1 Калі-ж давялося нам, расстаўшыся з імі, адплыці, дык, ідучы нацянькі, прыплылі мы к Косу, назаўтрае-ж к Родосу і адтуль к Патары
2 і, знайшоўшы карабель, які йшоў у Фінікію, узыйшлі на яго і паплылі.
3 Калі-ж паказаўся Кіпр, мы пакінулі яго зьле́ва й паплылі ў Сірыю ды прысталі ў Тыры, бо там караблю трэ’ было скінуць груз.
4 І, знайшоўшы вучняў, прабылі тамака се́м дзён; тыя-ж праз Духа гаварылі Паўлу, каб ня йшоў у Ерузалім.
5 Як-жа давялося нам пражыць гэныя дні, мы, выйшаўшы, пайшлі ў дарогу, і ўсе́ праводзілі нас з жонамі й дзяцьмі ажно за ме́ста. На беразе-ж, укле́нчыўшы, памаліліся.
6 І, разьвітаўшыся адны з аднымі, мы ўзыйшлі на карабе́ль, а яны вярнуліся дамоў.
7 Мы, скончыўшы плаваньне ад Тыру, прысталі к Птолемаідзе і, прывітаўшы братоў, асталіся ў іх на адзін дзе́нь.
8 Назаўтрае-ж Паўла й мы, што былі з ім, выйшаўшы прыйшлі ў Кесарыю; і, увайшоўшы ў дом Піліпа Эвангеліста, аднаго із сямёх, аставаліся ў яго.
9 У яго-ж былі чатыры дочкі — дзяўчаты, якія прарочылі.
10 Як-жа былі мы многа дзён, прыйшоў з Юдэі прарок не́йкі, на ймя Агаў,
11 і, увайшоўшы да нас ды ўзяўшы пояс Паўлы, зьвязаў сабе́ рукі й ногі і сказаў: Гэтак кажа Дух Сьвяты: чалаве́ка, чый гэты пояс, так зьвяжуць Жыды ў Ерузаліме і аддадуць у рукі паганаў.
12 Калі-ж мы пачулі гэтае, дык і мы, і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня йшоў у Ерузалім.
13 Паўла-ж адказаў: Што вы робіце, плачучы й разрываючы мне́ сэрца? Я-ж ня толькі гатоў вязьнем стацца, але й паме́рці ў Ерузаліме за ймя Госпада Ісуса.
14 Ня здолеўшы намовіць яго, мы супакоіліся ды сказалі: Хай станецца воля Гасподня!
15 Па гэных днёх, прыгатаваўшыся, вырушылі мы ў Ерузалім.
16 Ішлі-ж з намі й некаторыя вучні із Кесарыі, вядучы да не́йкага Мназона, Кіпрыйца, старога вучня, каб у яго нам пагасьціць.
17 Як-жа прыйшлі мы ў Ерузалім, браты прыязна прынялі нас.
18 Наступнага-ж дня прыйшоў Паўла разам з намі да Якава; прыйшлі й усе старшыя.
19 І, прывітаўшы іх, падробна апавядаў, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз служэньне ягонае.
20 Яны-ж, выслухаўшы, пахвалілі Бога і сказалі яму: Бачыш, браце, колькі ёсьць тысячаў Жыдоў, якія ўве́равалі, і ўсе́ яны — шчырыя слугі закону.
21 Але дачуліся аб табе́, што навучаеш адступніцтва ад Майсе́я ўсіх Жыдоў, што жывуць між паганамі, кажучы, каб не абрэзывалі дзяце́й і ня трымаліся звычаяў.
22 Дык што-ж гэта? Напэўна мусіць сабрацца народ, бо дачуюцца, што ты прыйшоў.
23 Вось-жа зрабі, што табе́ кажам: ёсьць у нас чатыры мужы, што маюць зарок на сабе́.
24 Узяўшы іх, ачысьціся разам з імі ды вазьмі на сябе́ кошты за іх, каб паабстрыгалі галовы, і ўсе даве́даюцца, што тое, што даве́даліся аб табе́, ёсьць пустое, а ты ў парадку й сам пілнуеш закону.
25 Што-ж да ўве́раваўшых паганаў, дык мы пісалі, пастанавіўшы, каб нічога гэткага ня трымаліся, а толькі высьцерагаліся жэртваў ідалам, крыві й душанага, ды блуду.
26 Тады Паўла, узяўшы мужоў гэных ды назаўтрае ачысьціўшыся з імі, увайшоў у храм, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, як за кожнага з іх прыне́сена будзе ахвяра.
27 Як-жа ме́ліся скончыцца се́м дзён, Жыды, што былі із Азіі, убачыўшы яго ў храме, падбурылі ўве́сь народ і ўзлажылі на яго рукі,
28 крычучы: Мужы Ізраільскія, памажэце! Вось чалаве́к, які ўсіх усюды навучае проці народу й проці закону й проці ме́сца гэтага; ды яшчэ й Грэкаў увёў у храм ды апаганіў гэтае ме́сца сьвятое
29 (бо перад гэтым яны бачылі з ім у горадзе Трахіма Эфэсца дый падумалі, што Паўла ўвёў яго ў храм).
30 Уве́сь горад узварушыўся, і пазьбягаўся народ. І, схапіўшы Паўлу, павалаклі яго вон із храму, ды ўраз дзьве́ры былі зачынены.
31 Калі-ж хаце́лі забіць яго, да вайсковага тысячніка дайшла ве́стка, што збунтаваўся ўве́сь Ерузалім;
32 дык ён, узяўшы ўраз-жа жаўне́раў ды сотнікаў, пабе́г на іх. Яны-ж, убачыўшы тысячніка й жаўне́раў, перасталі біць Паўлу.
33 Тады, падыйшоўшы, тысячнік схапіў яго й загадаў зьвязаць двума ланцугамі ды пытаўся, хто ён і што зрабіў?
34 У таўпе́-ж крычэлі кожын не́шта другое. Дык, ня маючы магчымасьці праз шум не́шта пэўнае даве́дацца, загадаў вясьці яго ў замак.
35 Калі-ж апынуўся ля ўсходаў, жаўне́рам прышлося на руках не́сьці яго дзеля натоўпу народнага,
36 бо вялікая грамада народу йшла сьле́дам, крычучы: Сьме́рць яму!
37 Перад уваходам у замак Паўла кажа тысячніку: Ці магу не́шта сказаць табе́? Той жа сказаў: Ты ўме́еш па-грэцку?
38 Дык ці ня ты той Эгіпцянін, што перад гэтымі днямі збунтаваў і вывеў у пустыню чатыры тысячы душ разбойнікаў?
39 Паўла-ж сказаў: Я Жыд із Тарсу, грамадзянін слаўнага ме́ста Кілікійскага. Прашу-ж цябе́, дазволь мне́ прамовіць да народу.
40 Калі-ж той дазволіў, Паўла, стануўшы на ўсходах, даў знак народу рукою. Як-жа сталася вялікая ціша, прамовіў у Жыдоўскай мове, кажучы:
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеяньні Сьвятых Апосталаў, 21 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.