Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Дзеі 6 Дзеі Апосталаў 6 разьдзел

1 У гэтыя дні пры памнажэньні вучняў адбылося нараканьне ў элліністаў на жыдоў, таму што ўдовы іхныя былі занядбаныя ў штодзённым служэньні (міластыняй).
2 Дык дванаццацёра склікаўшы (усё) мноства вучняў сказалі: нягожа нам пакінуўшы Слова Бога служыць сталамі.
3 Пагэтаму, браты, выберыце спасярод вас сем дазнаных мужчын, напоўненых Духам Сьвятым і мудрасьцяй, якіх мы паставім на гэту службу,
4 а мы ўсьцяж будзем у малітве і ў служэньні словам.
5 І спадабалася гэтае слова ўсёй грамадзе; і выбралі Сьцяпана, мужчыну поўнага веры і Духа Сьвятога, і Піліпа, і Прахо́ра, і Міканора, і Тымона і Пармена і Мікалая нованаверненага антыахійца,
6 іх паставілі перад Апосталамі, і (яны) памаліўшыся, усклалі на іх ру́кі.
7 І Слова Бога расло, і лік вучняў у Ярузаліме вельмі памнажаўся. Да таго ж мноства сьвятароў упакорыліся веры.
8 А Сьцяпан поўны веры і сілы, чыніў цуды і знакі вялікія ў народзе.
9 А нікаторыя з сынагогі, гэтак званай (сынагогі) лібэртынцаў і кірынэйцаў і аляксандрыйцаў, ды з тых, што з Кілікі і Азіі, паўсталі спо́рачы са Сьцяпанам,
10 але ня маглі ўсто́яць супраць мудрасьці і Духу, Якім (ён) прамаўляў.
11 Тады падбухто́рылі людзей сказаць: мы чулі яго, як гаварыў рэчы ганебныя на Масея і на Бога.
12 І падбурылі народ і старэйшынаў і кніжнікаў і, напаўшы, схапілі яго і павялі ў сынэдрыён,
13 і паставілі хвальшывых сьведак, якія казалі: гэты чалавек ня кідае гаварыць блюзьнерчыя словы супраць гэтага сьвятога мейсца і Закона.
14 Бо мы чулі, як ён казаў, што Гэты Ісус Назарэй зруйнуе мейсца гэтае і зьменіць звыча́і, якія перадаў нам Масей.
15 І ўсе, што сядзелі ў сынэдрыёне, узіраючыся на яго бачылі аблічча ягонае, як аблічча Ангела.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеі сьвятых Апосталаў, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020