1 Углядаючыся-ж на Раду, Павал сказаў: Мужы браты, ва ўсякім добрым сумленьні прабываў я перад Богам аж па сяньняшні дзень.
2 А архісьвятар Ананій загадаў тым, што стаялі каля яго, біць яго ў вусны.
3 Тады Павал сказаў да яго: Ударыць цябе Бог, сьцяна пабеленая. Ты-ж седзячы судзіш мяне паводле закону, а загадываеш мяне біць супроць закону?
4 А тыя, што стаялі пры ім, сказалі: Архісьвятару Божаму ты наругаесься?
5 А Павал сказаў: Ня ведаў я, браты, што ён архісьвятар. Бо ёсьць напісана: «Павадыру народу твайго не наругайся». (Вых. 22:28).
6 Павал-жа, ведаючы, што адна часьць была садукеяў, а другая фарызэяў, ускрыкнуў у Радзе: Мужы браты, я ёсьць фарызэй, сын фарызэяў; мяне судзяць за надзею і ўскрашэньне ўмерлых.
7 А калі гэтае сказаў, сталася спрэчка паміж фарызэямі і садукеямі і разарвалася сабраньне.
8 Бо садукеі кажуць, што няма ўскрашэньня, ані анёла, ані духа, а фарызэі прызнаюць і адно і другое.
9 І стаўся вялікі крык. А ўстаўшы некаторыя з фарызэяў, змагаліся, кажучы: Мы нічога благога не знаходзім у гэтым чалавеку. А можа з ім гаварыў дух або анёл?
10 І калі стаўся вялікі спор, тысячнік баючыся, каб яны Паўла не разарвалі, загадаў жаўнерам ісьці і вырваць яго спасярод іх і завясьці яго ў лагер.
11 А ў наступную ноч Пан, стаўшы пры ім, сказаў: Будзь стойкі, бо як ты сьведчыў аба мне ў Ерузаліме, так трэба, каб ты сьведчыў і ў Рыме.
12 Калі-ж настаў дзень, сабраліся некаторыя з жыдоў і пакаяліся сабе, кажучы, што ня будуць есьці ані піць, пакуль не заб’юць Паўла.
13 Было-ж болей як сорак мужоў, каторыя зрабілі гэту змову.
14 Яны прыйшлі да архісьвятараў і старшых і сказалі: Мы кляцьбою пакляліся, што не пакаштуем нічога, пакуль не заб’ём Паўла.
15 Дык вы цяпер паведамце тысячніка з Радаю, каб прывёў яго да вас, быццам вы маеце нешта пэнейшае даведацца аб ім. А мы, перш чым ён прыбліжыцца, прагатовіліся яго забіць.
16 Калі-ж пачуў сын Паўлавай сястры аб подступах, прыйшоў і ўвайшоў у лагер, і паведаміў Паўла.
17 Павал-жа, паклікаўшы да сябе аднаго з сотнікаў, сказаў: Гэтага дзяцюка завядзі да тысячніка, бо мае яму нешта далажыць.
18 І гэны-то ўзяўшы яго, завёў да тысячніка і сказаў: Вязень Павал прасіў мяне завясьці гэтага дзяцюка да цябе, ён мае табе нешта сказаць.
19 А тысячнік, узяўшы яго за руку, адыйшоў з ім набок і спытаўся ў яго: што такое, што ты маеш мне далажыць?
20 Ён-жа сказаў: жыды змовіліся прасіць цябе, каб ты ўзаўтра вывеў Паўла ў Раду, быцца яны маюць нешта пэўнейшае даведацца аб ім.
21 Але ты ня вер ім, бо з іх змовіліся на яго болей як сорак мужоў, каторыя пакляліся ня есьці і ня піць, пакуль не загубяць яго; і цяпер яны гатовы, чакаючы твайго абяцаньня.
22 Дык тысячнік адпусьціў дзяцюка, каб нікому не гаварыў, што аб гэтым яго паведаміў.
23 І паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў ім: Прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, каб ішлі аж у Цэзарэю, і семдзесят коньнікаў і дзьвесьце дзіднікаў на трэцюю гадзіну ночы.
24 І прыгатуйце жывёлу, каб пасадзіўшы Паўла, здаровага адвялі да начальніка Фэлікса.
25 (Бо ён баяўся, каб яго часам не хвацілі жыды і не забілі, і каб ён потым ня зносіў абгавору, быццам меў атрымаць грошы).
26 Напісаў пісьмо, зьмяшчаючае гэтае: Клаўдый Лізій высокадастойнаму начальніку Фэліксу, прывет.
27 Гэтага мужа, злоўленага жыдамі, калі яны мелі яго забіць, я надыйшоўшы з войскам вырваў, пазнаўшы, што ён рымлянін.
28 А хочучы ведаць прычыну, якую яны яму закідалі, я завёў яго ў іхную Раду.
29 Знайшоў яго абвінавачанага ў справах іхнага закону, але ня маючага ніякай віны, годнай сьмерці або вастрогу.
30 А калі мне было данесена аб подступах, якія яны прыгатовілі яму, я паслаў яго да цябе, паведамлючы і тых, што яго вінавацілі, уаб гаварылі перад табою. Бывай здароў.
31 Дык жаўнеры паводле таго, як і было загадана, узяўшы Паўла, павялі ўначы ў Антыпатрыду.
32 А назаўтра, аставіўшы коньнікаў, каб ішлі з ім, вярнуліся ў лагер.
33 Калі яны прыбылі ў Цэзарэю і перадалі пісьмо начальніку, паставілі перад ім і Паўла.
34 А калі прачытаў і спытаўся, з якой быў правінцыі, і даведаўшыся, што з Цыліцыі,
35 сказаў: Выслухаю цябе, калі прыйдуць тыя, што цябе вінавацяць. І загадаў яго пільнаваць у палацы Гэрада.
Каментары ці зноскі:
3 «Сьцяна пабеленая» — тое самае што крывадушнік. Ананій быў потым забіты сваімі-ж суродзічамі-жыдамі.
6 Хочучы паказаць тысячніку, што ня ўвесь Сангэдрын проціў яго, Павал узьнімае спор паміж сябрамі сангэдрыну: фарызэямі і садукеямі.
9 Гутарка тут аб зьяўленьні Хрыста ў дарозе Паўла да Дамашку, аб чым Павал гаварыў да жыдоў учора са сходаў замку.
23 Дзіднікі — гэта была лёгка-ўваружаная рымская пяхота. Гадзіна трэцяя ночы — наша дзевятая ўвечары.
26 Фэлікс быў старастай Юдэі ад 53 па 60 г. Рымскі гісторык Тацыт піша аб ім, як аб чалавеку жорсткім з дрэннымі нахіламі.
31 Антыпатрыда была адлеглай на 63 клм. ад Ерузаліму і 39 клм. ад Цэзарэі.
34 З якой правінцыі, сэнацкай ці цэзарэйскай? Цыліцыя з горадам Тарсам, адкуль паходзіў Павал, была правінцыяй цэзарскай і затым падлеглай суду цэзарскаму. Дзеля гэтага Фэлікс мог разглядаць і судзіць справу Паўла.
35 Палац гэты збудаваў Гэрад В., ў ім жылі рымскія старасты і там-жа была вязьніца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Апостальскія дзеі, 23 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.