Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Дзеі 9 Апостальскія Дзеі 9 разьдзел

1 А Шавал, душучы яшчэ пагрозамі і забойствам проціў вучняў Пана, прыйшоў да архісьвятара
2 і прасіў у яго пісьмаў у Дамашак да бажніц, каб есьлі-б каго знайшоў гэтага шляху мужоў і жанчын, зьвязаных прывёў у Ерузалім.
3 А калі быў у дарозе, сталася, што прыбліжаўся да Дамашку. І раптам асьвяціла яго навокал сьветласьць з неба;
4 і ўпаўшы на зямлю, пачуў голас да яго кажучы: Шавал, Шавал, чаму ты мяне прасьледуеш?
5 Ён сказаў: Хто ты ёсьць Пане? А той: Я ёсьць Езус, каторага ты прасьледуеш. Трудна табе проціў ражна брыкаць.
6 А дрыжачы і аслупянеўшы, ён сказаў: Пане, што хочаш, каб я рабіў?
7 А Пан да яго: Устань і ўвайдзі ў горад, і там скажуць табе, што трэба табе рабіць. Тыя-ж мужы, што з ім падарожнічалі, стаялі аслупянеўшы, чуючы, праўда, голас, але нікога ня бачачы.
8 І ўстаў Шавал з зямлі, і адчыніўшы вочы, нікога ня відзеў. І вядучы яго за рукі, увялі ў Дамашак.
9 І быў там праз тры дні ня відзячы, і ня еў і ня піў.
10 Быў-жа адзін вучань у Дамашку, на імя Ананій. І сказаў да яго Пан у відзеньні: Ананій! Ён-жа сказаў: Вось я, Пане.
11 А Пан да яго: Устань і ідзі на вуліцу, што завецца простая і шукай у доме Юды Шаўла па імяні, Тарсяніна, бо вось ён моліцца.
12 (А відзеў ён мужа, на імя Ананія, уваходзячага і ўкладаючага на яго рукі, каб атрымаў зрок).
13 Ананій-жа адказаў: Пане, я чуў ад многіх аб гэтым мужу, сколькі благога ён зрабіў сьвятым тваім у Ерузаліме;
14 і тут ён мае ўладу ад архісьвятараў вязаць усіх, каторыя прызываюць імя тваё.
15 А Пан сказаў да яго: Ідзі, бо ён ёсьць для мяне выбраная пасудзіна, каб насіў імя маё перад народамі і каралямі і сынамі Ізраіля;
16 бо я яму пакажу, сколькі трэба яму цярпець за імя маё.
17 І прыйшоў Ананій, і ўвайшоў у дом, і ўзлажыўшы яму рукі, сказаў: Шаўле, браце, Пан Езус, каторы зьявіўся табе ў дарозе, каторай ты ішоў, паслаў мяне, каб ты відзеў і быў напоўнены Духам сьвятым.
18 І зараз-жа апалі з вачэй ягоных быццам лускі і атрымаў зрок; і ўстаўшы, быў ахрышчаны.
19 І прыняўшы ежу, памацнеў. І быў з вучнямі, якія былі ў Дамашку, праз некалькі дзён.
20 І зараз абвяшчаў у бажніцах Езуса, што ён ёсьць Сын Божы.
21 Стаўпянелі-ж усе, каторыя слухалі, і казалі: Ці-ж гэта ня той, што ў Ерузаліме выгубляў тых, каторыя прызывалі імя гэтае. І сюды патое прыйшоў, каб іх зьвязаных весьці да архісьвятараў?
22 А Шавал штораз болей мацнеў і бянтэжыў жыдоў, каторыя жылі ў Дамашку, цьвердзячы, што гэты ёсьць Хрыстус.
23 Калі-ж прайшло многа дзён, жыды зрабілі разам нараду, каб яго забіць;
24 але сталі ведамымі Шаўлу іх подступы. Яны-ж пільнавалі і брамаў і дзень і ноч, каб яго забіць.
25 Але вучні, узяўшы яго ўначы, выпусьцілі яго праз мур, спускаючы ў кашы.
26 Калі-ж прыйшоў у Ерузалім, стараўся далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго, ня веручы, каб ён быў вучнем.
27 Але Барнаба, узяўшы яго, прывёў да апосталаў і расказаў ім, як ён у дарозе відзеў Пана і што гаварыў яму, і як у Дамашку сьмела выступаў у імя Езуса.
28 І прабываў з імі ў Ерузаліме, уваходзячы і выходзячы, і сьмела выступаючы ў імя Пана.
29 Гаварыў так-жа з паганамі і спорыў з грэкамі, але яны хацелі яго забіць.
30 Браты, даведаўшыся аб гэтым, адвялі яго ў Цэзарэю і адаслалі ў Тарс.
31 А Касьцёл па ўсей Юдэі і Галілеі і Самарыі меў супакой, і будаваўся, ходзячы ў страху Пана, і напўняўся пацяшэньнем Духа сьвятога.
32 І сталася, што Пётр, калі абходзіў усіх, прыйшоў да сваіх, што жылі ў Лідзьдзе.
33 Знайшоў-жа там аднаго чалавека, на імя Энэй, ад васьмі гадоў ляжачага на ложы, каторы быў спаралізаваны.
34 І сказаў яму Пётр: Энэй, аздараўляе цябе Пан Езус Хрыстус, устань і пасьцялі сабе. І ён зараз-жа ўстаў.
35 І бычылі яго ўсе, што жылі ў Лідзьдзе і ў Сароне; яны навярнуліся да Пана.
36 А была ў Ёппе адна вучаніца, на імя Табіта, што пераложанае значыць Сарна. Яна была поўная добрых чынаў і дарэньняў, якія чыніла.
37 І сталася ў тыя дні, што захварэўшы памярла. Абмыўшы яе, палажылі яе ў сьвятліцы.
38 А як Лідда блізка была ад Ёппы, вучні пачуўшы, што ў ёй ёсьць Пётр, паслалі да яго двух мужоў, просячы: Не марудзь прыйсьці да нас.
39 І ўстаўшы Пётр, пайшоў з імі. І калі прыйшоў, завялі яго ў сьвятліцу; і абступілі яго ўсе ўдовы, плачучы і паказваючы яму сукні і вопраткі, якія рабіла для іх Сарна.
40 Выправіўшы-ж усіх проч, Пётр стаўшы на калені маліўся; і зьвярнуўшыся да цела, сказаў: Табіта, устань. А яна адчыніла вочы свае і ўбачыўшы Пятра села.
41 І даўшы ей руку, падняў яе. І паклікаўшы сьвятых і ўдовы, аддаў яе жывую.
42 І стала ведама па ўсей Ёппе, і многія ўверылі ў Пана.
43 І сталася, што праз многа дзён прабываў у Ёппе, у нейкага Сымона, гарбара.

