1 Былі-ж у Касьцеле, што быў у Антыохіі, прарокі і вучыцялі, паміж імі Барнаба і Сымон, каторы зваўся Чорны, і Луцый Цырэнэец, і Манаген, каторы быў выгадаваны разам з Гэрадам тэтрархай, і Шавал.
2 А калі яны адпрўлялі службу Пану і пасьцілі, сказаў ім Дух сьвяты: Адлучэце мне Шаўла і Барнабу на справу, да якое я іх узяў.
3 Тады посьцячы і молячыся, і ўзлажыўшы на іх рукі, адправілі іх.
4 І яны-то, пасланыя Духам сьвятым, пайшлі ў Сэлеўцыю, а адтуль паплылі ў Цыпр.
5 І калі прыбылі ў Саламіну, абвяшчалі слова Божае ў бажніцах жыдоўскіх. А мелі яны і Яна на ўслужэньні.
6 А перайшоўшы ўсю выспу аж да Пафы, знайшлі аднаго мужа чараўніка, фальшывага прарока, жыда, катораму на імя было Бар’езу,
7 каторы быў пры старасьце Сяргею Паўле, разумным мужу. Гэты, паклікаўшы Барнабу і Шаўла, жадаў слухаць слова Божае.
8 Супраціўляўся-ж ім Элімас чараўнік (бо гэтак тлумачыцца імя ягонае), стараючыся адвярнуць старасту ад веры.
9 А Шавал, ён-жа і Павал, напоўнены Духам сьвятым, углядаючыся на яго,
10 сказаў: О поўны ўсякай здрады і ўсякай крывадушнасьці сыне д’ябла, ворагу ўсякай справядлівасьці, ты не перастаеш выварачываць простыя дарогі Пана.
11 І вось цяпер рука Пана над табою, і будзеш сьляпы, ня відзячы сонца аж да часу. І зараз-жа паў на яго змрок і цемра, і ходзячы навакол, шукаў, хто-б яму падаў руку.
12 Тады стараста, увідзеўшы, што сталася, уверыў, дзівячыся над навукай Пана.
13 Калі-ж Павал і тыя, што з ім былі, адплылі з Пафы, прыбылі ў Пэргу, у Памфіліі. Ян-жа, адыйшоўшы ад іх, вярнуўся ў Ерузалім.
14 А яны, прайшоўшы Пэргу, прыйшлі ў Антыохію Пізыдзкую, і ўвайшоўшы ў бажніцу ў дзень суботні, селі.
15 Пасьля-ж прачытаньня закону і прарокаў паслалі старшыя над бажніцай да іх, кажучы: Мужы браты, калі ёсьць у вас якая мова напамінаньня да народу, кажэце.
16 Устаўшы-ж Павал і рукою наказаўшы маўчаньне, сказаў: Мужы Ізраільскія і каторыя баіцёся Бога, слухайце.
17 Бог народу Ізраільскага выбраў айцоў нашых і ўзвысіў народ, калі былі жыхарамі ў зямлі Эгіпскай, і вывеў іх вышняю рукою з яе,
18 і праз сорак гадоў часу перанасіў іх абычаі ў пустыні.
19 І зьніштожыўшы сем народаў у зямлі Канаанскай, лёсам падзяліў ім зямлю іх,
20 каля чатырохсот пяцідзесяці гадоў потым; а пасьля гэтага даў судзьдзяў аж да Самуэля прарока.
21 І ад таго часу прасілі аб караля, і даў ім Бог Саула, сына Ціса, мужа з пакаленьня Бэн’яміна, сарака гадоў.
22 І адкінуўшы яго, падняў ім Давіда караля, катораму даючы пасьведчаньне, сказаў: «Знайшоў я Давіда, сына Ессага, мужа паводле сэрца майго, каторы будзе чыніць усе заданьні мае» (І Карал. 13:14).
