1 У гэныя-ж дні, калі ўзрастаў лік вучняў, паднялося нараканьне грэкаў проціў жыдоў, таму што ў штодзённым паслугаваньні былі крыўджаныя іхныя ўдовы.
2 Дык дванаццацёх, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі: Гэта ня добра, каб мы пакідалі слова Божае, а служылі для сталоў.
3 Дык нагледзьце, браты, спасярод вас, сем мужоў з добрым пасьведчаньнем, поўных Духа сьвятога і мудрасьці, каторых-бы нам паставіць над гэтай справай.
4 А мы будзем пільнавацца малітвы і паслугаваньня слова.
5 І спадабалася мова перад усей грамадой. І выбралі Сьцяпана, мужа поўнага веры і Духа сьвятога, і Філіпа, і Прахора, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна і Мікалая Антыохійца, прозэліта.
6 Гэты паставілі перад воблікам апосталаў і памаліўшыся, узлажылі на іх рукі.
7 А слова Пана расло, і лік вучняў у Ерузаліме множыўся вельмі; вялікая так-жа грамада сьвятараў была паслушна веры.
8 Сьцяпан-жа, поўны ласкі і моцы, чыніў цуды і вялікія знакі ў народзе.
9 І паўсталі некаторыя з бажніцы, якая завецца лібэртынаў і Цырэнэяў, і Александрыйцаў, і тых, што былі з Цыліцыі і з Азіі, спрачаючыся з Сьцяпанам.
10 І не маглі устаяць супроць мудрасьці і Духа, каторы гаварыў.
11 Тады падаслалі мужоў, каб яны казалі, што чулі яго гаворачы словы блюзьнерства на Майсея і на Бога.
12 І так падбурылі народ і старшых і кніжнікаў, і зьбегшыся, хвацілі яго і прывялі ў Раду.
13 І паставілі фальшывых сьведкаў, каторыя казалі: Гэта чалавек не перастае гаварыць словы проціў месца сьвятога і закону.
14 Бо мы чулі, як ён казаў: што Езус Назарэнскі гэты зруйнуе гэтае месца і зьменіць звычаі, якія нам перадаў Майсей.
15 І ўглядаючыся на яго ўсе, што былі ў Радзе, бачылі твар ягоны, як твар анёла.
Каментары ці зноскі:
1 «Грэкі» — гэта былі хрысьціяне з жыдоў, гаворачых па-грэцку, або хрысьціяне з паганаў, прыняўшых закон Майсея (прозэлітаў). Удовы іх пачуліся пакрыўджанымі перад удовамі палестынскіх жыдоў.
2 «Служылі для сталоў» г. зн. займаліся раздаваньнем штодзеннай ежы для ўдоў і бедных.
4 «Малітвы» — г. зн. набажэнства, якое разьвівалася ў хрысьціянскай грамадзе, адменнае ад набажэнства Майсеявага Закону. «Паслугаваньне слова» г. зн. абвяшчаньне эванэліі.
5 Усе гэтыя імёны грэцкія; хрысьціян з грэцкіх жыдоў выбралі на дыяканаў мусіць затым, каб «грэцкай» часьці хрысьціян ня даць прычын да скаргі. Апошні з іх быў нават нованаверненым жыдам з паганаў (прозэлітам).
6 Праз ускладаньне рук апосталы далі ім часьць сваей улады і павагі. Дыяканы займаліся ня толькі раздаваньнем дараў, але памагалі апосталам у абвяшчаньні эванэліі і хрышчэньні людзей.
7 З гэтых слоў бачым, што і старазаконныя сьвятары прыймалі навуку Хрыста.
9 Жыды з паза-палестынскіх краёў ( з разсяленьня) мелі ў Ерузаліме свае арганізацыі і бажніцы. Лібэртыны — гэта былі жыды, якія рымскай уладай былі праданы ў няволю, але потым з яе выкупіліся і жылі ў Ерузаліме. Іншыя жыды, якія паўсталі проціў сьв. Сьцяпана, былі таксама з за-палестынскіх краёў.
14 Езус не казаў, што сам зруйнуе сьвятыню, а толькі прадказаў яе руіну. Прадпісаньні Майсеявага закону, як з гэтага месца відаць, ужо не заўсёды берагліся першымі хрысьціянамі і потым былі зьменены цалком (напр. абразаньне).
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Апостальскія дзеі, 6 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.