1 Мужы браты й бацькі! Выслухайце цяпе́р маё перад вамі апраўданьне.
2 Пачуўшы, што гавора да іх у Жыдоўскай мове, яшчэ бале́й усьцішыліся. Ён жа казаў:
3 Я-ж сам — Жыд, урадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, узгадаваны ў ме́сьце гэтым ля ног Гамаліэля, рупліва навучаны закону айцоўскага, шчыры слуга Бога, як вы ўсе́ сягоньня.
4 Шлях гэты я перасьле́даваў ажно да сьме́рці, вяжучы й аддаючы ў вязьніцу мужчын і жанчын;
5 і пасьве́дчыць аба мне́ архірэй ды ўсе́ старшыя: бо ад іх узяў я пісьмы да братоў і пайшоў у Дамаск, каб і быўшых там прывясьці зьвязаных у Ерузалім дзеля пакараньня.
6 І сталася мне́, як ішоў і падыходзіў к Дамаску, каля паўдня зьнячэўку агарнула мяне́ вялікае сьвятло з не́ба.
7 І паваліўся я на зямлю і пачуў голас, які гаварыў да мяне́: Саўл, Саўл, чаму перасьле́дуеш Мяне́?
8 Я адказаў: Хто Ты, Госпадзе? Ён жа сказаў да мяне́: Я — Ісус Назарэй, Якога ты перасьле́дуеш.
9 Тыя-ж, што былі са мною, угле́дзіўшы сьвятло, перапалохаліся; але голасу, што гаварыў да мяне́, ня чулі.
10 І я сказаў: Што мне́ рабіць, Госпадзе? Госпад жа сказаў да мяне́: Устань і йдзі ў Дамаск, і там будзе табе́ сказана ўсё, што назначана табе́ зрабіць.
11 А як ад зьяньня сьвятла гэтага я ня відзеў, дык прыйшоў у Дамаск, ведзены за руку быўшымі са мною.
12 Не́йкі-ж Ананія, чалаве́к пабожны паводле закону, за якога сьве́дчылі ўсе́ тамтэйшыя Жыды,
13 прыйшоўшы да мяне́ і стануўшы, сказаў мне́: Браце Саўле! Будзь ізноў відзючым! І я ў тую-ж гадзіну пабачыў яго.
14 Ён жа сказаў: Бог айцоў нашых выбраў цябе́, каб пазнаў ты волю Ягоную і ўбачыў Справядлівага ды пачуў голас з вуснаў Ягоных,
15 бо будзеш ты сьве́дкай Яму перад усімі людзьмі аб тым, што бачыў ды чуў.
16 Дык чаго-ж вагаешся цяпе́р? Устань, ахрысьціся й змый грахі твае́, прызваўшы імя Гасподняе.
17 І здарылася мне́, як вярнуўся ў Ерузалім ды маліўся ў храме, апынуўся я ў захапле́ньні
18 і бачыў Яго, мовячы да мяне́: Сьпяшайся ды йдзі хутчэй із Ерузаліму, бо ня прымуць сьве́дчаньня твайго аба Мне́.
19 Я-ж сказаў: Госпадзе, яны ве́даюць, што гэта я кідаў у вастрог ды біў па сынагогах ве́руючых у Цябе́,
20 а як пралілася кроў Сьцяпана, сьве́дкі Твайго, дык я і стаяў тамака, і пахваляў забойства яго, ды сьцярог вопраткі тых, што яго забівалі.
21 І сказаў да мяне́: Ідзі, бо далёка пашлю цябе́ да паганаў.
22 Да гэтага слова яго слухалі ды паднялі голас свой, кажучы: Зьнішчы із зямлі такога! Бо ня жыць яму!
23 А як яны крычэлі й кідалі вопраткі ды пыл падкідалі ў паве́тра,
24 тысячнік загадаў вясьці яго ў замак, сказаўшы бічаваць яго, каб даве́дацца, дзеля якое прычыны гэтак крычэлі проці яго.
25 Калі-ж расьцягнулі яго рэмнямі, сказаў Паўла да стаяўшага сотніка: Ці-ж можна вам бічаваць Рымскага грамадзяніна, да таго-ж бяз суду?
26 Сотнік, пачуўшы, пайшоў ды паве́даміў тысячніка, кажучы: Глядзі, што ты хочаш зрабіць? Бо-ж гэты чалаве́к — Рымскі грамадзянін.
27 І прыйшоў тысячнік ды кажа яму: Скажы мне́, ці ты Рымскі? Ён жа сказаў: Але́.
28 Тысячнік адказаў: Я набыў гэтае грамадзянства за вялікія грошы. Паўла-ж сказаў: А я й урадзіўся.
29 Дык ураз адступіліся ад яго тыя, што ме́ліся выпытываць у яго. А тысячнік, даве́даўшыся, што ён — Рымскі грамадзянін, спалохаўся, што зьвязаў яго.
30 Назаўтрае-ж, хочучы даведацца напэўна, за што абвінавачываюць яго Жыды, зьняў з яго кайданы й загадаў прыйсьці архірэям ды ўсяму сынэдрыону іх і, вывеўшы Паўлу, паставіў яго перад імі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеяньні Сьвятых Апосталаў, 22 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.