1 А калі мы выйшлі, тады пазналі, што востраў называўся Мэліта. А варвары паказвалі нам не малую людзкасьць.
2 Бо распаліўшы агонь, прыймалі нас усіх дзеля дажджу, каторы надыходзіў, і холаду.
3 Калі-ж Павал назьбіраў нямала хворасту і клаў на агонь, зьмяя, вылезшы ад гарачыні, прычапілася да ягонай рукі.
4 А як убачылі варвары гада, зьвісаўшага з рукі ягонай, гаварылі паміж сабою: Пэўне гэты чалавек забойца, каторы хоць выйшаў з мора, помста не дае яму жыць.
5 А ён-то абтросшы гада ў вагонь, не пацярпеў нічога благога.
6 Яны-ж думалі, што ён пачне пухнуць і раптам упадзе і памрэ. А калі яны доўга чакалі і ўбачылі, што яму не стаецца нічога дрэннага, зьмяніўшы думкі, казалі, што ён бог.
7 А ў тых мясцох былі двары князя вострава, на імя Публія, каторы прыняўшы нас, праз тры дні ласкава гасьціў.
8 І здарылася, што бацька Публія ляжаў хворы на трасцу і крываўку. Да яго ўвайшоў Павал, і памаліўшыся, і ўзлажыўшы на яго рукі, аздаравіў яго.
9 Калі гэтае сталася, усе на востраве, якія мелі хваробы, прыходзілі і былі аздароўлены.
10 Яны так-жа да нас аднасіліся з вялікай пашанай, і калі мы адплывалі, налажылі, чаго было трэба.
11 Пасьля-ж трох месяцаў мы паплылі на александрыйскім караблі, каторы зімаваў на востраве, у каторага быў знак Кастораў.
12 І прыбыўшы ў Сыракузы, прабылі там тры дні.
13 Адтуль паплыўшы вокал, прыплылі ў Рэгію, а калі цераз адзін дзень падуў паўдзённы вецер, мы на другі дзень прыбылі ў Путэолі,
14 дзе знайшоўшы братоў, мы былі прошаны астацца ў іх сем дзён. І так прыбылі ў Рым.
15 А адтуль пачуўшы браты, выйшлі нам насустрэч аж да рынку Аппія і Трох Карчмаў. Калі іх убачыў Павал, падзякаваўшы Богу, набраў адвагі.
16 Калі-ж мы прыбылі ў Рым, дазволена было Паўлу жыць асобна з сьцерагучым яго жаўнерам.
17 Пасьля-ж трох дзён склікаў першых з жыдоў і, калі яны зыйшліся, казаў ім: Мужы браты, я, нічога ня ўчыніўшы проціў народу або айцоўскага звычаю, зьвязаны з Ерузаліму быў аддадзены ў рукі рымлян.
18 Калі яны зрабілі аба мне допыт, хацелі мяне пусьціць, бо ня было ўва-мне ніякай прычыны сьмерці.
19 Калі-ж супраціўляліся жыды, я быў прымушаны апэляваць да цэзара, не каб я меў у нечым вінаваціць свой народ.
20 Дык дзеля гэтай прычыны я прасіў, каб вас пабачыць і пагаварыць. Бо дзеля надзеі Ізраіля я зьвязаны гэтым ланцугом.
21 Яны-ж сказалі да яго: Мы не атрымалі аб табе ані пісьмаў з Юдэі, ані ніхто з братоў прыйшоўшы паведаміў або гаварыў што благое аб табе.
22 Мы-ж просім, каб пачуць ад цябе, што ты думаеш; бо аб гэтай сэкце нам ведама, што ей усюды працівяцца.
23 І назначыўшы яму дзень, прыйшло да яго на кватэру вельмі многа. Ён выкладаў ім, сьведчучы аб каралеўстве Божым і пераконываючы іх аб Езусе з закону Майсея і прарокаў ад ранку аж да вечара.
24 І некаторыя верылі таму, што гаварылася, а некаторыя ня верылі.
25 І ня будучы паміж сабою згоднымі, адыходзілі. Павал казаў адно слова: Што добра Дух сьвяты гаварыў праз Ізаія прарока да айцоў нашых (Із. 6:9-10),
26 кажучы: «Ідзі да народу гэтага і скажы да іх: Вухам будзеце слухаць і не зразумееце, і гледзячы будзеце ўглядацца і ня ўгледзіце.
27 Бо агрубела сэрца гэтага народу, і вушамі трудна чулі, і заплюшчылі вочы свае, каб часам ня ўбачыць вачыма, і не пачуць вушыма, і незразумець сэрцам, і не навярнуцца, і каб я не аздаравіў іх».
28 Дык няхай будзе вам ведама, што паганам паслана гэтае збаўленьне Божае, і яны будуць слухаць.
29 І калі ён гэтае сказаў, выйшлі ад яго жыды, маючы паміж сабою вялікую спрэчку.
30 І жыў праз цэлыя два гады ў сваей нанятай кватэры, і прыймаў усіх, якія прыходзілі да яго,
31 абвяшчаючы каралеўства Божае і вучачы аб Пану Езусе Хрысьце з усей адвагай, без перашкоды.
Каментары ці зноскі:
1 Мэліта, цяпер Мальта, на поўдень ад Сыцыліі. Для грэкаў або рымлян той, хто не гаварыў іхнай мовай, быў варвар, хоць жыхары Мальты, як бачым, зусім ня былі варварамі ў сяньняшнім значэньні.
11 «Знак Кастораў» г. зн. знак Кастора і Поллукса, паганскіх бажкоў, якіх уважалі тады за апякуноў мораплаўнікаў. Іх знак памяшчалі на перадзе карабля.
12 Сыракузы — тады сталіца Сыцыліі.
13 Рэгія (сёньня Reggio di Calabria) ужо на італійскім беразе. Путэолі (сёньня Puzzuoli, блізка Нэапалю), тады найважнейшы італійскі порт для караблёў, прыбываючых з Усходу.
14 З гэтага бачым, як скора пашыралася хрысьціянства!
15 Рынак Аппія знаходзіўся на 65 клм. ад Рыму, а Тры Карчымы — на 49 клм. Павал набраў адвагі, бачачы, з якой пашанай і любоўю спатыкаюць яго рымскія хрысьціяне.
22 «Аб гэтай сэкце» значыць: аб хрысьціянстве, якое ў паняцьці жыдоў было сэктай.
29 «Вялікая спрэчка» аб Езусе і аб гэтым, што гаварыў аб іх Павал.
30 «Праз цэлыя два гады» г. зн. аж да сакавіка 63 г. пасьля Н. Хр.
31 «Без перашкоды» з боку рымскіх уладаў.
На гэтым кончацца Апост. Дзеі. З гэтага відаць, што Лукаш кончыў пісаць Дзеі перад звальненьнем Паўла, бо аб звальненьні так як і аб заканчэньні суду не падае нічога. Ведаем аднак з твораў сьв. Айцоў, што Павал быў звольнены, быў у Гішпаніі, потым за нэрана прыбыў ізноў у Рым і там памёр мучаніцкай сьмерцяй у 67 годзе пасьля Н. Хр. разам з сьв. Пятром.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Апостальскія дзеі, 28 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.