1 А Саўл ухваляў яго забойства. І ў той дзень адбылося вялікае ганенне на царкву, якая была ў Іерусаліме, і ўсе, акрамя Апосталаў, рассеяліся па абшарах Іудзеі і Самарыі.
2 А Стэфана пахавалі набожныя людзі і наладзілі па ім вялікае галашэнне.
3 А Саўл знішчаў царкву, уваходзячы ў дамы і цягнучы мужчын і жанчын, аддаваў іх у турму.
4 Рассеяныя ж разышліся, добравесцячы слова.
5 А Філіп пайшоў у самарыйскі горад і прапаведаваў ім Хрыста.
6 І натоўпы аднадушна прымалі тое, што казаў Філіп, слухаючы і бачачы знакі, якія ён рабіў.
7 Бо ў многіх з тых, у кім былі нячыстыя духі, гэтыя духі выходзілі, крычачы гучным голасам, і шмат спаралізаваных і кульгавых выздаравелі.
8 І была вялікая радасць у тым горадзе.
9 А адзін чалавек імем Сіман жыў у горадзе, займаючыся раней вядзьмарствам і здзіўляючы народ Самарыі, кажучы, што ён сам хтосьці вялікі,
10 яго слухалі ўсе ад малога да вялікага, кажучы: Гэты чалавек — сіла Божая, якая завецца Вялікаю.
11 А слухалі яго таму, што ён даволі доўгі час здзіўляў іх вядзьмарствам.
12 А калі яны паверылі Філіпу, які добравесціў пра Царства Божае і імя Ісуса Хрыста, то хрысціліся і мужчыны і жанчыны.
13 А Сіман і сам паверыў і, ахрышчаны, трымаўся Філіпа, і, бачачы, што творацца знакі і вялікія сілы, дзівіўся.
14 А Апосталы ў Іерусаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Іаана,
15 якія, прыйшоўшы, памаліліся аб іх, каб тыя атрымалі Святога Духа;
16 бо Ён яшчэ не зыходзіў ні на кога з іх — яны толькі былі ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.
17 Тады яны ўскладалі рукі на іх, і тыя атрымлівалі Святога Духа.
18 А Сіман, убачыўшы, што праз ускладанне Апосталавых рук даецца [Святы] Дух, прынёс ім грошы,
19 кажучы: Дайце і мне гэтую ўладу, каб той, на каго я ўскладу рукі, атрымаў Святога Духа.
20 Але Пётр сказаў яму: Серабро тваё няхай з табою будзе ў пагібель, бо ты задумаў дар Божы набыць за грошы;
21 няма табе ў гэтым ні часткі, ні ўдзелу, бо тваё сэрца не шчырае перад Богам.
22 Дык пакайся ў гэтым сваім зле і малі Госпада28 — ці не даруецца тады табе намер твайго сэрца,
23 бо бачу я, што ты поўны жоўці гаркоты і ў путах няпраўды.
24 А Сіман сказаў у адказ: Памаліцеся вы за мяне Госпаду, каб не прыйшло на мяне нічога з таго, што вы сказалі.
25 Яны ж, засведчыўшы і сказаўшы слова Гасподняе, вярталіся ў Іерусалім і дабравесцілі многім самарыйскім сёлам.
26 Анёл жа Гасподні прамовіў да Філіпа, кажучы: Устань і ідзі на поўдзень на дарогу, якая спускаецца з Іерусаліма ў Газу, яна пустэльная.
27 І ён устаў і пайшоў. І вось, адзін эфіоп, еўнух, вяльможа Эфіопскай царыцы Кандакі, які быў пастаўлены над усімі яе скарбамі, прыязджаў для пакланення ў Іерусалім,
28 і цяпер вяртаўся і, седзячы ў сваёй калясніцы, чытаў прарока Ісаію.
29 І Дух сказаў Філіпу: Падыдзі і прымкні да гэтай калясніцы.
30 І Філіп, падбегшы, пачуў, што той чытае прарока Ісаію, і запытаўся: Ці ты сапраўды разумееш тое, што чытаеш?
31 І ён сказаў: Як жа я магу разумець, калі хто-небудзь не растлумачыць мне? — І ён папрасіў Філіпа падняцца і сесці з ім.
32 А месца з Пісання, якое ён чытаў, было такое: «Як авечку на зарэз, вялі Яго і як ягня безгалосае перад тым, хто стрыжэ яго, так Ён не раскрывае Сваіх вуснаў.
33 У [Яго] прыніжэнні Яго суд быў адняты; род жа Яго хто вызначыць? Бо забіраецца з зямлі Яго жыццё».
34 І, адказваючы, еўнух сказаў Філіпу: Прашу цябе, пра каго прарок кажа гэта? Пра самога сябе ці каго іншага?
35 І Філіп адкрыў вусны свае і, пачаўшы з гэтага Пісання, дабравесціў яму Ісуса.
36 І, едучы дарогаю, яны пад’ехалі да нейкай вады, і еўнух кажа: Вось вада, што перашкаджае мне хрысціцца?
37 [І Філіп сказаў яму: Калі верыш ад усяго сэрца, то дазваляецца. — І ён сказаў у адказ: Веру, што Ісус Хрыстос — Сын Божы.]
38 І ён загадаў спыніць калясніцу і абодва зышлі ў ваду: і Філіп, і еўнух, — і ён ахрысціў яго.
39 І калі яны выйшлі з вады, Дух [Святы зышоў на еўнуха, а Анёл] Гасподні забраў Філіпа, і еўнух больш не бачыў яго, бо ён паехаў сваёю дарогаю, радуючыся.
40 А Філіп апынуўся ў Азоце і, праходзячы, дабравесціў усім гарадам, пакуль не прыйшоў у Кесарыю.
Каментары ці зноскі:
22 28: У некат. рукап.: Бога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеянні Апосталаў, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014