Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Дзеяньні 4 Дзеяньні 4 разьдзел

1 Калі-ж яны гаварылі да народу, падыйшлі да іх сьвяшчэньнікі, і начальнік варты царкоўнае, і Саддуке́і,
2 узлаваныя тым, што яны навучаюць народ ды прапаве́дуюць у Ісусе ўваскрасе́ньне із мёртвых;
3 і палажылі на іх рукі, і аддалі іх пілнаваць да раніцы, бо быў ужо ве́чар.
4 Многа-ж із тых, што слухалі прамову, уве́равалі; і было гэткіх людзе́й лікам каля пяцёх тысячаў.
5 І сталася, нараніцы сабраліся ў Ерузалім павадыры іхнія ды старшыя й кніжнікі,
6 і Анна архірэй, і Кайяфа, і Іоан, і Аляксандр, і колькі іх было з роду архірэйскага;
7 дый, паставіўшы гэных пасярод сябе́, пыталіся: Якою сілай, ці якім імем учынілі вы тое?
8 Тады Пётр, напоўніўшыся Духам Сьвятым, прамовіў да іх: Павадыры народу і старэйшыя Ізраілю!
9 Калі ў нас сягоньня дапытываюцца аб добрым учынку нядужаму чалаве́ку, чым ён аздароўлены,
10 дык няхай ве́дама будзе ўсім вам ды ўсяму народу Ізраільскаму, што ў імя Ісуса Хрыста Назарэ́я, якога вы ўкрыжавалі, ды якога Бог ускрасіў із мёртвых, — праз Яго гэты стаіць перад вамі здаровы.
11 Ён — камень, зьняважаны вамі пры будове, што стаўся галавою вугла,
12 і ні ў кім іншым няма́шака збаўле́ньня, бо й няма іншага імя пад не́бам, да́дзенага людзям, якім бы нам спасьціся.
13 Бачучы-ж адвагу Пятра й Іоана ды ўцяміўшы, што яны людзі няўчоныя і простыя, зьдзівіліся; і пазналі іх, што былі з Ісусам.
14 Бачучы-ж стаяўшага з імі аздароўленага чалаве́ка, не маглі нічога сказаць насупраць.
15 Дык, загадаўшы ім выйсьці з сынэдрыону, ра́дзіліся паміж сабою,
16 кажучы: Што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? Бо вялікі знак стаўся праз іх яўна для ўсіх, хто жыве ў Ерузаліме, і ня можам запярэчыць гэтаму.
17 Але, каб гэта больш не разыходзілася ў народзе, цьвёрда забаронім ім, каб дале́й не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзе́й.
18 І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісусавае.
19 Пётр жа й Іоан, адказываючы ім, сказалі: Судзіце, ці справядліва перад Богам слухацца вас бале́й, чым Бога?
20 Мы-ж ня можам не гаварыць аб тым, што бачылі й чулі.
21 Дык яны, пагразіўшы ім, звольнілі іх, не знайшоўшы нічога, каб пакараць іх, дзеля народу; бо ўсе́ славілі Бога за тое, што сталася.
22 Бо больш за сорак гадоў было таму чалаве́ку, з якім стаўся цуд аздараўле́ньня.
23 Калі-ж іх звольнілі, яны пайшлі да сваіх і абвясьцілі тое, што да іх гаварылі архірэі й старшыя.
24 Тыя-ж, пачуўшы, аднадушна паднялі голас к Богу і сказалі: Валада́ру! Ты Бог, што ўчыніў не́ба й зямлю й мора дый усё, што ў іх,
25 што вуснамі Давіда, слугі Твайго, сказаў: Чаго збунтаваліся пагане, ды людзі марныя рэчы надумалі?
26 Паўсталі цары зямныя, ды князі сабраліся разам насупраць Госпада й насупраць Хрыста Ягонага.
27 Бо-ж запраўды сабраліся супраць Сына Твайго Сьвятога, Ісуса, якога Ты памазаў, і Ірад, і Пілат Понцкі з паганамі й народам Ізраільскім,
28 каб учыніць тое, чаму стацца напе́рад назначыла рука Твая й рада Твая.
29 І цяпе́р, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія і дай рабом Тваім з усе́й адвагай гаварыць слова Тваё
30 ды працягні руку Тваю на аздараўле́ньне, каб рабіліся знакі й цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса.
31 І, як памаліліся, захісталася ме́сца тое, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе напоўніліся Духам Сьвятым ды адважна гаварылі слова Божае.
32 У грамады́-ж ве́руючых было адно сэрца й адна душа, і ніхто нічога з маемасьці свае́й не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае.
33 І з вялікай сілай давалі Апосталы сьвядо́цтва ўваскрасе́ньня Госпада Ісуса, і ла́ска вялікая была на ўсіх іх.
34 І ня было сярод іх нікога, хто цярпе́ў бы недастатак, бо хто ме́ў зямлю ці дамы́, тыя, прадаўшы, прыносілі грошы за праданае
35 і клалі к нагам Апосталаў; і кожнаму дава́лася тое, што яму было патрэбна.
36 Гэтак Іосія, названы Апосталамі Варнавай (што ў перакладзе знача: сын пацяшэньня), лявіт, родам Кіпрыец,
37 ме́ўшы поле, прадаў яго і прынёс грошы ды паклаў к нага́м Апосталаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеяньні Сьвятых Апосталаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.