Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Дзеі 26 Апостальскія Дзеі 26 разьдзел

1 Агрыппа-ж сказаў да Паўла: Дазваляецца табе гаварыць аб сабе самым. Тады Павал, працягнуўшы руку, пачаў бараніцца.
2 Я лічу сябе шчасьлівым, кароль Агрыппа, што прад табою маю сягоньня бараніць сябе ад усяго, у чым мяне вінавацяць жыды.
3 Найбольш, што ты ведаеш усё, і якія ёсьць у жыдоў звычаі і справы, дзеля гэтага прашу, каб мяне цярпліва выслухаў.
4 А жыцьцё-то маё ад моладасьці, якое было ад пачатку пасярод майго народу ў Ерузаліме, ведаюць усе жыды,
5 знаючы мяне ад пачатку (калі-б хацелі даць пасьведчаньне), што паводле найпэўнейшай сэкты нашай рэлігіі я жыў як фарызэй.
6 А цяпер у надзеі абяцаньня, якое сталася да айцоў нашых ад Бога, я стаю як падсудны,
7 да якога спадзяюцца дайсьці дванаццаць нашых пакаленьняў, служачы ўначы і ўдзень. За гэту надзею, кароль, вінавацяць мяне жыды.
8 Чаму непадобным да веры лічыцца ў вас, калі Бог ускрашае ўмерлых?
9 А я-то думаў, што я павінен зрабіць многа праціўнага супроць імені Езуса Назарэнскага.
10 Што я і зрабіў у Ерузаліме, узяўшы ўладу ад архісьвятараў, і многа сьвятых я замкнуў у вастрогах, а калі іх забівалі, я насіў прысуд.
11 І часта караючы іх па ўсіх бажніцах, я прымушаў блюзьніць, а праз меру проціў іх шалеючы, я прасьледаваў аж па чужых гарадох.
12 Калі на гэтае я ішоў у Дамашак, з уладаю і дазволам архісьвятараў,
13 я ўпоўдзень увідзеў у дарозе, кароль, як сьвятло з неба над яснасьць сонца асьвяціла мяне і тых, што былі разам са мною.
14 А калі мы ўсе ўпалі на зямлю, пачуў я голас, гаворачы да мяне ў жыдоўскай мове: «Шаўле, Шаўле, чаму ты мяне прасьледуеш? Трудна табе проціў ражна брыкаць».
15 А я сказаў: Хто ты ёсьць, Пане? Пан-жа сказаў: «Я ёсьць Езус, каторага ты прасьледуеш.
16 Але падыміся і стань на ногі свае, бо на тое я зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкай таго, што ты відзеў, і таго, ў чым табе зьяўлюся;
17 вырываючы цябе ад народу і паганаў, да каторых я цяпер пасылаю цябе
18 адчыніць ім вочы, каб зьвярнуліся ад цемры да сьвятла, а ад улады д’ябла да Бога, каб атрымалі адпушчэньне грахоў і ўдзел паміж сьвятымі праз веру ў мяне».
19 Дзеля гэтага, кароль Агрыппа, я ня быў няверны нябеснаму відзеньню,
20 але абвяшчаю я сьпярша тым, што ёсьць у Дамашку, і ў Ерузаліме, і па ўсей жыдоўскай краіне, і паганам, каб пакутывалі і навярнуліся да Бога, чынячы ўчынкі годныя пакуты.
21 Дзеля гэтай прычыны жыды, схапіўшы мяне, калі я быў у сьвятыні, імкнуліся мяне забіць.
22 Але ўспаможаны помачай Бога я стаю аж па сягоньняшні дзень, сьведчучы і меншаму і большаму, нічога ня кажучы апроч таго, што гаварылі прарокі, што мае быць, і Майсей:
23 што Хрыстус падлеглы цярпеньню, што ён першы з ускросшых мае абвяшчаць сьвятло народу і паганам.
24 Калі ён гэта гаварыў і бараніўся, Фэст сказаў вялікім голасам: Ты шалееш, Паўле, вялікая навука даводзіць цябе да шалу.
25 А Павал сказаў: Я не шалею, высокадастойны Фэсьце, але гавару словы праўды і развагі.
26 Бо аб гэтым ведае кароль, да каторага і гавару сьмела, бо думаю, што нічога з гэтага ад яго не закрыта. Бо нічога з гэтага ня дзеялася ў кутку.
27 Ці верыш, кароль Агрыппа, прарокам? Ведаю, што верыш.
28 Агрыппа-ж да Паўла: Памалу праканаеш мяне стацца хрысьціянінам.
29 А Павал: Я жадаю ў Бога, каб і ў малым і ў вялікім, ня толькі ты, але і ўсе, каторыя слухаюць, сталіся сягоньня такімі, якім і я ёсьць, апроч гэтых путаў.
30 І ўстаў кароль, і начальнік, і Вэрніка, і каторыя сядзелі з імі.
31 І адыйшоўшы, гаварылі паміж сабою, кажучы: Што нічога ня ўчыніў гэты чалавек годнага сьмерці або путаў.
32 А Агрыппа сказаў Фэсту: Гэты чалавек мог быць звольнены, каб не апэляваў да цэзара.

Каментары ці зноскі:

5 «Паводле найпэўнейшай сэкты» г. зн. паводле найвастрэйшага рэлігійнага кірунку, якім быў у вачах жыдоў фарызаізм.

7 Павал тут кажа, што яго вінавацяць жыды за надзею ўскрашэньня, якога чакае ня толькі ён, але і 12 пакаленьняў жыдоўскіх.

8 Ускрашэньне ня ёсьць рэчай непадобнай у Бога; аб гэтым пішуць сьв. Пісаньні і гэта згодна з усёмагутнасьцяй Бога.

10 «Многа сьвятых» г. зн. многа хрысьціян (гл. Ап. Дз. 9:32).

11 «Прымушаў блюзьніць» г. зн. прымушаў адрачыся ад Хрыста (казаць «анатхэма Езус»).

14 «Проціў ражна» гл. Ап. Дз. 9:5.

22 «І меншаму і большаму» г. зн. усім людзям.

23 Жыды не маглі зразумець, што Хрыстус (Мэсыяш) ёсьць падлеглы цярпеньню, хоць аб гэтым гаварылі Майсей і прарокі. «Народу» — тут у значэньні народу жыдоўскаму.

Маем тры расказы сьв. Паўла аб сваім навароце (Ап. Дз. 9:1-18; 22:6-16 і ў гэтым месцы); ўсе яны дапаўняюцца ўзаемна.

24 Паганін Фэст ня мог зразумець такой гарачыні і такога праняцьця навукай Хрыста, якое ён бачыў у Паўла і гэта навяло яго на думку, што Павал адыходзіць ад розуму.

25 «Словы праўды і развагі» тут тое самае, што словы здаровага розуму.

26 «Нічога з гэтага ад яго не закрыта» г. зн. усё тое, што датычыць Езуса, ягонай сьмерці і ўскрасеньня павінна быць Агрыппае ведамым, бо-ж гэта ўсё дзеялася не ў якім кутку, а ў сталіцы краю.

27 Прарокі пісалі аб Хрысьце, дык той, хто верыць прарокам, павінен верыць і ў Хрыста.

28 Агрыппа зразумеў Паўла, але душа яго не была даступна для ласкі Божай. Затым ён і прарывае Паўлаву прамову шутлівымі славамі.

31-32 З гэтага відаць, што Фэст і Агрыппа былі пракананы аб нявіннасьці Паўла.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Апостальскія дзеі, 26 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.