Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Дзеі 20 Апостальскія Дзеі 20 разьдзел

1 А пасьля таго, як перастала разруха, Павал, склікаўшы вучняў і напомніўшы іх, разьвітаўся і рушыў, каб ісьці ў Македонію.
2 Калі-ж прайшоў гэныя староны і напомніў іх многай мовай, прыйшоў у Грэцыю.
3 Дзе калі прабыў тры месяцы, жыды зрабілі яму подступы, калі меўся адплыць у Сырыю; і пастанавіў вярнуцца праз Македонію.
4 А падарожнічаў з ім Соапатэр Пырраў, Бэроанін, а з Тэссалонічан Арыстарх і Сэкунд, І Гай Дэрбеец і Цімафей, а Азійцы Тыхік і Трахім.
5 Яны, пайшоўшы наперад, чакалі на нас у Троадзе.
6 А мы адплылі з Філіппаў па днях Праснакоў і прыбылі да іх у Троаду цераз пяць дзён, дзе прабылі сем дзён.
7 А ў першы дзень па субоце, калі мы былі сабраўшыся на ламаньне хлеба, Павал гаварыў з імі, маючы вырушыць назаўтра і зацягнуў мову аж да поўначы.
8 А было многа ламп у сьвятліцы, дзе мы былі сабраўшыся.
9 Седзячы-ж на вакне адзін дзяцюк, на імя Эўтых, папаўшы ў глыбокі сон, калі Павал доўга гаварыў, кіўнуўшыся ў сьне, ўпаў з трэцяга паверху ўніз, і падняты быў умерлы.
10 Калі Павал зыйшоў да яго, кінуўся на яго і абняўшы, сказаў: Не трывожцеся, бо душа ягона ў ім.
11 І ўзыйшоў і ламаў хлеб і еў і даволі нагаварыўшы аж да сьвету, так вырушыў.
12 А хлапца прывялі жывога і ўцешыліся немала.
13 А мы, узыйшоўшы на карабель, паплылі ў Ассон, маючы адтуль забраць Паўла; бо гэтак быў пастанавіўшы сам, маючы адбыць дарогу зямлёю.
14 Калі-ж ён зыйшоўся з намі ў Ассоне, мы, забраўшы яго, прыбылі ў Мітылену.
15 І адплыўшы адтуль, мы на другі дзень прыбылі супроць Хіосу, а назаўтра мы прысталі да Самосу, а на другі дзень прыбылі ў Мілет.
16 Бо Павал быў пастанавіўшы абмінуць Эфэз, каб ня сталася яму якое спазьненьне ў Азіі. Бо сьпяшаўся, калі-б было яму магчыма, каб дзень Сёмухі абходзіць у Ерузаліме.
17 А з Мілету паслаўшы ў Эфэз, паклікаў старшых касьцёла.
18 Калі яны прыйшлі да яго і былі разам, сказаў ім: Вы ведаеце ад першага дня, у каторы я ўвайшоў у Азію, як я быў з вамі праз увесь час,
19 служачы Пану з ўсей пакорай і сьлязамі і спакушэньнямі, якія прыходзілі на мяне ад подступаў жыдоўскіх.
20 Як я нічога не прапусьціў карыснага, каб вам не абвясьціць і навучыць вас публічна і па дамох,
21 сьведчучы перад жыдамі і паганамі аб пакуце перад Богам і аб веры ў Пана нашага Езуса Хрыста.
22 І цяпер вось я зьвязаны духам іду ў Ерузалім, ня ведаючы, што ў ім мае прыйсьці на мяне;
23 адно што Дух сьвяты па ўсіх гарадох сьведчыць мне, кажучы, што чакаюць мяне ў Ерузаліме путы і ўцісьненьні.
24 Але я нічога гэтага не баюся і не раблю жыцьця майго даражэйшым за сябе, каб толькі закончыць бег мой і служэньне слова, якое я атрымаў ад Пана Езуса, каб сьведчыць аб эванэліі ласкі Божай.
25 І цяпер вось я ведаю, што болей ня ўгледзіце вобліку майго вы ўсе, праз каторых я прыйшоў, абвяшчаючы каралеўства Божае.
26 Дзеля гэтага сьведчу вам у сягоньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх,
27 бо ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.
28 Уважайце на сябе і на ўсю стаду, у якой Дух сьвяты паставіў вас біскупамі, каб кіраваць Касьцёлам Божым, каторы ён здабыў крывёю сваею.
29 Я ведаю, што пасьля майго адыходу ўвойдуць між вас ваўкі рвучыя, не ашчаджаючыя стады.
30 І з вас самых паўстануць мужы, гаворачыя круцельствы, каб адвясьці за сабою вучняў.
31 Дзеля гэтага чуйце, памятаючы, што я праз тры гады ўначы і ўдзень не пераставаў напамінаць са сьлязьмі кожнага з вас.
32 І цяпер паручаю вас Богу і слову ласкі ягонай, каторы мае моц збудаваць і даць спадчыну і даць спадчыну між усіх пасьвячоных.
33 Серабра і золата або адзежы я ў нікога не пажадаў, як
34 самі ведаеце, што на мае патрэбы і тых, каторыя ёсьць са мною, служылі гэтыя рукі.
35 Усё вам паказаў, што так працуючы трэба падтрымліваць слабых і помніць слова Пана Езуса, што ён сказаў: шчасьлівей даваць, чым браць.
36 І калі гэтае сказаў, стаўшы на калені свае, маліўся з імі ўсімі.
37 І ўзьняўся вялікі плач усіх, і кідаючыся на шыю Паўла, цалавалі яго,
38 адчуваючы жаль найболей з таго слова, якое ён сказаў, што болей ня ўгледзяць вобліку ягонага. І праводзілі яго да карабля.

