1 Адзін муж, на імя Ананія, з жонкай сваёй Сафіраю прадаў маемасьць сваю
2 ды прыхаваў із цаны, з ве́дама жонкі сваёй, і, прыне́сшы не́йкую частку, палажыў к нагам Апосталаў.
3 Але Пётр сказаў: Чаму напоўніў сатана сэрца тваё, каб ашукаці Духа Сьвятога ды прыхаваці із цаны за зямлю?
4 Ці-ж не тваё было, што ты ме́ў, дый праданае ці-ж не ў твае́й моцы было? Дзеля чаго паклаў ты дзе́ла гэтае ў сэрцы сваім? Ты ашукаў не людзе́й, а Бога.
5 Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў бяз духу. І вялікі страх зьняў усіх, што чулі гэта.
6 І дзяцюкі, устаўшы, узялі яго ды, вынесшы, пахаранілі.
7 Сталася-ж гадзіны це́раз тры пасьля гэтага, прыйшла й жана ягоная, ня ве́даючы, што́ зда́рылася.
8 І прамовіў да яе́ Пётр: Скажы мне́, ці за гэтулькі аддалі вы зямлю? Яна-ж сказала: Але́, за гэтулькі.
9 Дык Пётр сказаў да яе́: Дзе́ля чаго змовіліся вы спакусіць Духа Гасподняга? Вось ля дзьве́раў стопы тых, што пахавалі мужа твайго; яны вынясуць і цябе́.
10 Дык яна ўраз павалілася да ног ягоных і аддала душу. А дзяцюкі, што ўвайшлі, знайшлі яе́ няжывую ды, вынесшы, пахавалі ля мужа яе́.
11 І вялікі страх зьняў усю царкву дый усіх, што чулі аб гэтым.
12 Рукамі-ж Апосталаў рабілася многа знакоў ды цудаў у народзе (і былі аднадушныя ўсе ў се́нях Салямонавых,
13 з рэшты-ж ніхто не адважа́ўся далучыцца да іх; ды народ іх вы́сака стаўляў, —
14 і ўсё бале́й прыбывала ве́руючых у Госпада, множства мужчын ды жанчынаў);
15 дык выносілі хворых на вуліцы й клалі на пасьце́лях і ложках, каб пры праходзе Пятра хоць це́нь ягоны ацяніў каго з іх.
16 І зыходзілася ў Ерузалім з акалічных ме́стаў множства людзе́й, нясучы хворых ды апанаваных нячыстымі духамі, дый усе́ яны аздараўляліся.
17 І, паўстаўшы, архірэй і ўсе́, што былі з ім, тагачасная гэрэзія Саддуке́йская, напоўніліся зайздрасьцяй
18 і палажылі рукі свае́ на Апосталаў ды пасадзілі іх у вязьніцу грамадзкую.
19 І Ангел Гасподні ўначы адамкнуў дзьве́ры вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
20 Ідзе́це ды, стаўшы, кажэце ў царкве́ да народу ўсе́ словы жыцьця гэтага.
21 Пачуўшы гэта, яны ўвайшлі нараніцы ў храм і навучалі. Прыйшоўшы-ж архірэй і тыя, што з ім, склікалі сынэдрыон і ўсю старшызну сыноў Ізраілявых ды паслалі ў вязьніцу прывясьці іх.
22 Слугі-ж, прыйшоўшы, не знайшлі іх у вязьніцы і, вярнуўшыся, расказалі, мовячы:
23 Вязьніцу дык знайшлі мы замкнёную ве́льмі крэпка, і варта во́нках стаяла перад дзьвярыма; але, адамкнуўшы, ўсярэдзіне нікога не знайшлі.
24 Калі-ж пачулі словы тыя сьвяшчэньнік і начальнік ва́рты царкоўнае ды архірэі, дык сумляваліся аб іх, што-б гэта сталася?
25 І не́хта, прыйшоўшы, расказаў ім, кажучы: Што вось мужы, якіх вы кінулі ў вязьніцу, стаяць у храме й навучаюць народ.
26 Тады пайшоў начальнік варты з слугамі ды прывёў іх, але бяз прымусу, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх.
27 І, прывеўшы, паставілі іх перад радай; і запытаўся ў іх архірэй, кажучы:
28 Ці не забаранілі мы вам крэпка навучаць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі Ерузалім навукай вашай ды хочаце ўзьвясьці на нас кроў чалаве́ка гэнага.
29 І, адказваючы, Пётр ды Апосталы сказалі: Больш трэба слухацца Бога, чым людзе́й.
30 Бог айцоў нашых падняў Ісуса, якога вы забілі, паве́сіўшы на дзе́раве.
31 Яго Бог правіцай сваёй узвысіў на Павадыра й Спаса, каб даць Ізраілю пакаяньне й адпушчэньне грахоў.
32 І сьве́дкі Яго на словы гэтыя — мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, што слухаюцца Яго.
33 Тыя-ж, слухаючы, ажно лопаліся ды ра́дзіліся, каб пазабіваць іх.
34 Устаўшы-ж адзін у сынэдрыоне, фарысэй, на імя Гамаліэль, вучыцель закону, паважаны ўсім народам, загадаў на часіну вывясьці Апосталаў
35 ды сказаў ім: Мужы Ізраільскія, разважце з сабою аб людзях гэтых, што́ маеце зрабіць.
36 Бо перад гэтымі днямі паўстаў быў Тэўда, кажучы, што ён ёсьць не́хта, і да яго прыстала на лік каля чатырохсот людзей; ён забіты, і ўсе́, што́ слухаліся яго, разыйшліся й абярнуліся ў нішто.
37 Пасьля яго ў дні сьпісаваньня паўстаў Юда Галіле́янін ды пацягнуў за сабою даволі народу; дый той пагіб, і ўсе́, што слухаліся яго, рассыпаліся.
38 І цяпе́р кажу вам: пакіньце гэтых людзе́й і дайце ім волю; бо, калі ад людзе́й рада гэтая ці дзе́ла гэтае, дык змарне́е,
39 а калі ад Бога, дык ня здолееце зьніштожыць яго, дый каб самі ня сталіся змагарамі проці Бога.
40 Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы Апосталаў, пабіўшы, загадалі не гаварыць аб імі Ісуса ды звольнілі іх.
41 Тыя-ж пайшлі ад аблічча сынэдрыонавага, радыя, што сталіся годнымі зьняважэньня за імя Ягонае,
42 ды кожын дзе́нь у храме й дома ня кідалі навучаць і абвяшчаць пра Ісуса Хрыста.
Каментары ці зноскі:
3 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «сатана» на → «шатан».
20 царква = храм.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеяньні Сьвятых Апосталаў, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.