Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Дзеі 12 Апостальскія Дзеі 12 разьдзел

1 А ў тым-жа часе прылажыў кароль Гэрад рукі, каб замучыць некаторых з Касьцёла.
2 І забіў Якуба, брата Янавага, мячом.
3 А бачачы, што спадабалася жыдом, дабавіў, каб узяць і Пятра. Былі-ж дні Прэснакоў.
4 Калі яго ўзяў, пасадзіў у вастрог, аддаючы чатыром чацьвёркам жаўнераў пад стражу, хочучы пасьля Пасхі вывесьці яго прад народ.
5 І трымалі Пятра ў вастрозе. А малітва бяз упынку адбывалася Касьцёлам за яго да Бога.
6 А калі Гэрад меў вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двух жаўнераў, зьвязаны двама ланцугамі, і стражнікі перад дзьвярыма сьцераглі вастрогу.
7 І вось анёл Панскі стаў побач і яснасьць засьвяціла ў памяшканьні, і ўдарыўшы ў бок Пятра, збудзіў яго, кажучы: Устань скоранька. І апалі ланцугі з рук ягоных.
8 І сказаў да яго анёл: Апаяшыся і ўзлажы абутак твой. І зрабіў так. І сказаў яму: Надзень на сябе сваю вопратку і ідзі за мною.
9 І выйшаўшы, ішоў за ім і ня ведаў, што гэта праўда, што дзеялася праз анёла, але думаў, што відзеньне відзеў.
10 Прайшоўшы-ж першую і другую стражу, яны прыйшлі да жалезнай брамы, каторая вядзе ў горад, яна ім сама адчынілася. І выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, і зараз адыйшоў ад яго анёл.
11 А Пётр, прыйшоўшы да сябе, сказаў: Цяпер ведаю сапраўды, што паслаў Пан свайго анёла і вырваў мяне з рукі Гэрада і з усяго чаканьня жыдоўскага народу.
12 І разважыўшы прыйшоў да дому Марыі, маткі Яна, каторы зваўся Марак, дзе былі сабраўшыся многія і маліліся.
13 Калі-ж ён стукаў у дзьверцы брамы, выйшла паслухаць дзяўчына, на імя Родэ.
14 І пазнаўшы голас Пятра, з радасьці не адчыніла брамы, але ўбегшы абвясьціла, што Пётр стаіць перад брамай.
15 А яны сказалі да яе: Ты шалееш. Але яна цьвярдзіла, што гэта так. Яны-ж гаварылі: Гэта анёл ягоны.
16 А Пётр не пераставаў стукаць. Калі-ж адчынілі, убачылі яго і астаўпянелі.
17 Даўшы-ж знак ім рукою, каб маўчалі, ён расказаў, як Пан вывеў яго з вастрогу, і сказаў: Паведамце Якуба і братоў адб гэтым. І выйшаўшы, пайшоў у другое месца.
18 Калі-ж настаў дзень, была немалая трывога паміж жаўнераў, што-б сталася з Пятром.
19 А Гэрад, спытаўшыся аб ім і не знайшоўшы, зрабіўшы сьледзтва над стражнікамі, загадаў іх весьці; і выехаўшы з Юдэі ў Цэзарэю, там прабываў.
20 Быў-жа ён разгневаўшыся на Тырыйцаў. А яны аднадушна прыйшлі да яго, і праканаўшы Бласта, каторы быў над спальняю караля, прасілі супакою, таму што іншыя краіны жывіліся ад яго.
21 А ў назначаны дзень Гэрад, адзеты ў каралеўскую адзежу, сеў на пасадзе і прамаўляў да іх.
22 Народ-жа крычаў: Галасы Бога, а не чалавека.
23 А зараз-жа ўдарыў яго анёл Панскі, таму што не аддаў хвалу Богу, і сточаны чарвякамі, сканаў.
24 А слова Пана расло і множылася.
25 Барнаба-ж і Шавал, споўніўшы ўслужэньне, узяўшы Яна, каторы зваўся Марак, вярнуліся з Ерузаліму.

Каментары ці зноскі:

1 Гэта быў Гэрад Антыпа І, унук Гэрада В. Ён гадаваўся ў Рыме разам з цэзарам Калігулай і быў да яго падобны ў распусным жыцьці. Прасьледуючы хрысьціян, Гэрад хацеў здабыць для сябе прыхільнасьць жыдоўскага народу.

4 Гэтыя чацьвёркі жаўнераў пачарзе пільнавалі Пятра, зьмяняючыся кожныя 6 гадзін. Прыгэтым двух было побач з Пятром, адзін перад дзьвярамі памешканьня, а адзін перад брамаю.

5 Супольная малітва Касьцёла мае вялікае значэньне і дзеля гэтага кожны верны павінен браць у ёй удзел.

6 Пётр быў прыкуты адным ланцугом да аднага жаўнера, а другім да другога.

9 Пётр спачатку думаў, што гэта сон.

17 Якуб, званы Меншым, быў біскупам Ерузаліму і сваяком Езуса Хрыста, затым часта завецца братам Пана.

22 Народ у Цэзарэі быў у большасьці паганскі і гэта ня жыды, але пагане гэтак хвалілі мову Гэрада, жыды не сказалі-б ніколі «галасы Бога, а не чалавека».

23 Гэрад не запярэчыў словам народу і пазволіў на такое блюзьнерства.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Апостальскія дзеі, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.