Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Дзеянні 18 Дзеянні 18 разьдзел

1 Пасля гэтага, адышоўшы з Афінаў, ён51 прыйшоў у Карынф.
2 І, знайшоўшы аднаго іудзея імем Акіла, пантыйца родам, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і яго жонку Прыскілу (бо Клаўдзій загадаў усім іудзеям, каб пакінулі Рым), ён прыйшоў да іх,
3 а таму што быў таго самага рамяства, ён застаўся ў іх і працаваў, рамяство ж у іх было — выраб палатак.
4 І ён штосуботы гутарыў у сінагозе і пераконваў іудзеяў і элінаў.
5 А калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павел поўнасцю аддаўся слову, цвёрда сведчачы іудзеям, што Ісус — гэта Хрыстос.
6 Але калі яны сталі супраціўляцца і блюзнерыць, ён, абтросшы [сваю] вопратку, сказаў ім: Ваша кроў няхай будзе на вашу галаву; я чысты. З гэтага часу я пайду да язычнікаў.
7 І, пайшоўшы адтуль, ён увайшоў у дом аднаго чалавека імем Цітый Юст, які шанаваў Бога і дом якога межаваў з сінагогаю.
8 І Крыпс, начальнік сінагогі, увераваў у Госпада з усім сваім домам; і многія з карынфян, слухаючы, уверавалі і ахрысціліся.
9 І Госпад сказаў Паўлу ўначы праз з’явенне: Не бойся, а кажы і не змаўкай;
10 бо Я з табою і ніхто не нападзе на цябе, каб зрабіць табе ліха, бо ў мяне шмат людзей у гэтым горадзе.
11 І ён заставаўся52 там год і шэсць месяцаў, навучаючы ў іх слову Божаму.
12 Але калі Галіён быў праконсулам Ахаіі, іудзеі аднадушна паўсталі супроць Паўла і прывялі яго на суд,
13 кажучы: Гэты чалавек падгаворвае людзей шанаваць Бога не паводле закона.
14 І калі Павел збіраўся раскрыць вусны, Галіён сказаў іудзеям: Калі б гэта была якая-небудзь несправядлівасць ці ліхі ўчынак, о іудзеі, то з гэтай прычыны я выслухаў бы вас;
15 але калі тут спрэчка пра словы, імёны і ваш закон, то глядзіце самі. Суддзёю ў гэтым я не хачу быць.
16 І ён прагнаў іх з суда.
17 І ўсе [эліны], схапіўшы Сасфена, начальніка сінагогі, білі яго перад судзейскім месцам. А Галіёну нічога з гэтага не абыходзіла.
18 І Павел, прабыўшы там яшчэ даволі шмат дзён, развітаўся з братамі і адплыў у Сірыю, і з ім Прыскіла і Акіла, — абстрыгшы галаву ў Кенхрэях, бо ён даў зарок.
19 І яны прыбылі ў Эфес, і ён пакінуў іх там, сам жа, увайшоўшы ў сінагогу, гутарыў з іудзеямі.
20 А калі яны прасілі, каб застаўся на даўжэйшы час, ён не згадзіўся,
21 а, развітаўшыся і сказаўшы: «[Мне канечне трэба правесці свята, якое надыходзіць, у Іерусаліме]. Я зноў вярнуся да вас, калі Бог захоча», і адплыў з Эфеса.
22 І, прыбыўшы ў Кесарыю, пайшоў у Іерусалім, прывітаў царкву і адышоў у Антыёхію.
23 І, правёўшы нейкі час, ён выйшаў, праходзячы па парадку Галатыйскую краіну і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.
24 І адзін іудзей імем Апалос, александрыец родам, чалавек красамоўны, моцны ў Пісаннях, прыйшоў у Эфес.
25 Гэты чалавек быў навучаны дарозе Гасподняй і, палымнеючы духам, казаў і вучыў дакладна пра Ісуса53, хоць ён ведаў толькі хрышчэнне Іаанава.
26 І гэты чалавек пачаў адважна прамаўляць у сінагозе. І, пачуўшы яго, Прыскіла і Акіла, запрасілі яго да сябе і дакладней растлумачылі яму дарогу Божую54.
27 І калі ён хацеў прайсці ў Ахаію, браты, падтрымліваючы яго, напісалі вучням, каб яны прынялі яго; і ён, прыбыўшы туды, шмат дапамагаў тым, хто ўвераваў праз ласку Божую,
28 бо ён настойліва прынародна выкрываў іудзеяў, паказваючы праз Пісанні, што Ісус — гэта Хрыстос.

Каментары ці зноскі:

1 51: У некат. рукап.: Павел.
11 52: Літаральна: сядзеў.
25 53: У некат. рукап.: Госпада.
26 54: У некат. рукап.: Гасподнюю.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеянні Апосталаў, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014