1 І калі сталася, што, развітаўшыся з імі, мы паплылі, то напрасткі прыбылі ў Кос, а наступнага дня ў Родас, а адтуль — у Патары;
2 і, знайшоўшы карабель, які меў плысці ў Фэніцыю, мы селі і паплылі.
3 Убачыўшы Кіпр і пакінуўшы яго злева, мы плылі ў Сірыю і прыбылі ў Тыр, бо там карабель меў пакінуць груз.
4 І, адшукаўшы вучняў, прабылі мы там сем дзён; тыя ж праз Духа казалі Паўлу, каб не ішоў у Ерузалім.
5 Як прайшлі тыя дні, мы выправіліся і пайшлі, а яны ўсе разам з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас аж за горад. На ўзбярэжжы палі мы на калені і маліліся,
6 а затым развіталіся; і мы ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дадому.
7 Скончыўшы плаванне, з Тыра прыбылі мы ў Пталемаіду і, прывітаўшыся з братамі, прабылі мы ў іх адзін дзень.
8 На другі дзень мы, якія былі з Паўлам, выправіўшыся ў дарогу, прыбылі ў Цэзарэю і ўвайшлі ў дом евангеліста Піліпа, які быў з сямі, ды ў яго затрымаліся.
9 А ў яго было чатыры дачкі-дзяўчыны, якія праракавалі.
10 Калі мы там прабылі шмат дзён, прыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаб.
11 І, калі ён прыйшоў да нас і ўзяў пояс Паўлы, то, звязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Гэта кажа Дух Святы: “Так юдэі ў Ерузаліме звяжуць чалавека, якому належыць гэты пояс, ды выдадуць яго ў рукі паганаў”».
12 Калі мы гэта пачулі, то прасілі разам з братамі, што там былі, каб ён не ішоў у Ерузалім.
13 Тады Паўла адказаў: «Што вы робіце, плачучы і разрываючы маё сэрца? Я гатовы не толькі ў вязніцу, але і на смерць у Ерузаліме дзеля імя Госпада Ісуса».
14 І, не здолеўшы яго пераканаць, мы саступілі, кажучы: «Хай станецца воля Госпада!»
15 Па тых днях, прыгатаваўшыся, мы выправіліся ў Ерузалім,
16 і пайшлі з намі таксама некаторыя з вучняў з Цэзарэі ды завялі нас да нейкага Мназона з Кіпра, даўняга вучня, у якога знайшлі мы гасціну.
17 І калі мы прыбылі ў Ерузалім, браты ахвотна прынялі нас.
18 А на другі дзень Паўла разам з намі пайшоў да Якуба, і сабраліся таксама ўсе старэйшыя.
19 Прывітаўшы іх, ён пачаў падрабязна расказваць, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз яго паслугу.
20 Чуючы гэта, яны славілі Госпада і сказалі яму: «Бачыш, брат, колькі тысяч юдэяў уверыла, ды ўсе яны рупліва берагуць закон.
21 Пра цябе ж мы чулі, што ты ўсіх юдэяў, што жывуць між паганамі, навучаеш адступніцтву ад Майсея, кажучы, што яны не павінны абразаць сваіх сыноў ды трымацца звычаяў.
22 Дык што гэта? Напэўна мусіць сабрацца народ, бо дачуюцца, што ты прыйшоў.
23 Дык зрабі, як мы табе раім: ёсць у нас чацвёра мужчын, якія ўсклалі на сябе абяцанне.
24 Вазьмі іх з сабой, і ачысціся разам з імі, і заплаці за іх, каб яны абстрыглі галовы, і тады ўсе даведаюцца, што тое, што пра цябе пачулі, — няпраўда, але што ты жывеш, захоўваючы закон.
25 А адносна паганаў, якія ўверылі, дык мы напісалі, пастанавіўшы, каб яны нічога такога не прытрымліваліся, але толькі цураліся пасвечанага балванам, і крыві, і задушанага, і распусты».
26 Тады Паўла, які ўзяў з сабой мужчын, на другі дзень разам з імі паддаўся ачышчэнню, і ўвайшоў у святыню, абвяшчаючы заканчэнне дзён ачышчэння, у які за кожнага з іх мае быць складзена ахвяра.
27 Калі ж сем дзён завяршаліся, юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў святыні, падбухторылі ўвесь натоўп ды ўсклалі на яго рукі,
28 лямантуючы: «Мужы ізраэльскія! На помач! Гэта той чалавек, які ўсюды ўсіх вучыць супраць народа і закону і супраць гэтага месца, а прытым грэкаў увёў у святыню і апаганіў гэтае святое месца».
29 Бо перад тым бачылі з ім Трафіма з Эфеса ў горадзе ды думалі, што Паўла ўвёў яго ў святыню.
30 Дык узрушыўся ўвесь горад, і пачаў збягацца народ, і схапілі Паўлу ды выцягнулі яго па-за святыню, і зараз жа зачынілася брама.
31 Калі ж хацелі яго забіць, дайшла да трыбуна кагорты вестка, што ўвесь Ерузалім збунтаваўся,
32 дык ён неадкладна, узяўшы жаўнераў ды сотнікаў, сышоў да іх. Яны ж, убачыўшы трыбуна і жаўнераў, перасталі біць Паўлу.
33 Тады трыбун, падышоўшы, узяў яго і загадаў звязаць двума ланцугамі, ды пытаўся, хто ён і што зрабіў.
34 А з натоўпу кожны крычаў што іншае. І, не могучы нічога даведацца яснага з прычыны забурэння, загадаў завесці яго ў крэпасць.
35 Калі ж прыйшлі да сходаў, з-за штурханіны людзей жаўнеры мусілі несці яго,
36 бо натоўп людзей ішоў за ім, крычучы: «Забі яго!»
37 І, калі пачалі яго ўводзіць у крэпасць, кажа Паўла трыбуну: «Ці можна мне штосьці сказаць табе?» Ён сказаў: «Ты ўмееш па-грэцку?
38 Ці ты не егіпцянін, які перад гэтымі днямі ўчыніў забурэнне ды вывеў у пустыню чатыры тысячы кінжальшчыкаў?»
39 І адказаў Паўла: «Я — юдэй з Тарса ў Цыліцыі, грамадзянін не абы-якога горада; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да народа».
40 Калі той дазволіў, Паўла, стоячы на сходах, даў знак рукой народу, і, калі настала поўная цішыня, ён прамовіў на гебрайскай мове, кажучы:
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеі святых Апосталаў, 21 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017