1 І сталася, калі Апалос быў у Карынце, Паўла, прайшоўшы ўзгорыстыя мясцовасці, прыйшоў у Эфес ды напаткаў нейкіх вучняў,
2 і сказаў ім: «Ці атрымалі вы Духа Святога, уверыўшы?» А яны адказалі яму: «Мы нават не чулі, ці ёсць Дух Святы».
3 Тады ён гаворыць да іх: «Дык які хрост вы прынялі?» А яны сказалі: «Хрост Янаў».
4 Тады Паўла сказаў: «Ян хрысціў хростам навяртання, кажучы людзям, каб уверылі ў Таго, Хто прыйдзе па ім, значыць у Ісуса Хрыста».
5 Калі яны гэта пачулі, прынялі хрост у імя Госпада Ісуса.
6 І калі Паўла ўсклаў на іх рукі, Дух Святы сышоў на іх, і гаварылі мовамі, і праракавалі.
7 Было ж іх усіх каля дванаццаці мужчын.
8 Затым, увайшоўшы ў сінагогу, адважна прамаўляў, на працягу трох месяцаў дыспутуючы і пераконваючы пра Валадарства Божае.
9 Але паколькі некаторыя закамянелі і не верылі, знеслаўляючы шлях перад натоўпамі, дык аддзяліўся ён ад іх ды аддзяліў вучняў, і штодзень гутарыў у школе Тырана.
10 Працягвалася гэта два гады, так што ўсе жыхары Азіі, і юдэі, і грэкі, мелі магчымасць слухаць слова Госпада Ісуса.
11 І Бог чыніў незвычайныя цуды праз рукі Паўла,
12 так што нават хусткі і паясы з яго цела клалі на хворых, і хваробы пакідалі іх, ды выходзілі ліхія духі з іх.
13 Дык некаторыя падарожныя экзарцысты юдэйскія спрабавалі прызываць імя Госпада Ісуса над апанаванымі ліхім духам, кажучы: «Заклінаю вас праз Ісуса, Якога прапаведуе Паўла».
14 Рабіла ж гэта сем сыноў нейкага Скевы, першасвятара юдэйскага.
15 А ліхі дух, адказваючы, сказаў: «Ісуса я ведаю і Паўлу ведаю, а вы хто такія?»
16 І кінуўся на іх чалавек, у якім быў ліхі дух, і, атрымаўшы сілу над імі, адолеў іх так, што голыя і пакалечаныя ўцяклі з таго дома.
17 І даведаліся пра гэта ўсе юдэі і грэкі, якія жылі ў Эфесе, і страх ахапіў іх усіх, і славілі імя Госпада Ісуса.
18 І многа веруючых прыходзіла, вызнаючы і абвяшчаючы ўчынкі свае.
19 Многа таксама з тых, што займаліся чарамі, прыносілі кнігі і палілі іх на вачах усіх; і падлічылі кошт іх, і аказалася пяцьдзясят тысяч срэбранцаў.
20 Так магутна расло і ўмацоўвалася слова Госпадава.
21 Зрабіўшы ўсё гэта, Паўла намерыўся ў Духу, прайшоўшы праз Мацэдонію і Ахаю, ісці ў Ерузалім, кажучы: «Пасля таго, як пабуду там, належыць мне і Рым убачыць».
22 Дык выслаў у Мацэдонію двух сваіх памочнікаў, Цімафея і Эраста, а сам застаўся на нейкі час у Азіі.
23 І сталася ў той час немалое забурэнне з прычыны шляху Госпадава.
24 Адзін срэбранік, на імя Дэметр, які вырабляў срэбраныя фігуры Артэміды і гэтым даваў неблагі заробак рамеснікам,
25 сабраў іх разам з іншымі работнікамі гэтага рамяства і сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што з гэтага рамяства нам дабрабыт.
26 Але бачыце і чуеце, што не толькі у Эфесе, але амаль ва ўсёй Азіі гэты Паўла, пераконваючы, зводзіць шмат людзей, даказваючы, што няма багоў, зробленых рукамі.
27 Дык пагражае небяспека, што не толькі наша рамяство ўпадзе, але і святыня вялікай багіні Артэміды за нішто будзе лічыцца, ды і яна сама, слаўленая ва ўсёй Азіі, будзе пазбаўлена велічы сваёй».
28 Калі яны гэта пачулі, напоўніліся гневам і крычалі, кажучы: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
29 І замяшанне напоўніла ўвесь горад, і, схапіўшы Гая і Арыстарха, мацэдонцаў, таварышаў Паўлы, з імпэтам кінуліся аднадушна ў тэатр.
30 Калі ж Паўла хацеў выйсці да народа, вучні не пусцілі яго;
31 таксама некаторыя прыхільныя да яго азійскія начальнікі паслалі да яго, просячы, каб ён не ішоў у тэатр.
32 І адны крычалі адно, а іншыя — другое, бо сабранне было бурлівае, і многія не ведалі, з якой нагоды сышліся.
33 З натоўпу вывелі Аляксандру, якога выпіхалі юдэі. Аляксандра, даўшы знак рукою, каб змоўклі, хацеў даць народу тлумачэнні.
34 Калі ж даведаліся, што ён — юдэй, то ўсчыніўся суцэльны голас, і ўсе крычалі каля дзвюх гадзін: «Вялікая Артэміда Эфеская!»
35 І пісар, калі супакоіў натоўпы, сказаў: «Мужы эфескія! Ці ёсць чалавек, які не ведае, што горад Эфес славіць вялікую багіню Артэміду ды Эпіэта?
36 Паколькі гэтаму нельга запярэчыць, то належыць вам супакоіцца і нічога не рабіць неразважна.
37 Прывялі вы гэтых людзей, якія ані абкрадалі святыні, ані блюзнілі супраць багіні вашай.
38 А калі Дэметр і рамеснікі, што з ім, маюць супраць кагосьці справу, дык на рынку праводзяцца суды і ёсць праконсулы; хай адны адных вінавацяць.
39 А калі чаго іншага дамагаецеся, дык можна вырашыць законна на сходзе.
40 Пагражае бо нам абвінавачанне адносна сённяшняга забурэння, бо няма ніякай прычыны, дзеля якой маглі б апраўдаць гэтае зборышча». І па гэтых словах распусціў сход.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеі святых Апосталаў, 19 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017