23 З яго патомства Бог, паводле абяцаньня, вывеў для Ізраіля Збаўцу Езуса,
24 калі Ян перад воблікам прыходу ягонага абвяшчаў хрост пакуты ўсяму народу Ізарільскаму.
25 Калі-ж Ян споўніў свой бег, казаў: «За каго вы мяне ўважаеце, я ня ёсьць; але вось ідзе за мною, каторага я ня годзен разьвязаць абутак з ног».
26 Мужы браты, сыны роду Абрагама і каторыя паміж вас баяцца Бога, вам паслана слова гэтага збаўленьня.
27 Бо каторыя жылі ў Ерузаліме і павадары ягоныя, не пазнаўшы яго і асудзіўшы, выпаўнілі прарочыя галасы, якія чытаюцца кожную суботу,
28 і не занайшоўшы з ім ніякай прычыны сьмерці, прасілі ў Пілата, каб яго забіць.
29 А калі даканалі ўсё, што аб ім было напісана, зьняўшы яго з дрэва, палажылі яго ў гробе.
30 Але Бог падняў яго з умерлых трэцяга дня. Яго бачылі праз многія дні тыя,
31 каторыя разам з ім прыйшлі з Галілеі ў Ерузалім, каторыя аж дагэтуль ёсьць сьведкамі яго перад народам.
32 І мы вам абвяшчаем тое абяцаньне, якое сталася да айцоў нашых,
33 што Бог выпаўніў яго дзецям нашым, падняўшы Езуса, як і напісана ёсьць у другім псальме: «Ты ёсьць Сын мой, я сягоньня радзіў цябе».
34 А што падняў яго з умерлых, каб болей ужо не варочаўся да гніцьця, так сказаў: Што «дам вам сьвятое Давідава вернае» (Із. 55:3).
35 Дзеля таго і ў другім месцы кажа: «Ня дасі сьвятому твайму ўбачыць гніцьця» (Пс. 16:10).
36 Бо Давід, на вяку сваім паслужыўшы волі Божай, заснуў і далучаны ёсьць да айцоў сваіх і ўбачыў гніцьцё.
37 Але каго Бог ускрасіў з умерлых, той ня бачыў гніцьця.
38 Няхай-жа будзе вам ведама, мужы браты, што праз яго абвяшчаецца вам адпушчэньне грахоў; і ад усяго, ад чаго вы не маглі быць апраўданымі праз закон Майсея,
39 праз яго кожны, хто верыць, бывае апраўданы.
40 Дык глядзеце, каб ня прыйшло на вас, што сказана ў прарокаў:
41 «Убачце, пагарднікі, і дзівецеся, і згіньце, бо чыню справу ў дні вашыя, справу, якой вы не паверыце, калі-б хто расказаў вам» (Авв. 1:5).
42 А калі яны выходзілі, прасілі, каб у наступную суботу гаварылі да іх гэтыя словы.
43 Калі-ж была распушчана бажніца, многа жыдоў і набожных нованаверненых пайшло за Паўлам і Барнабай, каторыя гаворачы радзілі ім трываць у ласцы Божай.
44 А ў наступную суботу блізу ўвесь горад зыйшоўся слухаць слова Божага.
45 Але жыды, убачыўшы грамады, напоўніліся зайздрасьцяй і блюзьнячы пярэчылі таму, што гаварыў Павал.
46 Тады Павал і Барнаба цьвёрда сказалі: Для вас трэба было наўперад гаварыць слова Божае, але затым што вы адкідаеце яго і прызнаецё сябе нягоднымі жыцьця вечнага, вось іы зварочваемся да паганаў.
47 Бо гэтак загадаў нам Пан: «Паставіў цябе на сьветласьць паганаў, каб быў на збаўленьне аж край зямлі» (Із. 49:6).
48 Пагане-ж пачуўшы, узрадаваліся і славілі слова Пана; і ўверылі каторыя-толькі былі прызначаны да жыцьця вечнага.