Каментары ці зноскі:

6 «А мы адплылі» — Лукаш у Філіппах ізноў далучыўся да Паўла.

7 «У першы дзень па субоце», гэта значыць, у нядзелю. Як бачым, ужо тады хрысьціяне сьвяткавалі нядзелю і зыходзіліся ў гэты дзень на ламаньне хлеба (імшу сьв.).

11 «Нагаварыўшы» — доўгі час гаварыў навуку.

17 З Мілету ў Эфэз было каля 46 клм.

22 «Зьвязаны духам» г. зн. сваім нутраным пракананьнем, падлягаючы нейкай сіле духа.

23 Дух сьвяты сьведчыў праз вусны прарокаў, або інакш кажучы, вучняў, гаворачых з натхненьня Духа сьв.

26 «Чысты ад крыві ўсіх» г. зн. ня Паўлава віна, калі ня збавяцца ўсе тыя, каторым ён абвяшчаў эванэлію, бо ён зрабіў усё, што ад яго залежала.

28 Дух сьв. пастанавіў іх біскупамі праз апосталаў. Слова «біскуп» (з грэцкага «эпіскопос») значыць нагляднік, даглядач, старшы над грамадой. Дзеля таго што на чале хрысьціянскіх грамад стаялі старшыя (прэзбітэры), іх таксама часта называлі біскупамі. Толькі ў другім стагодзьдзі слова «біскуп» азначае ўжо заўсёды вышэйшы чын у касьцёльнай гіерархіі, а «прэзбітэр» — ніжэйшы.

32 «Слова ласкі» значыць слова эванэліі, якая нам дала ласку і праўду.

34 Сваімі рукамі Павал зарабляў сабе на пражыцьцё (гл. Ап. Дз. 18:3). Жыды нават вучаныя і багатыя звычайна муселі знаць нейкае рамясло.

35 Ня толькі дзеля таго, што даваньне ёсьць знакам заможнасьці і незалежнасьці, але праз даваньне можам зарабіць сабе на жыцьцё вечнае.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Апостальскія дзеі, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.