1 Пётр-жа і Ян ішлі на гадзіну ў сьвятыню дзевятаю малітвы.
2 І нясьлі аднаго чалавека, каторы быў кульгавы з лона маткі сваей; яго штодня клалі каля сьвятыні брамы, што завецца Прыгожай, каб прасіў дарэньня ад уваходзячых у сьвятыню.
3 Той, як убачыў Пятра і Яна, пачынаючых уваходзіць у сьвятыню, прасіў, каб атрымаць дарэньне.
4 А ўглядаючыся на яго Пётр з Янам, сказаў: Паглянь на нас.
5 Ён-жа ўзіраўся на іх, спадзяючыся нешта ад іх атрымаць.
6 А Пётр сказаў: Серабра і золата ў мяне няма, але што маю, тое табе даю: У імя Езуса Хрыста Назарэнскага ўстань і хадзі.
7 І ўзяўшы яго за правую руку, падняў яго, і зараз-жа акрэплі ногі і ступені ягоны.
8 І ўскочыўшы стаў і хадзіў; і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы і падскаківаючы і хвалячы Бога.
9 І відзеў яго ўвесь народ ходзячага і хвалячага Бога.
10 І пазнавалі яго, што гэта быў той, каторы дзеля дарэньня садзіўся каля Прыгожай брамы сьвятыні; і былі напоўнены здумленьнем і захопленьнем дзеля таго, што было яму сталася.
11 А калі ён дзяражаўся Пятра і Яна, зьбегся да іх увесь народ у прысенак, што завецца Саламонавым, здумлеваючыся.
12 А відзячы Пётр адазваўся да народу: Мужы Ізраільскія, што вы дзівіцёся з гэтага, або што вы ўгледаецеся на нас, быццам мы нашай моцай або ўладай зрабілі, што гэты ходзіць?
13 Бог Абрагама і Бог Ізаака і Бог Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Сына свайго Езуса, каторага вы-то выдаля і адракліся перад Пілатам; калі той судзіў, каб быў звольнены.
14 Вы-ж адракліся ад сьвятога і справядлівага, і прасілі, каб вам падарыў мужа забойцу,
15 а спраўцу жыцьця вы забілі; каторага Бог падняў з умерлых, чаго мы ёсьць сьведкі.
16 І дзеля веры ў імя яго ўзмацавала імя ягонае гэтага, каторага вы бачыце і знаеце, і вера, каторая праз яго ёсьць, дала поўнае гэтае аздараўленьне на вачах вас усіх.
17 А цяпер, браты, ведаю, што зрабілі вы праз нясьведамасьць, так як і вашыя старшыя.
18 Бог-жа гэтак споўніў тое, што прадказаў праз вусны ўсіх прарокаў, што Хрыстус ягоны мае цярпець.
19 Дык пакутуйце і навярнецеся, каб былі зьніштожаны грахі вашы,
20 каб, калі прыйдуць часы ахалоды ад вобліку Пана, ды ён паслаў таго, каторы ёсьць абвешчаны вам, Езуса Хрыста.
21 Яго-то трэба, каб прыняло неба аж да часаў направы ўсяго, аб чым гаварыў Бог праз вусны сваіх сьвятых ад веку прарокаў.
22 Майсей-то сказаў: «што прарока падыйме вам Пан Бог ваш з братоў вашых, так як мяне; яго будзеце слухаць ва ўсім, што-колечы будзе вам гаварыць (Дл. 18:15,18).
23 І будзе, што ўсякая душа, якая не паслухае гэнага прарока, будзе выкаранена з народу» (Лев. 23:29).
24 І ўсе прарокі ад Самуэля і потым, каторыя гаварылі, абвяшчалі гэтыя дні.
25 Вы ёсьць сыны прарокаў і ўмовы, якую ўстанавіў Бог з нашымі айцамі, кажучы да Абрагама: «І ў патомстве тваім будуць багаслаўлены ўсе народы зямлі» (Ген. 22:18).
26 Вам найперш Бог, падняўшы Сына свайго, паслаў багаславіць вам, каб кожны навярнуўся ад нягоднасьці сваей.
Каментары ці зноскі:
1 «На гадзіну дзевятую» г. зн. на нашу трэцюю па палудні.
2 Брама, якая звалася Прыгожай, была паміж панадворкам жанчын і панадворкам сьвятараў.
11 Панадворкі сьвятыні былі акружаны будынкамі на калюмнах; будынкі гэтыя дзяліліся на часткі, званыя прысенкамі.
17 Народ жыдоўскі, жадаючы сьмерці для Хрыста, рабіў гэта праз нясьведамасьць, не здаючы сабе справы, што забівае Хрыста-Мэсыяша.
19-21 Думка ў гэтых радкох такая, што Езус узыйшоў у неба і будзе там аж да свайго другога прыходу на апошні суд. Тады наступяць часы поўнага шчасьця і абновы ўсіх рэчаў. Наварот людзей і пакаяньне многіх гэты час прысьпяшыць. З гэтага відаць, што першыя хрысьціяне, хоць і спадзяваліся хуткага прыходу Езуса Хрыста і канца сьвету, то гэты прыход зьвязвалі з наваротам і пакаяньнем людзей.
23 «Выкараненьня з народу» — значыць, вылучэньня з валадарства Хрыстовага.
25 Жыды ў спадчыне атрымалі прароцтвы і ўмову, якая была зроблена паміж Богам і Абрагамам і да іх у першую чаргу належаць прароцтвы і абяцаньні мэсыянскія.
26 Сын Божы ўчалавечыўся для збаўленьня ўсіх людзей, але жыды былі першыя пакліканы да валадарства Божага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Апостальскія дзеі, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.