1 Стаўся-ж у той дзень вялікі прасьлед Касьцёла, які быў у Ерузаліме. І разсыпаліся ўсе па краінах Юдэі І Самарыі, апроч апосталаў.
2 І пахавалі Сьцяпана багабойнага людзі і ўчынілі над ім вялікі плач.
3 Шавал-жа пустошыў Касьцёл; уваходзячы ў дамы і цягнучы мужоў і жанчын, ён аддаваў у вастрог.
4 Дык каторыя былі разсыпаўшыся, хадзілі, абвяшчаючы слова Божае.
5 Філіп-жа, зайшоўшы ў горад Самарыі, абвяшчаў ім Хрыстуса.
6 А грамады ўважалі на тое, што казаў Філіп, аднадушна слухаючы і відзячы знакі, якія чыніў.
7 Бо з многіх тых, якія мелі духаў нячыстых, выходзілі яны, крычачы вялікім голасам; і многа спаралізаваных і кульгавых было аздароўленых.
8 Дык сталася вялікая радасьць у гэтым горадзе.
9 Адзін-жа муж, на імя Сымон, каторы быў перад гэтым у горадзе чараўніком, зводзячы народ Самарыі, кажучы, што ён ёсьць нешта вялікае.
10 Яго слухалі ўсе ад найменшага аж да найбольшага, кажучы: Ён ёсьць моц Божая, што завецца вялікая.
11 А ўважалі яго затым, што праз многа часу сваімі чарамі чмуціў іх.
12 Калі-ж уверылі Філіпу, абвяшчаючаму аб каралеўстве Божым, хрысьціліся ў імя Езуса Хрыста мужы і жанкі.
13 Тады і сам Сымон уверыў, і калі быў ахрышчаны, прыстаў да Філіпа. Бачачы так-жа, што дзеяліся дужа вялікія знакі і цуды, ён аслупянеўшы дзівіўся.
14 Калі-ж пачулі апосталы, каторыя былі ў Ерузаліме, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна.
15 Яны прыйшоўшы, маліліся за іх, каб атрымалі Духа сьвятога;
16 бо яшчэ ня прыйшоў на нікога з іх, але былі толькі ахрышчаны ў імя Пана Езуса.
17 Тады клалі на іх рукі і атрымоўвалі Духа сьвятога.
18 Калі-ж убачыў Сымон, што праз ускладаньне рук апосталаў даецца Дух сьвяты, прынёс ім грошы,
19 кажучы: Дайце і мне гэту ўладу, каб на каго-колечы я ўзлажу рукі, атрымаў ён Духа сьвятога. А Пётр сказаў да яго:
20 Грошы твае няхай будуць з табою на згубу, бо ты думаў, што дар Божы здабываецца за грошы.
21 Няма для цябе часьці ані долі у мове гэтай, бо сэрца тваё ня ёсьць простае перад Богам.
22 Дык кайся ў гэтай нягоднасьці тваей і прасі Бога, а можа будзе адпушчана табе гэтая думка сэрца твайго.
23 Бо я бачу, што ты ёсьць у жоўці гарчыні і ў зьвязе нягоднасьці.
24 Адказваючы-ж Сымон сказаў: Малецеся вы за мяне да Пана, каб ня прыйшло на мяне нічога з таго, што вы сказалі.
25 Яны-ж пасьведчыўшы і расказаўшы слова Пана, варочаліся ў Ерузалім, і абвяшчалі эванэлію ў многіх краінах самаранаў.
26 Анёл-жа Панскі сказаў да Філіпа, кажучы: Устань і ідзі на поўдзень на дарогу, якая з Ерузаліму ідзе ў Газу, яна пустая.
27 І ўстаўшы пайшоў. І вось муж этыопец, еўнух, вяльможа Кандакі, каралевы этыопскай, каторы быў над усімі яе скарбамі, быў прыйшоўшы у Ерузалім пакланіцца.
