1 Саўла ж згадзіўся на забіцьцё яго. І таго дня паўстала вялікае перасьледаваньне царквы ў Ерузаліме, і ўсі, з выняткам апосталаў, рассыпаліся па краінах Юдэі а Самары.
2 Сьцепана ж пахавалі набожныя людзі і справілі вялікае галашэньне па ім.
3 А Саўла пустошыў царкву, уходзячы ў дамы ў вадзін за адным і выцягуючы мужчынаў і жанкі, аддаваў іх у вязьніцу.
4 Тыя ж, што рассыпаліся, хадзілі, абяшчаючы дабравесьць слова.
5 Вось, Піліп, зыходзячы да места Самары, абяшчаў ім Хрыста.
6 І ўважалі гурбы згодна на тое, што казаў Піліп, чуючы й бачачы знакі, каторыя ён чыніў;
7 Бо із шмат каго нячыстыя духі выходзілі, крычачы вялікім голасам, і шмат хто паляржаваны а кульгавы ўздараўляўся.
8 І вялікая радасьць была ў тым месьце.
9 Чалавек жа якісь, імям Сымон, быў уперад у тым месьце, чаруючы й зумяваючы народ самарскі, кажучы, што ён сам нейкі вялікі.
10 На яго зважалі ўсі ад найменшага аж да найбольшага, кажучы: «Гэта моц Божая вялікая».
11 Зважалі на яго, бо ён даўгі час зумяваў іх чарамі сваімі.
12 Але, як паверылі Піліпу, каторы абяшчаў дабравесьць праз гаспадарства Божае а імя Ісуса Хрыста, хрысьціліся мужчыны й жанкі.
13 І сам Сымон таксама ўверыў і, будучы ахрышчаны, дзяржаўся Піліпа; і, бачачы знакі а вялікія чудосы чыненыя, зумяваўся.
14 Апосталы ж, што былі ў Ерузаліме, пачуўшы, што Самара прыняла слова Божае, паслалі да іх Пётру а Яана,
15 Каторыя, зышоўшыся, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Сьвятога;
16 Бо Ён ня зыходзіў яшчэ на іх, адно яны былі ахрышчаныя ў імя Спадара Ісуса.
17 Тады ўзлажылі на іх рукі свае, і яны прынялі Духа Сьвятога.
18 Сымон жа, абачыўшы, што ўскладаньням рук апостальскіх даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы, кажучы:
19 «Дайце й імне гэтую ўладу, каб тый, на каго ўзлажу рукі, адзяржаў Духа Сьвятога».
20 Але Пётра сказаў яму: «Срэбла твае хай будзе на загубу з табою, бо ты падумаў, што дар Божы можа быць адзяржаны за грошы.
21 Ты ня маеш дзелі ані жэрабя ў гэтым, бо сэрца твае не пасьцівае перад Богам.
22 Дык пакайся за гэтую нягоднасьць сваю і малі Спадара, можа дараваны будзе табе гэты замер сэрца твайго;
23 Бо я бачу цябе ў жоўці гарчыні і ў путах несправядлівасьці».
24 Сымон жа, адказуючы, сказаў: «Маліце за мяне Спадара, каб нічога ня стрэла мяне з тога, што вы сказалі».
25 Дык яны, пасьветчыўшы й сказаўшы слова Спадарова, зварачаліся да Ерузаліму й абяшчалі дабравесьць шмат сёлам самарскім.
26 А Піліпу Ангіл Спадароў мовіў, кажучы: «Устань а йдзі на паўдня, на дарогу, што зыходзе ад Ерузаліму да Ґазы, яна ж пустая».
27 І ён устаў і пайшоў. І вось, Ефіоплянін, легчанец, Міністра Кандакі, караліцы Ефіопскае, што быў над усім скарбам ейным, каторы прыяжджаў пакланіцца ў Ерузаліме,
28 І зварачаючыся і седзячы на цялежках сваіх, чытаў прароку Ісаю.
29 Дух жа сказаў Піліпу: «Дабліжся а прылучыся да гэтых цялежак».
30 І, падбегшы, Піліп пачуў, што ён чытае прароку Ісаю, і сказаў: «Гля, ці разумееш, што чытаеш?»
31 А ён сказаў: «Як магу, калі хто не пакажа імне». І папрасіў Піліпа ўзыйсьці й сесьці зь ім.
32 Месца ж Пісьма, каторае ён чытаў, было гэткае: «Яго вялі як авечку на зарэз; і як ягнё безгалосае ў прытомнасьці стрыгучага яго, так Ён не адчыняе вуснаў Сваіх.
33 У паніжэньню Ягоным суд ад Яго адабраны быў. І хто зьясьніць род ягоны? бо жыцьцё Ягонае ўзята ізь зямлі».
34 А легчанец, адказуючы Піліпу, сказаў: «Калі ласка, праз каго прарока кажа гэта? празь сябе самога ці праз каго іншага?»
35 І Піліп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы з гэтага Пісьма, абяшчаў яму дабравесьць празь Ісуса.
36 І, як ехалі далей дарогаю, прыехалі да аднае вады, і легчанец кажа: «Во вада, што перакажае імне хрысьціцца?»
37 Піліп жа сказаў яму: «Калі верыш з усяго сэрца, можна». Ён, адказуючы, сказаў: «Веру, што Ісус Хрыстос ё Сын Божы».
38 І казаў спыніць цялежкі; і зышлі абодва ў ваду, Піліп а легчанец; і ахрысьціў яго.
39 Як жа яны вышлі з вады, Дух Спадароў няў Піліпа, і легчанец ня бачыў яго болей, бо паехаў сваёй дарогаю, цешачыся.
40 А Піліп апынуўся ўв Ашдодзе і, праходзячы, абяшчаў дабравесьць усім местам, пакуль прышоў да Цэсарэі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеі сьвятых апосталаў, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.