу пад не́бам.
6 Калі пачуўся гук гэты, зыйшоўся народ дый устрывожыўся: бо кожын чуў, што яны гавораць ягонай гутаркай.
7 І здуме́ліся ўсе́ і дзіваваліся, кажучы адзін аднаму: Вось усе́ гэтыя, што гутараць, ці-ж не Галіле́йцы?
8 Дык як-жа мы чуем кожын сваю гутарку, у якой урадзіліся,
9 Парфяне й Мідзяне й Эляміты, і жыхары Мэзапатаміі, Юдэі й Каппадокіі, Понту і Азіі,
10 Фрыгіі й Памфіліі, Эгіпту й часьцін Лівіі, сумежных з Кірэнай, ды прыходжыя Рымляне, Жыды й наве́рненыя,
11 Крыцяне ды Арабы, — чуем, што яны гавораць нашымі языкамі аб ве́лічы Божай?
12 І здумяваліся ўсе́ і ў недаўменьні гаварылі адзін да аднаго: Што-б гэта магло быць?
13 Іншыя-ж, насьмяхаючыся, казалі, што яны ўпіліся маладым віном.
14 Пётр жа з адзінаццацьма́, устаўшы, падняў голас свой і прамовіў да іх: Мужы ІОдэйскія і ўсе жыхары Ерузалімскія, няхай будзе вам гэта ве́дама, і выслухайце словы мае́:
15 Бо яны не п’яныя, як думаеце: яшчэ-ж трэцяя гадзіна дня.
16 А ёсьць тое, што сказана праз прарока Іоіля:
17 І будзе ў апошнія дні, кажа Бог: выльлю Духа Майго на кожнае цела; і будуць прарочыць сыны вашыя й дачкі вашыя; і дзяцюкі вашыя будуць бачыць зьявы, і старшым вашым сны сьніцца будуць;
18 і на рабоў Маіх ды на рабынь Маіх выльлю ў дні гэныя Духа Майго, і будуць прарочыць.
19 І дам цуды ў не́бе наве́рсе і знакі на зямлі ўнізе, кроў і агонь і туман дымовы.
20 Сонца абе́рнецца ў це́мру і ме́сяц у кроў перш, чым прыйдзе дзе́нь Гасподні, вялікі й слаўны.
21 І будзе: кожын, хто прызаве́ціме імя Госпада, спасе́цца (Іоіль 2:28−32).
22 Мужы Ізраільскія, выслухайце гэтыя словы: Ісуса Назарэя, мужа, услаўленага міжы вамі ад Бога сілаю й цудамі ды знакамі, што рабіў праз Яго Бог сярод вас, як і самі ве́даеце,
23 Яго, выданага водле азначанай рады й прадба́чаньня Божага, вы ўзялі і, рукамі беззаконных прыбіўшы цьвякамі, забілі;
24 вось, Яго Бог ускрасіў, вызваліўшы з мукаў сьме́рці, бо-ж немагчыма было, каб яна Яго ўдзяржала.
25 Бо Давід кажа аб Ім: Ме́ў я Госпада перад вачыма заўсёды: бо Ён праваруч мяне́, каб я не захістаўся.
26 Дзеля гэтага ўце́шылася сэрца маё, ды ўзрадаваўся язык мой, дый це́ла маё супачыне ў надзе́і.
27 Бо не пакікеш душы мае́й у пе́кле, дый не дасі Сьвятому Твайму бачыць тле́ньне.
28 Ты даў мне́ пазнаць пуціну жыцьця; Ты напоўніш мяне́ радасьцяй перад абліччам Тваім (Псальм 15:8−11).
29 Мужы браты! Дайце мне́ сказаць вам адкрыта аб прабацьку Давідзе, што й паме́р, і пахован, і магіла ягоная ў нас па сягоньняшні дзе́нь.
30 Вось, як Прарок, ды ве́даючы, што Бог кляўся й прысягнуў яму з плоду паясьніцы ягонае паставіць у це́ле Хрыста й пасадзіць на пасадзе ягоным (2 Царств 7:12; Псальм 131:11),
31 ён, прадбачучы, казаў аб ускрасе́ньні Хрыста, што не асталася душа Яго ў пе́кле, і це́ла Ягонае ня бачыла тле́ньня (Псальм 15:10).
32 Гэтага Ісуса ўскрасіў Бог, і ўсе́ мы сьве́дкі гэтага.
33 Вось, узьне́сены правіцаю Бога ды ўзяўшы ад Айца абяцаньне Духа Сьвятога, Ён выліў тое, што цяпе́р бачыце й чуеце.
34 Бо Давід ня ўзышоў на нябёсы; сам жа ён кажа: Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне́,
35 пакуль палажу ворагаў Тваіх да падножжа ног Тваіх (Псальм 109:1).
36 Дык няхай-жа цьвёрда ве́дае ўве́сь дом Ізраілявы, што Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом Яго, гэтага Ісуса, якога вы ўкрыжавалі.
37 Пачуўшы гэта, зьмякчэла сэрца ў іх, і яны прамовілі да Пятра й рэшты Апосталаў: Што-ж нам рабіць, мужы браты?
38 Пётр жа сказаў да іх: Пакайцеся, ды няхай кожын із вас ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня трахоў; і вазьме́це дар Духа Сьвятога.
39 Бо абяцаньне нале́жыць вам і дзе́цям вашым, дый усім далёкім, колькі іх пакліча Госпад Бог наш.
40 Дый іншымі многімі словамі сьве́дчыў і навучаў, кажучы: Спасайцеся ад гэтага роду распуснага.
41 Дык тыя, што прыхільна прынялі словы ягоныя, ахрысьціліся, ды ў гэны дзе́нь далучылася каля трох тысяч душ.
42 І трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасьці й ламаньні хле́ба, ды ў малітвах.
43 І страх зьняў кожную душу, і многа цудаў ды знаме́ньняў дзе́ялася праз Апосталаў.
44 І ўсе́ ве́ручыя былі разам, і ўсё ў іх было супольнае;
45 і прадавалі дабро сваё й дастаткі, і дзялілі міжы ўсіх, як каму трэба было.
46 І, кожын дзе́нь аднадушна бываючы ў храме ды ламаючы хле́б у дамох, прымалі страву ў радасьці й прастаце́ сэрца,
47 слаўлючы Бога й маючы ласку ў усяго народу. Госпад жа што-дня дадаваў царкве́ спасаючыхся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеяньні Сьвятых Апосталаў, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.