28 І варочаўся, седзячы на возе сваім і чытаючы Ізаія прарока.
29 І сказаў Дух Філіпу: Падыйдзі і далучыся да гэтага возу.
30 Прыбегшы-ж Філіп пачуў яго чытаючы Ізаія прарока і сказаў: Думаеш, разумеш, што чытаеш?
31 Ён сказаў: І як-жа я здолею, калі мне хто не пакажа? І прасіў Філіпа, каб узьлез і сеў з ім.
32 Месца-ж Пісаньня, якое чытаў, было гэтае (Із. 53:7-8): «Як авечка на забіцьцё быў ведзены, і як баранчык бяз голасу перад стрыгучым яго, так ён не адчыніў вуснаў сваіх.
33 У паніжэньні суд ягоны быў зьнесены; род ягоны хто выкажа? Бо ўзятае будзе з зямлі жыцьцё ягонае».
34 І адказваючы еўнух Філіпу, сказаў: Прашу цябе, аб кім прарок кажа гэта, аб сабе ці аб кім іншым?
35 А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад гэтага Пісаньня, абвяшчаў яму Езуса.
36 А калі яны ехалі дарогаю, прыехалі да нейкае вады. І сказаў еўнух: Вось вада, што мне перашкаджае ахрысьціцца?
37 Філіп-жа сказаў: Калі верыш з усяго сэрца, можна. І адказваючы сказаў: Веру, што Езус Хрыстус ёсьць Сын Божы.
38 І загадаў затрымаць воз, і ўвайшлі абодва ў ваду, Філіп і еўнух, і ахрысьціў яго.
39 А калі выйшлі з вады, Дух сьвяты хваціў Філіпа, і болей ня бачыў таго еўнух, але ехаў дарогаю сваею, радуючыся.
40 А Філіп знайшоўся ў Азоце, і праходзячы абвяшчаў эванэлію усім народам, пакуль ня прыйшоў у Цэзарэю.
Каментары ці зноскі:
1 Сьмерць сьв. Сьцяпана выклікала далейшы прасьлед хрысьціян з боку жыдоў. Прасьлед накіраваўся прадусім проціў хрысьціян з грэцкіх жыдоў (гэлленістаў), якія, жывучы ў Ерузаліме, прынялі хрысьціянства.
3 Шавал меў на гэта паўнамоцтвы Сангэдрыну.
5 Філіп, адзін з сямёх дыяканаў, пасьля сьмерці сьв. Сьцяпана займае пасярод іх першае месца ў пашыраньні эванэліі.
9 Чараўніцтва або магія было тады вельмі пашырана на Ўсходзе.
13 Хрост Сымона ня быў шчыры. Відаць, ён уважаў Філіпа таксама за чараўніка, толькі большага за сябе. Прыймаючы хрост і далучаючыся да Філіпа, ён хацеў здабыць для сябе новую цудатворчую сілу.
14 «Паслалі Пятра і Яна» г. зн. урадзілі, каб пайшлі Пётр і Ян.
15 Сакрамэнту крыжмаваньня Філіп ня мог даць, затым пайшлі туды апосталы.
18 Прысутнасьць Духа сьв. праяўлялася навонкі ў розных дарах, як дар моваў, прарочаньня і г. д. Сымон хацеў здабыць уладу даваньня Духа сьв.
27 Этыопія — гэта сяньняшняя Абісынія з ваколічнымі краямі. Той этыёпец, відаць, быў прыняўшы жыдоўскую веру і яшчэ не разумеў добра прароцтваў. Чытаў ён, паводле ўсходняга звычаю, уголас.
32 Этыёпец чытаў месца з Ізаія прарока, дзе апісваецца цярплівасьць Мэсыяша, яго паніжэньне і сьмерць.
33 Суд над Хрыстом прычыніўся не да паніжэньня яго, але да ўзвышэньня.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Апостальскія дзеі, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.