Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Дзеі 15 Дзеі 15 разьдзел

1 І некэтрыя, зышоўшы зь Юдэі, навучалі братоў: «Калі не абрэжацеся подле абычаю Масеявага, ня можаце спасьціся».
2 А як Паўла а Варнава мелі немалую нязгоду а сьпярэчку зь імі, Паўла а Варнава і некатрыя іншыя былі прызначаны йсьці ў гэтай справе да Ерузаліму да апосталаў а старшых.
3 Дык, будучы прапушчаныя царквою, ішлі перазь Фініку а Самару, драбязна павядаючы праз навярненьне паган, і прычыніліся да вялікае радасьці ўсіх братоў.
4 Прыбыўшы ж да Ерузаліму, яны былі прыняты царквою а апосталамі а старшымі, і здалі лічбу з усяго, што Бог учыніў імі.
5 І паўсталі некатрыя з памеж тых, што, будучы з гэрэсі фарысэйскае, уверылі, і казалі, што маюць абразаць іх і расказаць ім дзяржаць закон Масеяў.
6 І зьберліся апосталы а сьвятарове разгледзіць гэтую справу.
7 Па вялікай сьпярэчцы, Пётра, устаўшы, сказаў ім: «Мужы браты! вы разумееце, што ад найраньшых дзён Бог з памеж вас абраў мяне, каб із вуснаў маіх пагане чулі слова дабравесьці і ўверылі;
8 І Бог, ведамец сэрца, даў ім сьветчаньне, даючы Духа Сьвятога, як і нам;
9 І ня ўчыніў розьніцы памеж нас і іх, ачысьціўшы сэрцы іхныя вераю.
10 Цяпер жа, нашто вы спробуеце Спадара, кладучы йго на шыю вучанікаў, каторага не маглі панесьці айцове нашы ані мы?
11 Але мы верым, што спасемся ласкаю Спадара Ісуса, тэю самаю сьцежкаю, як і яны».
12 І ўся множасьць маўчэла, і слухалі Варнаву а Паўлу, што павядалі праз знакі а чудосы, якія Бог учыніў імі паганам.
13 А як яны змоўклі, адказаў Якаў, кажучы: «Браты, паслухайце мяне!
14 Сымон паведаў, як Бог найперш даведаўся, каб узяць із паган люд да імені Свайго.
15 І з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:
16 "Потым зьвярнуся, і адбудую ўпалы будан Давідаў, і адбудую разьвярненьні яго, і пастанаўлю яго,
17 Каб шукалі Спадара засталыя людзі і ўсі народы, над якімі гукана імя Мае, кажа Спадар, што чыне гэта.
18 Ведамныя Богу ад вечнасьці ўсі працы Ягоныя".
19 Затым я пастанавіў не задаваць клопату тым, што з паган наварачаюцца да Бога,
20 А напісаць ім, каб узьдзержаваліея ад забрудзяненьня балванамі і ад бязулства, і ад задушанага, і ад крыві, і не рабілі іншым таго, чаго ня хочуць сабе.
21 Бо Масей ад старавечных пакаленьняў мае ў кажным месьце тых, што абяшчаюць яго, чытаны ў бажніцах кажнае сыботы».
22 Тады бачылася добрым апосталам а сьвятаром із усёй царквою, паслаць абраных з памеж сябе з Паўлам а Варнаваю да Антыёхі: Юду, званага Варсава, а Сілу, мужоў-правадыроў памеж братоў.
23 Напісаўшы пераз рукі іхныя: «Апосталы а старшыя а браты братом, што з памеж паган ув Антыёсе а Сыры а Кіліццы: здарованьне!
24 З тае прычыны, што мы пачулі, што некатрыя, прышлыя ад нас, задалі вам клопату словамі, захістаўшы душы вашы, кажучы, што маеце быць абразаны й дзяржаць Закон, чаго мы ім не паручалі;
25 Дык бачылася добрым нам, дайшоўшы да адназгоднага рассудку, паслаць абраных мужоў да вас із нашымі любовымі Варнаваю а Паўлам,
26 Мужамі, што далі жыцьцё свае дзеля імені Спадара нашага. Ісуса Хрыста.
27 Дык мы паслалі Юду а Сілу, каторыя самы скажуць вам і словамі тое самае.
28 Бо бачылася Духу Сьвятому й нам не накладаць на вас большага цяжару, апрача гэтага канечне патрэбнага:
29 Узьдзержавацца ад абраканага балваном і ад крыві, і ад задушанага, і ад бязулства. Дзержачы гэта, добра зробіце. Бывайце здаровы!»
30 Дык яны, будучы выпраўленыя, зышлі да Антыёхі і, зьбершы множасьць, даручылі ліст.
31 І, прачытаўшы ліст, яны цешыліся з даменьня гэтага.
32 Юда ж а Сіла, будучы самы прарокамі, дамянялі братом чысьленымі гутаркамі і ўмацавалі іх.
33 Як яны пабылі там якісь час, яны ў супакою былі адпушчаны братамі да тых, што іх паслалі.
34 Сілу, адылі, бачылася застацца там, а Юда зьвярнуўся да Ерузаліму.
35 Паўла ж а Варнава заставаліся ўв Антыёсе, вучачы а абяшчаючы слова Спадарова із шмат якімі іншымі.
36 За колькі ж дзён Паўла сказаў Варнаве: «Зьвярнімася й даведаймася да братоў у кажным месьце, ідзе мы абяшчалі слова Спадарова, як яны маюцца».
37 Варнава ж пазычыў узяць із сабою таксама Яана, званага Маркам;
38 Але Паўла думаў, што ня добра браць із сабою таго, каторы адышоў ад іх із Памфілі і ня йшоў зь імі да тае працы.
39 І паўстала войстрая сьпярэчка, ажно яны разлучыліся адзін із адным; Варнава ўзяў Марку із сабою і паплыў да Кіпры;
40 А Паўла, абраўшы Сілу, пайшоў, будучы паручаны братамі ласцы Божай.
41 І праходзіў Сыру а Кіліку, мацуючы цэрквы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеі сьвятых апосталаў, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.