Каментары ці зноскі:

1-2 «Гэтага шляху» — значыць: хрысьціянскай рэлігіі. У Дамашку была вялікая жыдоўская калонія і пасярод яе многа хрысьціян. У той час да Касьцёла наварочваліся пераважна жыды, асабліва з грэцкай культурай (гэлленісты). Шавал, малады фарызэй, ішоў у Дамашак, маючы паўнамоцтвы ад архісьвятара, якому ў справах рэлігійных былі падуладны жыды нават паза Палестынай.

4 З гэтых слоў відаць, што хто прасьледуе Касьцёл, той прасьледуе самога Хрыста.

5 «Трудна табе проціў ражна брыкаць» — значыць: трудна табе змагацца з воляй Божай. На Ўсходзе паганяюць жывёлу завостарным кіём; жывёла, брыкаючы і ня хочучы ісьці, толькі раніцца аб гэтакі ражон.

9 З гэтага відаць, якое вялікае ўражаньне зрабіла на Шаўла тое відзеньне і якая вялікая перамена адбылася ў ягонай душы!

12 Разам з Ананіяй і Павал меў відзеньне.

26 Шавал прыбыў у Ерузалім пасьля трох гадоў ад свайго навароту. Праз тры гады ён быў у Арабіі, дзе з аб'яваў Божых пазнаваў хрысьціянскую веру. У Ерузаліме ён хацеў пабачыцца з Пятром. Хрысьціяне, хоць ведалі аб ягоным навароце, ня верылі ў яго шчырасьць.

28 «Уваходзячы і выходзячы» — значыць: стала прабываючы, жывучы.

29 «З грэкамі» г. зн. з жыдамі, прыняўшымі грэцкую культуру.

32 Карыстаючыся з наступіўшага супакою, Пётр адведывае хрысьціянскія грамады па іншых гарадох Палестыны.

Сьвятым і называліся тады хрысьціяне, бо яны былі выдзелены з сапсутага сьвету і пасьвячоны Богу і ягонай службе.

36 Ёппа — сяньняшняя Яффа, порт над міжземным морам.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Апостальскія дзеі, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.