1 А ў Кесарыі быў адзін чалавек імем Карнілій, сотнік з кагорты, званай Італійскай,
2 набожны і богабаязны з усім сваім домам, ён падаваў шмат міласціны людзям і заўсёды маліўся Богу.
3 Ён ясна ўбачыў у з’явенні каля дзевятай гадзіны дня Анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнілій!
4 І ён, угледзеўшыся ў яго і спалохаўшыся, сказаў: Што, Госпадзе? — І Анёл сказаў яму: Твае малітвы і твае міласціны прыйшлі на памяць перад Богам.
5 І цяпер пашлі людзей у Іопію і пакліч Сімана, званага Пятром;
6 гэты чалавек гасцюе ў аднаго гарбара Сімана, чый дом знаходзіцца пры моры. [Ён скажа табе словы, якімі ўратуешся ты і ўвесь твой дом].
7 І калі Анёл, які гаварыў з ім [Карніліем], пайшоў, ён паклікаў двух са [сваіх] слуг і набожнага воіна з тых, што служылі пры ім;
8 і, расказаўшы ім усё, ён паслаў іх у Іопію.
9 А на другі дзень, калі тыя былі ў дарозе і набліжаліся да горада, Пётр узышоў на дах, каб памаліцца, каля шостай гадзіны.
10 І ён адчуў голад і хацеў есці. А пакуль гатавалі, яму было з’явенне,
11 і ён бачыць, што неба адчыненае і ўніз сходзіць нейкая пасудзіна, як бы вялікае палотнішча, [прывязанае] за чатыры канцы і спускаецца на зямлю.
12 У ім былі ўсялякія зямныя чацвераногія, і звяры, і паўзуны, і нябесныя птушкі.
13 І пачуўся голас да яго: Устань, Пётр, закалі і з’еш!
14 Але Пётр сказаў: Ні за што, Госпадзе, бо я ніколі не еў нічога паганага і нячыстага.
15 І зноў, другі раз, пачуўся голас да яго: Тое, што Бог ачысціў, не лічы паганым.
16 І гэта адбылося тройчы і зразу ж пасудзіна была ўзята на неба.
17 А пакуль Пётр разважаў сам сабе, што значыла з’явенне, якое ён убачыў, вось людзі, пасланыя Карніліем, распытаўшы пра Сіманаў дом, спыніліся каля брамы.
18 І, крыкнуўшы, яны спыталіся, ці тут гасцюе Сіман, званы Пятром.
19 А пакуль Пётр раздумваў пра з’явенне, Дух сказаў яму: Вось, цябе шукаюць тры чалавекі.
20 Устань жа, спусціся і ідзі з імі, ні ў чым не сумняваючыся, бо Я іх паслаў.
21 І Пётр, спусціўшыся да гэтых людзей, [пасланых да яго Карніліем], сказаў: Вось, я той, каго вы шукаеце; якая прычына, з-за якой вы прыйшлі?
22 І яны сказалі: Карнілій, сотнік, чалавек праведны і богабаязны і які мае пра сябе добрае сведчанне ад усяго іудзейскага народа, атрымаў ад святога Анёла наказ паслаць па цябе, каб ты прыйшоў у яго дом, і пачуць ад цябе словы.
23 Тады ён запрасіў іх у дом і гасцінна прыняў. І назаўтра ён устаў і пайшоў з імі; і некаторыя браты з Іопіі пайшлі з ім.
24 І на другі дзень яны прыйшлі ў Кесарыю. А Карнілій чакаў іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіх сяброў.
25 І калі Пётр уваходзіў, Карнілій сустрэў яго і, упаўшы да яго ног, пакланіўся.
26 Але Пётр падняў яго, кажучы: Устань, я сам таксама чалавек.
27 І, размаўляючы з ім, ён увайшоў і знайшоў многіх, што зышліся туды.
28 І ён сказаў ім: Вы ведаеце, што іудзею не дазволена прыязніцца і збліжацца з іншапляменнікам; але мне Бог паказаў, каб я ніводнага чалавека не называў паганым ці нячыстым.
29 Таму я і без вагання прыйшоў, калі паклікалі. Дык, я пытаюся, з-за якой прычыны вы па мяне паслалі?
30 І Карнілій сказаў: Чатыры дні да гэтай гадзіны я [пасціўся] і а дзявятай маліўся ў сябе дома, і вось, перада мною стаў чалавек у светлых шатах
31 і кажа: Карнілій, пачутая твая малітва, і твае міласціны ўспомненыя перад Богам.
32 Дык пашлі ў Іопію і пакліч Сімана, званага Пятром; ён гасцюе ў доме Сімана, гарбара, пры моры; [ён прыйдзе і скажа табе].
33 І я адразу паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Дык, цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб пачуць усё, што загадаў табе Госпад32.
34 І Пётр, адкрыўшы вусны, сказаў: Папраўдзе я пазнаю, што ў Бога няма прадузятасці;
35 але ў кожным народзе той, хто баіцца Яго і творыць праведнасць, прыемны Яму.
36 Слова, якое Ён паслаў Ізраілевым сынам, дабравесцячы мір праз Ісуса Хрыста, Ён Госпад усіх,
37 вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Іудзеі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хрышчэння, якое прапаведаваў Іаан:
38 Ісуса, што з Назарэта, — як Бог памазаў Яго Святым Духам і сілаю; Ён хадзіў, робячы дабро і вылечваючы ўсіх, каго паняволіў д’ябал, бо з Ім быў Бог.
39 І мы сведкі ўсяго таго, што Ён зрабіў і ў іудзейскай зямлі, і ў Іерусаліме; Якога і забілі яны, павесіўшы на дрэве.
40 Бог уваскрэсіў Яго на трэці дзень; і даў Яму з’явіцца бачным —
41 і не ўсяму народу, а сведкам, якія былі загадзя выбраныя Богам, — нам, тым, якія елі і пілі з Ім пасля ўваскрэсення Яго з мёртвых;
42 і Ён загадаў нам прапаведаваць народу і засведчыць, што гэта Ён вызначаны Богам Суддзя жывых і мёртвых.
43 Пра Яго ўсе прарокі сведчаць, што Яго імем кожны, хто верыць у Яго, атрымае дараванне грахоў.
44 Калі Пётр яшчэ казаў гэтыя словы, Святы Дух зышоў на ўсіх, што слухалі слова.
45 І вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі з Пятром, уразіліся, што і на язычнікаў быў выліты дар Святога Духа;
46 бо яны чулі, як тыя гавораць на розных мовах і ўзвялічваюць Бога. Тады адказаў Пётр:
47 Хіба можа хто-небудзь забараніць, каб не былі ахрышчаны вадою гэтыя людзі, якія атрымалі Святога Духа, як і мы?
48 І ён загадаў, каб яны былі ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста. Тады яны папрасілі яго застацца [ў іх] на некалькі дзён.
Каментары ці зноскі:
33 32: У некат. рукап.: Бог.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеянні Апосталаў, 10 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014