1 І сталася ў Іконіі, што ўвайшлі яны разам у жыдоўскую бажніцу і гаварылі так, што ўверыла вялікае мноства жыдоў і грэкаў.
2 Тыя-ж жыды, што былі нявернымі, паднялі і падбурылі да гневу душы паганаў проціў братоў.
3 Дык многа часу правялі, адважна выступаючы ў Пану, каторы даваў слову пасьведчаньне сваей ласкі і чыніў, што знакі і цуды дзеяліся праз рукі іх.
4 І падзялілася мноства гораду: і былі адны з жыдамі, а другія з апосталамі.
5 Калі-ж стаўся націск паганаў і жыдоў з іншымі павадырамі, каб іх зьняважыць і закаменаваць,
6 яны, даведаўшыся, уцяклі ў лікаонскія гарады, Лістру і Дэрбу, і ўсю навакол краіну, і там абвяшчалі эванэлію.
7 І сядзеў у Лістры адзін муж хворы на ногі, кульгавы з лона маткі сваей, каторы ніколі не хадзіў.
8 Ён слухаў гаворачага Паўла. Гэты, глянуўшы на яго і бачучы, што мае веру, каб стацца здаровым,
9 сказаў вялікім голасам: Устань на твае ногі проста! І выскачыў і хадзіў.
10 Грамады-ж, калі ўбачылі, што ўчыніў Павал, паднялі свой голас, па-лікаонску кажучы: Багі, стаўшыся падобнымі да людзей, зыйшлі да нас.
11 І называлі Барнабу Юпітэрам, а Паўла Мэркурым, бо ён быў павадыром у слове.
12 Сьвятар так-жа Юпітэра, быўшага перад горадам, даставіўшы валы і вянкі да брамаў, хацеў з народам складаць ахвяру.
13 Калі аб гэтым пачулі апосталы Барнаба і Павал, разьдзёршы адзежу сваю, яны скочылі ў грамады, крычачы
14 і кажучы: Мужы, што вы гэта робіце? І мы ёсьць сьмяротныя, падобныя да вас людзі; мы абвяшчаем вам, каб вы ад гэтых марнотаў навярнуліся да Бога жывога, каторы ўчыніў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх ёсьць;
15 каторы ў мілулых вякох дапусьціў усім паганам ісьці сваімі дарогамі.
16 Аднака-ж не пакінуў самога сябе без пасьведчаньня, чынячы дабро з неба, даючы дажджы і ўраджайныя часы, напаўняючы ежай і радасьцяй сэрцы нашыя.
17 І гэта кажучы, ледзь успакоілі грамады, каб ім не ахвяравалі.
18 А надыйшлі некаторыя жыды з Антыохіі і Іконіі і нагаварыўшы грамады ды ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі за горад, думаючы, што ён памёр.
19 Але калі яго абступілі вучні, ён устаўшы, увайшоў у горад і на другі дзень рушыў з Барнабай у Дэрбу.
20 Калі-ж абвесьцілі эванэлію гэнаму гораду і многіх навучылі, вярнуліся ў Лістру, і ў Іконію, і ў Антыохію,
21 уцьвярджаючы душы вучняў і напамінаючы, каб трывалі ў веры, ды што праз многа ўцісьненьняў трэба нам увайсьці ў каралеўства Божае.
22 І калі паставілі ім сьвятараў у кожным касьцеле і памаліліся з пастамі, паручылі іх Пану, у каторага ўверылі.
23 А прайшоўшы Пізыдыю, прыйшлі ў Памфілію,
24 і сказаўшы слова Пана ў Пэрзе, пайшлі ў Атлію,
25 а адтуль адплылі ў Антыохію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую споўнілі.
26 А прыйшоўшы і сабраўшы касьцёл, расказалі, сколькі ўчыніў з імі Бог і што адчыніў паганам дзьверы веры.
27 І прабылі немалы час з вучнямі.
Каментары ці зноскі:
11 Барнаба быў большага ўзросту, дык яго прыймалі за Юпітэра (Зэуса), а гаваркога Паўла за Мэркурага, пасланца багоў.
12 Сьвятыня Юпітэра была за гарадзкімі сьценамі, дык і называлася «Зэус перад горадам». Сьвятар прывёў валы да брамаў дому, дзе жылі апосталы.
13 «Разьдзёршы адзежу сваю» — паводле тагачаснага звычаю на знак жалю і смутку.
15 Паганамі Бог не апекаваўся так, як жыдамі, каторым даў Закон.
16 Аднака-ж і пагане маглі пазнаць Бога з Ягоных дабрадзействаў і дамэтнасьці ў прыродзе.
18 Як бачым, народ у сваей масе ёсьць заўсёды зьменлівы і ідзе за тым, хто ўмее выкарыстаць ягоныя слабасьці і часовыя настроі.
25 Вярнуліся да Антыохіі Сырыйскай каля 48 г. пасьля Нар. Хрыста.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Апостальскія дзеі, 14 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.