1 І пачулі апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і пагане прынялі слова Божае.
2 Калі-ж прыйшоў Пётр у Ерузалім, спрачаліся з ім тыя, што былі з абразаньня,
3 кажучы: Чаму ты ўвайшоў да мужоў, маючых адрэзак і еў з імі?
4 А Пётр, пачаўшы, выкладаў ім папарадку, кажучы:
5 Я быў у горадзе Ёппе, молячыся, і бачыў у захопленьні відзеньне, зыходзячую нейкую пасудзіну, як-бы вялікі настольнік, за чатары канцы спусканы з неба, і прыйшоў аж да мяне.
6 Углядаючыся на яго, я прыглядаўся і ўбачыў чацьвёраногіх зямлі, і зьвяроў, і паўзуноў, і птахаў нябесных.
7 Пачуў-жа я і голас, кажучы мне: «Устань, Пётра, забівай і еш».
8 Я-ж сказаў: О не, Пане, бо паганае або нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае.
9 І адказаў голас другі раз з неба: «Што Бог ачысьціў, ты не называй паганым».
10 А гэтае сталася праз тры разы, і ізноў усё было ўзята ў неба.
11 І вось зараз-жа тры мужы сталі ў доме, у каторым я быў, пасланыя з Цэзарэі да мяне.
12 А Дух сказаў мне, каб я ішоў з імі, нічога не сумневаючыся. Пайшлі-ж са мною і гэтыя шэсьць братоў, і ўвайшлі мы ў дом мужа.
13 А ён расказаў нам, як відзеў анёла ў сваім доме, стаячага і кажучага яму: «Пашлі ў Ёппу і паклч Сымона, каторы завецца Пётр,
14 ён скажа табе словы, праз каторыя будзеш збаўлены ты і ўвесь твой дом».
15 А калі я пачаў гаварыць, паў Дух сьвяты на іх, так як і на нас напачатку.
16 І прыпомніў я слова Пана, як ён казаў: «Ян-то хрысьціў вадою, але вы будзеце хрышчаны Духам сьвятым» (Ап. Дз. 1:5).
17 Дык калі ім даў Бог такую-ж ласку, як і нам, каторыя верым у Пана Езуса Хрыста, хто я, што мог-бы забараніць Богу?
18 Пачуўшы гэтае, замоўклі і славілі Бога, кажучы: Дык і паганам даў Бог пакуту да жыцьця.
19 А тыя-ж, каторыя былі разьсеяны дзеля ўцісьненьня, якое сталася за Сьцяпана, перайшлі аж да Фэніцыі і Цыпру і Антыохіі, нікому ня кажучы слова, апроч толькі жыдом.
20 Былі-ж некаторыя з іх мужы Цыпрыйцы, якія, калі ўвайшлі ў Антыохію, гаварылі і да грэкаў, абвяшчаючы Пана Езуса.
21 І была рука Пана з імі, і вялікі лік веруючых навярнуўся да Пана.
22 І дайшла аб іх мова да вушэй Касьцёла, які быў у Ерузаліме, і паслалі Барнабу аж да Антыохіі.
23 Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і напамінаў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Пану;
24 бо быў ён муж добры і поўны Духа сьвятога і веры. І вялікая грамада прыхінулася да Пана.
25 І рушыў Барнаба ў Тарс, каб пашукаць Шаўла; знайшоўшы яго, прывёў у Антыохію.
26 І цэлы год яны прабылі там у Касьцеле і навучалі вялікую грамаду, так што вучні найперш у Антыохіі былі названы хрысьціянамі.
27 У гэтыя-ж дні надыйшлі парокі з Ерузаліму ў Антыохію.
28 І ўстаўшы адзін з іх, на імя Агаб, абвяшчаў праз Духа, што мае быць па ўсім сьвеце вялікі голад; які настаў за Клаўдыя.
29 А вучні, як хто меў, пастанавілі кожны паслаць на ўслужэньне братом, жывучым у Юдэі.
30 Што і зрабілі, паслаўшы да старшых праз рукі Барнабы і Шаўла.
Каментары ці зноскі:
3-10 Хрысьціяне з жыдоў ніяк не маглі зразумець, што і пагане могуць быць пакліканы да валадарства Божага і затым ставяць такія закіды Пятру. Пётр баронячыся, расказвае аб сваім відзеньні. Трэба ведаць, што жыду ня можна было захадзіць у дом паганаў і гасьціць там.
12 Тых шасьцёх братоў (хрысьціян), якіх Пётр быў узяўшы з сабою, ідучы з Ёппы да Карнэля, прывёў з сабою ў Ерузалім, каб перад ерузалімскаю грамадою былі сьведкамі ўсяго, што сталася з наваротам Карнэля.
18 Хрысьціяне з жыдоў ужо пачынаюць праконывацца, што прыняцьце хрысьціянства не накладае абавязку спаўняньня рытуальных практык Майсеявага закону, бо Карнэль ня быў прымушаны да абразаньня.
19 Гэтыя падзеі прыпадаюць на гады 36-45 па Н. Хр.
20 Антыохія была сталіцай Сырыі і налічвала тады каля паўмільёна насельніцтва. Пасьля Рыму і Александрыі была яна трэцім горадам у рымскай дзяржаве. Там у хуткім часе зарганізавалася вялікая і моцная хрысьціянская грамада.
26 Назоў: хрысьціяне, значыць — прыхільнікі, вызнавальнікі Хрыста. Гэтага назову не далі вызнавальнікам Хрыста жыды, бо яны гэтага імені ня любілі і называлі хрысьціян галілеянамі або назарэнамі, а далі праўдападобна пагане, каб адрозьніць вызнавальнікаў Хрыста ад вызнавальнікаў Майсеявага закону.
Хрысьціяне паміж сабою дагэтуль называліся вучнямі, выбранымі, сьвятымі, вернымі, братамі, касьцёлам Божым. Потым, калі ў самым хрысьціянстве пачалі ўзрастаць гэрэзыі і сэкты, праўдзівыя хрысьціяне сталі называць сябе каталікамі, г. зн. не вызнавальнікамі ніякай сэкты, але сябрамі агульнага, паўсёднага касьцёла. (Па-грэцку katholike ekklesia тое самае што паўсюдны касьцёл).
30 «Паслаўшы да старшых». Старшымі (грэцк. «presbiteroi») тут завуцца ня людзі пажылых гадоў, але маючыя пэўныя правы і абавязкі ў хрысьціянскай грамадзе. Яны станавілі раду апосталаў, яны памагалі ім у кіраваньні грамадою і былі іх заступнікамі. Павал і Барнаба ўстанаўлялі такіх старшых над новазаложанымі грамадамі (касьцёламі); Павал называе нават такіх старшых біскупамі (episkopoi Ап. Дз. 20:28), хоць яны ня былі біскупамі ў сяньняшнім значэньні. (Слова грэцкае episkopos значыць нагляднік, даглядач).
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Апостальскія дзеі, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.