49 І разсявалася слова Пана па ўсей краіне.
50 Але жыды падбурылі набожных і паважаных жанчын і першых у горадзе, і паднялі прасьлед проці Паўла і Барнабы, і выкінулі іх з сваіх граніц.
51 Яны-ж, абтросшы на іх пыл з ног, прыйшлі ў Іконію.
52 Вучні так-жа напаўняліся радасьцяй і Духам сьвятым.
Каментары ці зноскі:
1 «Прарокі» мелі дар выказваньня аб'яваў Духа сьв. а «вучыцялі» — мелі дар навучаньня эванэліі. Яны мелі ў першапачатковым касьцёле вялікае значэньне.
2 «Адпраўлялі службу» г. зн. набажэнства. Служба Божая складалася тады з малітваў, навукі, прарочаньня і сьв. Эўхарыстыі.
3 Прарокі і вучыцялі антыохскія праз узлажэньне рук не далі Паўлу і Барнабе дару апостальства, бо Павал быў пакліканы самым Хрыстом, а Барнаба — апосталамі, а далі ім багаславенства і паўнамоцтва ад касьцёла ў Антыохіі на іх працу.
5 Саламіна — порт на Цыпры. Павал і Барнаба зварочваюцца найперш да жыдоў, бо да іх першых трэба было зварочвацца паводле загаду Хрыстовага (Мт. 10:6; 15:24), апроч гэтага ў жыдоўскія бажніцы прыходзілі ня толькі жыды, але і прозэліты, якія шукалі праўды Божай. Пасярод гэтых апошніх было многа прыхільнікаў навукі Хрыстовай.
7 Стараста Сяргей, відаць, належаў да тых знатных рымлян, якія любілі мець на сваім двары вучоных і чараўнікоў, знаючых таёмныя сілы прыроды і паказваючых розныя дзівы. Сяргей, пачуўшы аб Паўле і Барнабе, хацеў і іх паслухаць, што было непрыемным для таго чараўніка-мага.
9 Шавал (Саул) зьмяніў сваё жыдоўскае імя на рымскае Павал (Паўлус), каб мець доступ да рымлян і грэкаў.
11 «Да часу» значыць: пакуль не навернесься.
13 Памфілія — правінцыя ў Малой Азіі. Тут Ян Марак пакінуў апосталаў і вярнуўся ў Ерузалім, чым адхіліў ад сябе Паўла.
14 Гэта была другая Антыохія, якая ляжала пасярэдзіне М. Азіі на гандлёвым шляху з Эзэфу на Усход. Насельніцтва складалася з фрыгійцаў, грэкаў, рымлян і жыдоў.
16 «Каторыя баіцёся Бога» — гэта зварот адносіўся да паганаў, наверненых на жыдоўскую веру (прозэлітаў).
25 «Ян споўніў свой бег» — зн. скончыў сваё пасланства.
27 «Выпаўнілі прарочыя галасы» г. зн. споўнілі тое, што было напісана прарокамі аб Хрысьце.
30-31 Праўда аб ускрасеньні Хрыстовым заўсёды вясьцілася апосталамі, як галоўная праўда хрысьціянства. Сьведкамі ўскросу Хрыстовага былі тыя, якія яго відзелі ўскросшым, прабывалі з ім і датыкаліся да яго.
35-37 Словы : «Не дасі Сьвятому твайму ўбачыць гніцьця» ня могуць адносіцца да Давіда, бо ён памёр і быў падлеглы гніцьцю, значыць, ён ёсьць Мэсыяш, бо на ім споўніліся гэтыя прарочыя словы.
44 Прыйшлі ў бажніцу і прозэліты, каб слухаць Паўла і гэта вельмі абурыла жыдоў.
51 «Абтросшы пыл» гл. Мт. 10:14.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Апостальскія дзеі, 13 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.