Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Дзеі 12 Дзеі Апосталаў 12 разьдзел

1 У гэты час цар Ірад падняў рукі, каб пераследаваць некаторых з царквы.
2 І Якуба, брата Яна, забіў мечам.
3 І, бачачы, што гэта спадабалася юдэям, увязніў да таго ж і Пётру. А былі гэта дні праснакоў.
4 Калі яго схапіў, укінуў у вязніцу, даручыўшы, каб чатыры варты па чацвёра жаўнераў пільнавалі яго, жадаючы па свяце Пасхі вывесці яго народу.
5 І быў Пётра вартаваны ў астрозе. А ў царкве безупынна была малітва за яго да Бога.
6 У ноч, пасля якой Ірад меўся вывесці яго, Пётра, скаваны падвоеным ланцугом, спаў між двумя воінамі, і вартаўнікі перад брамай пільнавалі астрог.
7 І вось, з’явіўся анёл Госпадаў, і святло заззяла ў каморы; і, ткнуўшы ў бок Пётры, абудзіў яго, кажучы: «Устань хутчэй!» І апалі ланцугі з рук яго.
8 І сказаў яму анёл: «Падперажыся ды абуй пасталы твае!» І ён так зрабіў. І кажа яму: «Надзень вопратку тваю ды ідзі за мной».
9 І, выйшаўшы, ішоў за ім, але не ведаў, ці гэта рэчаіснасць, што анёл робіць, а думаў, што бачыць з’яву.
10 Прамінуўшы першую і другую варту, яны дайшлі да жалезнай брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі, і, выйшаўшы, прайшлі адну вуліцу, і зараз анёл аддаліўся ад яго.
11 Тады Пётра, прыйшоўшы ў сябе, сказаў: «Цяпер ведаю сапраўды, што Госпад паслаў анёла Свайго ды вырваў мяне з рукі Ірада і з усяго, чаго чакаў народ юдэйскі».
12 Паразважаўшы, пайшоў у дом Марыі, маці Яна, званага Маркам, дзе пазбіраліся многія на малітве.
13 І калі Пётра пастукаў у дзверы, прыбегла дзяўчына, на імя Рода, паслухаць, хто там.
14 І, пазнаўшы голас Пётры, з радасці не адчыніла дзверы, але пабегла паведаміць, што Пётра стаіць перад дзвярамі.
15 А яны сказалі ёй: «Дурніца!» Яна ж даказвала, што гэта так. Яны ж усе казалі: «Гэта анёл яго».
16 А Пётра стукаўся далей. Калі ж нарэшце адчынілі, убачылі яго і надта здзівіліся.
17 Ён жа, даўшы ім знак рукою маўчаць, расказаў, як Госпад вывеў яго з астрога, і сказаў: «Паведаміце пра гэта Якубу і братам». І, выйшаўшы, пайшоў у другое месца.
18 Калі ж настаў дзень, між жаўнерамі ўзнікла немалая трывога з-за таго, што сталася праз Пётру.
19 Ірад жа, калі спытаўся пра яго і не знайшоў, судзіў вартаўнікоў, загадаўшы пакараць іх смерцю. І, перабраўшыся з Юдэі ў Цэзарэю, там затрымаўся.
20 А Ірад дужа злаваўся на жыхароў Тыра і Сідона. Але яны аднадушна прыбылі да яго і, схіліўшы на свой бок Бласта, палацовага царскага, прасілі супакою, бо іх край жывіўся ад краю царскага.
21 У вызначаны ж дзень Ірад, апрануўшы царскія шаты, седзячы на пасадзе, прамаўляў да іх.
22 А народ крычаў: «Гэта голас бога, а не чалавека!»
23 І адразу ж ударыў яго анёл Госпадаў, таму што ён не аддаў Богу належнай славы, і ён памёр, сточаны чарвямі.
24 Слова ж Госпадава расло і памнажалася.
25 А Барнаба і Саўл, выканаўшы сваё даручэнне, вярнуліся з Ерузаліма, узяўшы з сабой Яна, званага Маркам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеі святых Апосталаў, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017