Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Дзеі 20 Дзеі Апосталаў 20 разьдзел

1 Калі забурэнне сціхла, Паўла, паклікаўшы вучняў і падбадзёрыўшы іх, развітаўся і выправіўся, каб ісці ў Мацэдонію.
2 Калі ж прайшоў тыя мясціны і ўмацаваў іх многімі словамі, прыбыў у Грэцыю.
3 І, калі прабыў там тры месяцы, то юдэі ўчынілі супраць яго змовы, дык ён сабраўся плыць у Сірыю, і меў намер вяртацца праз Мацэдонію.
4 Праводзілі яго Сапатэр з Бэрэі, Арыстарх і Секунд з Тэсалонікі, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з азійцаў — Тыхік і Трафім.
5 Яны пайшлі наперад ды чакалі нас у Траадзе,
6 а мы паплылі з Піліпаў па свяце праснакоў ды цераз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.
7 У першы дзень пасля суботы, калі сабраліся вучні на ламанне хлеба, Паўла, які назаўтра меў выбрацца ў дарогу, гутарыў з імі ды зацягнуў прамову да поўначы.
8 І многа светачаў гарэла ў святліцы, дзе былі мы сабраны.
9 А адзін юнак, на імя Яўтых, сядзеў на акне, і забыўся глыбокім сном, бо Паўла доўга гаварыў, і, змораны сном, зваліўся з трэцяга паверха ўніз, і паднялі яго мёртвага.
10 Тады Паўла сышоў на ніз, прыпаў да яго і, абняўшы яго, сказаў: «Не трывожцеся, бо душа яго ў ім».
11 І, узышоўшы наверх, ламаў хлеб і еў, а потым навучаў яшчэ доўга, аж да світання, а потым выбраўся ў дарогу.
12 А юнака прывялі жывога на вялікую ўсіх радасць.
13 Мы ж, сеўшы на карабель, паплылі ў Ас, адкуль мелі ўзяць Паўлу, бо ён так загадаў, хочучы сам ісці пехатой.
14 Калі пераняў нас у Асе, узяўшы яго, мы адправіліся ў Мітылену
15 і, адплыўшы адтуль, апынуліся назаўтра насупраць Хіёса, а наступнага дня прыбылі ў Самос і, пабыўшы ў Трагілеце, на наступны дзень дабраліся да Мілета,
16 бо Паўла вырашыў абмінуць Эфес, каб не было яму затрымкі ў Азіі, бо спяшаўся па магчымасці адзначыць Пяцідзесятніцу ў Ерузаліме.
17 З Мілета паслаўшы ў Эфес, склікаў ён старэйшых царквы.
18 А калі яны прыйшлі да яго, сказаў ім: «Вы ведаеце, якім я быў між вамі ад першага дня, калі прыбыў у Азію, ды ўвесь час,
19 служачы Госпаду з усёй пакораю, і ў многіх слязах, і ў выпрабаваннях, якія напаткалі мяне з прычыны подступаў юдэйскіх;
20 як я нічога не прапусціў карыснага, каб вам не абвясціць, ды вучыў вас публічна і па дамах,
21 сведчучы як юдэям, так і грэкам навярнуцца да Бога і верыць Госпаду нашаму Ісусу Хрысту.
22 І вось, цяпер я, прынуканы Духам, іду ў Ерузалім, не ведаючы, што мяне там напаткае.
23 У адным толькі запэўнівае мяне Дух Святы ва ўсіх гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і гора.
24 Але я не дбаю лішне пра сваю душу, абы толькі ў радасці завяршыць шлях мой і служэнне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса: сведчыць пра Евангелле ласкі Божай.
25 І цяпер, вось, ведаю, што ўжо больш не ўбачыце вобліку майго вы ўсе, з якімі я сустракаўся, прапаведуючы Валадарства Божае.
26 Дзеля таго запэўніваю вас сёння, што я чысты ад крыві ўсіх,
27 бо я не ўхіляўся, каб прапаведаваць вам усю волю Божую.
28 Зважайце ж на сябе і на ўвесь статак, над якім паставіў вас Дух Святы епіскапамі, каб пасвіць царкву Бога, якую Ён здабыў Сваёй Крывёй.
29 Бо я ведаю, што па маім зыходзе ўварвуцца да вас лютыя ваўкі, якія не пашкадуюць статка,
30 ды паміж вас саміх знойдуцца людзі, што будуць прамаўляць адваротнае, каб пацягнуць за сабой вучняў.
31 Таму чувайце, памятаючы, што я на працягу трох гадоў днём і ўночы не пераставаў са слязамі настаўляць кожнага з вас.
32 І цяпер, браты, даручаю вас Богу ды слову ласкі Яго, якое мае магутнасць збудаваць ды даць вам спадчыну з усімі святымі.
33 Не квапіўся я ні на чыё срэбра, ані на золата, ані на адзенне.
34 Самі ж ведаеце, што гэтыя рукі зараблялі на тое, што было патрэбна мне і тым, што са мною.
35 Ва ўсім паказваў я вам, што, так працуючы, трэба ўспамагаць нядужым і памятаць словы Госпада Ісуса, Які казаў: “Шчаслівей даваць, чым браць”».
36 Па гэтых словах упаўшы на калені свае, маліўся разам з усімі.
37 І стаўся плач вялікі паміж усіх, і кідаліся Паўлу на шыю ды цалавалі яго,
38 сумуючы вельмі з-за слова, якое ён сказаў, што больш не ўбачаць вобліку яго. І правялі яго да карабля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеі святых Апосталаў, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017