Біблія » Пераклады » Пераклад Праваслаўнай Царквы

Дзеянні Апосталаў 18 Дзеянні Апосталаў 18 разьдзел

1 Пасля гэтага Павел, пакінуўшы Афіны, прыйшоў у Кары́нф;
2 і, знайшоўшы нейкага Іудзея, па імені Акíла, родам Панцíйца, які нядаўна прыбы́ў з Італіі, і Прыскíлу, жонку яго, — таму што Кла́ўдзій загадаў усім Іудзеям пакінуць Рым, — ён прыйшоў да іх,
3 а паколькі ён вало́даў адно́лькавым з імі рамяство́м, то заста́ўся ў іх і працаваў; а рамяство́ іх было́ рабіць пала́ткі.
4 Кожную ж суботу ён прамаўля́ў у сінагозе і перако́нваў Іудзеяў і Э́лінаў.
5 А калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, то Павел быў натхнёны ду́хам све́дчыць Іудзеям, што Іісус гэта Хрыстос.
6 Паколькі ж яны працíвіліся і блюзне́рылі, то ён, абтро́сшы во́пратку сваю, сказаў ім: кроў ваша на гало́вах вашых; я чы́сты; цяпер іду да язычнікаў.
7 І, пайшоўшы адтуль, ён прыйшоў у дом аднаго чалавека, па імені Іу́ст, які шанава́ў Бога і дом якога быў каля сінагогі.
8 А Крысп, нача́льнік сінагогі, уве́раваў у Госпада з усім домам сваім, і многія з Кары́нфянаў, слу́хаючы, уве́равалі і ахрысцíліся.
9 Сказаў Гасподзь у начны́м відзе́нні Паўлу: не бойся, а гавары́ і не змаўка́й,
10 таму што Я з табою, і ніхто не нападзе́ на цябе, каб зрабіць табе зло; бо ў Мяне многа людзей у горадзе гэтым.
11 І ён застава́ўся там год і шэсць месяцаў, навуча́ючы іх слову Божаму.
12 Калі ж Галіён быў прако́нсулам у Аха́іі, паўста́лі Іудзеі аднаду́шна су́праць Паўла і прывялі яго на судзíлішча,
13 ка́жучы: не па закону ён ву́чыць людзей шанава́ць Бога.
14 Калі ж Павел хацеў адкрыць ву́сны, Галіён сказаў Іудзеям: Іудзеі! калі б была́ якая несправядлíвасць або ўчы́нак ліхí, я меў бы падста́ву вы́слухаць вас;
15 але паколькі ідзе спрэ́чка пра вучэ́нне, і пра імёны, і пра закон ваш, то разбіра́йцеся самі; бо я не хачу быць суддзёю ў гэтым.
16 І прагна́ў іх з судзíлішча.
17 А ўсе Э́ліны, схапíўшы Сасфе́на, нача́льніка сінагогі, бíлі яго перад судзíлішчам; але Галіёна гэта зусім не хвалява́ла.
18 Павел жа, пабы́ўшы яшчэ даво́лі многа дзён, развіта́ўся з брата́мі і адплы́ў у Сíрыю, і з ім Акíла і Прыскíла; ён абстры́г галаву́ ў Кенхрэ́ях, бо даваў абе́т.
19 Прыбы́ў ён у Эфе́с і пакінуў іх там, а сам пайшоў у сінагогу і вёў размову з Іудзеямі.
20 Калі ж яны прасілі прабы́ць у іх больш часу, ён не згадзíўся,
21 а развіта́ўся з імі, сказаўшы: мне трэба абавязкова праве́сці надыхо́дзячае свя́та ў Іерусаліме; да вас жа вярну́ся зноў, калі будзе воля Божая. І адправіўся з Эфе́са; Акíла ж застаўся ў Эфе́се.
22 Прыбы́ўшы ў Кесары́ю, ён зайшоў ў Іерусалім, прывіта́ў царкву і пайшоў у Антыяхíю,
23 і, правёўшы там нейкі час, ён адышоў і прахо́дзіў паслядо́ўна Галацíйскую краіну і Фры́гію, умацо́ўваючы ўсіх вучняў.
24 Іудзей жа нейкі, па імені Апало́с, родам з Александры́і, чалавек красамо́ўны і добра дасве́дчаны ў Піса́ннях, прыйшоў у Эфе́с;
25 ён быў наста́ўлены на шлях Гасподні і, пала́ючы ду́хам, прамаўля́ў і вучы́ў пра Госпада правільна, зна́ючы толькі хрышчэ́нне Іаа́нава.
26 Ён пачаў смела прамаўля́ць у сінагозе. Пачуўшы яго, Акíла і Прыскíла прынялí яго і дакла́дней растлума́чылі яму шлях Гасподні.
27 Калі ж ён хацеў пайсці ў Аха́ію, то браты, спрыя́ючы, напіса́лі ву́чням, каб прынялí яго; прыбы́ўшы туды, ён шмат садзе́йнічаў тым, хто ўве́раваў па благада́ці,
28 бо ён рашу́ча выкрыва́ў Іудзеяў перад народам, дака́зваючы праз Пісанні, што Іісус гэта Хрыстос.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеянні Святых Апосталаў, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.