1 І Агрыпа сказаў Паўлу: Табе дазваляецца гаварыць за сябе. — Тады Павел, выцягнуўшы руку, прамовіў у сваю абарону:
2 Ва ўсім, у чым мяне абвінавачваюць іудзеі, цару Агрыпа, — я лічу сябе шчаслівым, што магу сёння абараняцца перад табою,
3 асабліва таму, што ты знаўца ўсіх звычаяў і спрэчных пытанняў між іудзеяў; таму прашу выслухаць мяне доўгацярпліва.
4 А жыццё маё з юнацтва, якое ад пачатку праходзіла між майго народу ў Іерусаліме, ведаюць усе іудзеі;
5 знаючы ўжо мяне здаўна, калі яны захочуць сведчыць, то паводле найсуровейшага кірунку нашага веравызнання я жыў як фарысей.
6 І цяпер я стаю перад судом за надзею на абяцанне, якое даў Бог нашым бацькам,
7 якога спадзяюцца дасягнуць нашы дванаццаць плямёнаў, шчыра служачы дзень і ноч. За гэтую надзею, цару [Агрыпа], мяне абвінавачваюць іудзеі.
8 Чаму ў вас лічыцца неверагодным, калі Бог уваскрашае мёртвых?
9 Дык вось і мне здавалася, што трэба шмат зрабіць супроць імя Ісуса Назарэя,
10 што я і рабіў у Іерусаліме; і шмат святых я зняволіў у турмы, атрымаўшы ўладу ад першасвятароў, і падаваў голас супроць іх, калі іх забівалі.
11 І ва ўсіх сінагогах, часта караючы іх, я прымушаў іх да богазнявагі; і ў надзвычайнай супроць іх раз’юшанасці, гнаў іх нават і ў чужаземных гарадах.
12 Дзеля гэтага я ішоў у Дамаск з уладаю і даручэннем ад першасвятароў.
13 Апоўдні ў дарозе я ўбачыў, о цару, святло з неба, мацнейшае за ззянне сонца і якое заззяла вакол мяне і тых, што ішлі са мною.
14 І калі мы ўсе ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які казаў мне на яўрэйскай мове: «Саўле, Саўле, чаму ты гоніш Мяне? Цяжка табе ісці супроць ражна?»
15 І я сказаў: «Хто ты, Госпадзе?» А Госпад сказаў: «Я Ісус, Якога ты гоніш.
16 Але ўстань і стань на свае ногі, бо Я дзеля гэтага з’явіўся табе, каб прызначыць цябе слугою і сведкам і таго, у чым ты бачыў Мяне, і таго, у чым Я з’яўлюся табе,
17 выбаўляючы цябе ад [гэтага] народу і язычнікаў, да якіх Я [цяпер] пасылаю цябе
18 адкрыць ім вочы, каб яны павярнуліся ад цемры да святла і ад улады сатаны да Бога, каб яны атрымалі дараванне грахоў і спадчыну між тых, хто асвечаны вераю ў Мяне».
19 Таму я, цару Агрыпе, не быў непакорлівы нябеснаму з’явенню,
20 але спярша абвяшчаў і тым, што ў Дамаску, і ў Іерусаліме, і па ўсёй іудзейскай краіне, і язычнікам, каб яны пакаяліся і звярнуліся да Бога, творачы годныя ўчынкі, даказваючы сваё пакаянне.
21 За гэта іудзеі, схапіўшы мяне, [калі я быў] у святыні, спрабавалі расправіцца.
22 Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я да гэтага дня стаю, сведчачы і малому і вялікаму, не кажучы нічога, акрамя таго, пра што прарокі і Маісей казалі, што гэта адбудзецца,
23 што павінен быў адпакутаваць Хрыстос і Ён, першы ўваскрэслы з мёртвых, абвесціць святло і гэтаму народу, і язычнікам.
24 І калі ён казаў гэта ў сваю абарону, Фэст гучным голасам прамовіў: Ты звар’яцеў, Паўле! Вялікая вучонасць даводзіць цябе да вар’яцтва.
25 А Павел [сказаў]: Я не звар’яцеў, глыбокашаноўны Фэсце, а кажу словы праўды і здаровага розуму.
26 Бо ведае пра гэта цар, якому я і кажу адважна, бо я перакананы, што [нішто] з гэтага не засталося для яго незаўважаным; бо не ў закутку гэта рабілася.
27 Цару Агрыпе, ці верыш прарокам? Ведаю, што верыш.
28 Але Агрыпа Паўлу [сказаў]: Ты хутка ўгаворыш мяне, каб я зрабіўся хрысціянінам.
29 А Павел [сказаў]: Я маліўся б Богу, каб хутка ці няхутка не толькі ты, але і ўсе, хто слухае мяне сёння, зрабіліся такімі ж, як я, акрамя гэтых ланцугоў.
30 І, [калі ён гэта сказаў], усталі цар, і намеснік, і Верніка, і тыя, хто сядзеў з імі;
31 і, адышоўшы, гаварылі адзін з адным, кажучы: Гэты чалавек не робіць нічога, вартага смерці альбо ланцугоў.
32 І Агрыпа сказаў Фэсту: Можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не апеляваў да цэзара. [Таму і вырашыў намеснік паслаць яго да кесара].
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеянні Апосталаў, 26 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014