Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Дзеі 22 Апостальскія Дзеі 22 разьдзел

1 Мужы браты і айцы, паслухайце, якую я цяпер здаю вам справу.
2 Калі-ж пачулі, што ў жыдоўскай мове гаварыў да іх, учынілі яшчэ большую цішыню.
3 І сказаў: Я ёсьць муж жыд, радзіўшыся ў Тарсе ў Цыліцыі, а ўзгадаваны ў гэтым горадзе, ля ног Гамалійэля навучаны паводле праўды айцоўскага закону, рупны слуга закону, так як і вы ўсе сягоньня;
4 я прасьледаваў гэты шлях аж да сьмерці, вяжучы і перадаючы ў вастрог мужоў і жанчын.
5 Як архісьвятар дае мне пасьведчаньне і ўсе старшыя, ад каторых атрымаўшы і пісьмы ад братоў, я ішоў у Дамашак, каб прывесьці адтуль зьвязаных у Ерузалім, каб іх пакараць.
6 І сталася, калі я ішоў і прыбліжаўся да Дамашку ў поўдзень, раптам асьвяціла мяне навакол вялікая сьветласьць з неба.
7 І ўпаўшы на зямлю, пачуў я голас, кажучы мне: «Шавал, Шавал, чаму ты мяне прасьледуеш»?
8 А я адказаў: Хто ты ёсьць, Пане? І сказаў да мяне: «Я ёсьць Езус Назарэнскі, каторага ты прасьледуеш».
9 А тыя, што былі са мною, сьветласьць то бачылі, але голасу ня чулі таго, хто са мною гаварыў.
10 І я сказаў: Што мне рабіць, Пане? А Пан сказаў да мяне: «Устаўшы ідзі ў Дамашак, а там скажуць табе аб усім, што табе трэба рабіць».
11 А калі я ня відзеў дзеля яснасьці таго сьвятла, ведзены за руку таварышамі, прыйшоў я ў Дамашак.
12 Адзін-жа Ананій, муж паводле закону, маючы пасьведчаньне ад усіх разам жывучых жыдоў,
13 прыйшоўшы да мяне, сказаў мне: «Шаўле, браце, праглянь». І я ў тую-ж часіну глянуў на яго.
14 А ён сказаў: «Бог айцоў нашых празначыў цябе, каб ты пазнаў волю яго, і ўбачыў Справядлівага, і пачуў голас з вуснаў ягоных.
15 Бо будзеш сьведкай ягоным перад усімі людзьмі таго, што ты бачыў і чуў.
16 І цяпер чаго марудзіш? Устань, і ахрысьціся, і змый грахі твае, прызваўшы імя ягонае».
17 А сталася, калі я вярнуўся ў Ерузалім і маліўся ў сьвятыні, я папаў у захапленьне.
18 І відзеў яго, кажучага мне: «Сьпяшайся і выйдзі скора з Ерузаліму, бо ня прыймуць твайго пасьведчаньня аба мне».
19 А я сказаў: Пане, яны ведаюць, што я саджаў у вастрог і біў тых, што верылі ў цябе.
20 І калі лілася кроў Сьцяпана, твайго сьведкі, я стаяў там і згаджаўся і сьцярог вопратак тых, што забівалі яго.
21 І сказаў да мяне: «Ідзі, бо я да паганаў далёка пашлю цябе».
22 І слухалі яго аж да гэтага слова, і паднялі голас свой, кажучы: зьніштож з зямлі гэтага, бо нельга, каб ён жыў!
23 А калі яны крычалі і кідалі вопраткі свае і шпурлялі пыл у паветра,
24 тысячнік загадаў увесьці яго ў лагер і біць бічамі і катаваць яго, каб даведацца, дзеля якой прычыны так на яго крычалі.
25 Калі-ж зьвязалі яго рамнямі, Павал сказаў да стаяўшага каля яго сотніка: Ці чалавека рымляніна і незасуджанага можна вам бічаваць?
26 Пачуўшы гэтае, сотнік падыйшоў да тысячніка і абвясьціў яму, кажучы: што хочаш рабіць? Бо гэты чалавек ёсьць рымскі грамадзянін.
27 І падыйшоўшы тысячнік сказаў яму: Скажы мне, ці ты рымлянін? А ён сказаў: Так.
28 І адказаў тысячнік: Я за вялікую суму здабыў гэтае грамадзянства. А Павал сказаў: А я і ўрадзіўся.
29 Дык зараз адступілі ад яго тыя, што мелі яго катаваць. Тысячнік так-жа спалохаўся, як даведаўся, што ён рымскі грамадзянін і што зьвязаў яго.
30 На другі-ж дзень, хочучы дакладней даведацца, з якой прычыны быў вінавачаны жыдамі, разьвязаў яго, і загадаў зыйсьціся сьвятарам і ўсей Радзе, і вывеўшы Паўла, паставіў паміж іх.

Каментары ці зноскі:

3 «У ног Гамалійэля» трэба разумець даслоўна, бо ў жыдоў вучыцель (раббі) сядзеў звычайна на столку, а вучні на зямлі ля ягоных ног.

5 «Да братоў» — значыць: да жыдоў у Дамашку.

14 «Убачыў Справядлівага» г. зн. Мэсыяша.

18 У захапленьні Павал відзеў Хрыстуса, які загадаў яму выйсьці з Ерузаліму, бо праца ягоная ў гэтым горадзе была-б бясплодная. З гэтага відаць, што Павал пасьля свайго навароту думаў працаваць у Ерузаліме.

22 Калі Павал успомніў аб паганах, злосьць у жыдоў узьнялася нанова.

24 Тысячнік, не разумеючы жыдоўскай (арамайскай) мовы, з крыку і шалу жыдоў зрабіў вывад, што мае прад сабою нейкага праступніка і хацеў праз катаваньне даведацца ад Паўла ўсей праўды.

30 Тысячнік склікаў Сангэдрын, каб даведацца, у чым жыды вінавацяць Паўла.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Апостальскія дзеі, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.