Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Дзеі 10 Дзеі Апосталаў 10 разьдзел

ПАЧАТАК МІСІІ СЯРОД ЯЗЫЧНІКАЎ

Візія сотніка Карнэлія

1 Быў у Цэзарэі адзін чалавек па імені Карнэлій, сотнік з кагорты, што называлася Італьскай,
2 пабожны і багабойны з усім домам сваім. Ён даваў вялікую міласціну і заўсёды маліўся Богу.
3 Каля дзевятай гадзіны дня ён выразна бачыў у візіі анёла Божага, які прыйшоў да яго і сказаў: «Карнэлій».
4 Ён паглядзеў на яго і, спалохаўшыся, сказаў: «Што, Пане?» Той адказаў: «Твае малітвы і твая міласціна былі згаданыя перад Богам.
5 А цяпер пашлі людзей у Яфу і пакліч Сымона, які завецца Пятром.
6 Ён гасціць у аднаго гарбара Сымона, які мае дом каля мора. Ён скажа табе, што рабіць».
7 Калі анёл, які гаварыў з ім, адышоў, ён паклікаў двух сваіх слуг і богабаязнага жаўнера з тых, што служылі яму,
8 і, расказаўшы ім усё, паслаў іх у Яфу.
Візія Пятра ў Яфе

9 На другі дзень, калі яны былі ў дарозе і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны падняўся на дах дома памаліцца.
10 Аднак адчуў голад і захацеў паесці. Пакуль гатавалі яму, ён упаў у захапленне.
11 Убачыў неба раскрытае і нейкае начынне, быццам вялікае палатно, прывязанае за чатыры куты, што спускалася на зямлю.
12 У ім былі ўсякія чатырохногія жывёлы, паўзуны і нябесныя птушкі.
13 А голас прамовіў да яго: «Уставай, Пётр, забівай і еш!»
14 Але Пётр сказаў: «Ні ў якім разе, Пане, бо я ніколі не еў нічога апаганенага і нячыстага».
15 І зноў, другі раз, голас сказаў яму: «Тое, што Бог ачысціў, не называй апаганеным».
16 Так было тройчы, і начынне адразу паднялося ў неба.
17 Калі ж Пётр разважаў, што магла б азначаць гэтая візія, якую бачыў, людзі, пасланыя Карнэліем, распытаўшыся пра дом Сымона, спыніліся ля варот
18 і спыталіся, крыкнуўшы, ці тут гасціць Сымон, які завецца Пятром.
19 Калі Пётр разважаў пра візію, Дух сказаў яму: «Вось, тры чалавекі шукаюць цябе.
20 Устань, спусціся і ідзі з імі без ніякіх ваганняў, бо Я паслаў іх».
21 Пётр, спусціўшыся да гэтых людзей, сказаў: «Я той, каго вы шукаеце. Дзеля чаго вы прыйшлі?»
22 Яны ж сказалі: «Карнэлій, сотнік, муж праведны і богабаязны, за якога засведчыць увесь юдэйскі народ, атрымаў наказ праз святога анёла, каб паклікаць цябе ў свой дом і паслухаць тваіх слоў».
23 Тады ён паклікаў іх і пачаставаў.
Назаўтра ўстаў і адправіўся з імі. Некаторыя браты з Яфы пайшлі разам з ім.
24 На наступны дзень ён прыбыў у Цэзарэю. Карнэлій жа чакаў іх, паклікаўшы сваіх родных і блізкіх сяброў.
25 Калі Пётр уваходзіў, Карнэлій выйшаў яму насустрач і, упаўшы да ног, пакланіўся яму.
26 Пётр падняў яго, кажучы: «Устань, я таксама чалавек».
27 І, размаўляючы з ім, увайшоў і ўбачыў шмат сабраных.
28 Ён сказаў ім: «Ведаеце, што юдэю нельга мець зносіны або сустракацца з чужынцам. Але Бог адкрыў мне, каб я не лічыў ніводнага чалавека апаганеным ці нячыстым.
29 Таму я без ваганняў прыйшоў на заклік. Дык пытаюся: для якой справы вы паклікалі мяне?»
30 Тады Карнэлій адказаў: «Чатыры дні аж да гэтай гадзіны я пасціў і а дзявятай маліўся ў сваім доме. І вось, перада мной з’явіўся муж у бліскучым адзенні
31 і сказаў: “Карнэлій, твая малітва пачутая і твае міласціны былі згаданыя перад Богам.
32 Таму пашлі ў Яфу і пакліч Сымона, які завецца Пятром. Ён гасціць у доме гарбара Сымона каля мора”.
33 Я адразу паслаў да цябе, а ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб пачуць усё, што загадаў табе Пан».
Мова Пятра ў доме Карнэлія

34 Тады Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: «Сапраўды разумею, што Бог не зважае на асобу,
35 але ў кожным народзе даспадобы Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва.
36 Ён паслаў сваё слова сынам Ізраэля, абвяшчаючы Добрую Навіну аб спакоі праз Езуса Хрыста, які ёсць Панам усіх.
37 Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, абвешчанага Янам.
38 Як Бог намасціў Духам Святым і моцай Езуса з Назарэта, які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, апанаваных д’яблам, бо з Ім быў Бог.
39 І мы — сведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне Юдэйскай і ў Ерузалеме. Яго забілі, павесіўшы на дрэве.
40 А Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і дазволіў Яму з’явіцца
41 не ўсяму народу, але нам, сведкам, выбраным раней Богам, якія елі і пілі разам з Ім пасля Ягонага ўваскрасення.
42 Нам таксама наказаў абвяшчаць народу і сведчыць, што Ён — прызначаны Богам суддзя жывых і памерлых.
43 Пра Яго ўсе прарокі сведчаць, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Ягонае».
Сыходжанне Духа Святога на язычнікаў

44 Калі Пётр яшчэ казаў гэтыя словы, Дух Святы сышоў на ўсіх, хто слухаў слова.
45 А вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі разам з Пятром, здзівіліся, што дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў.
46 Бо яны чулі, як тыя размаўлялі мовамі і славілі Бога. Тады сказаў Пётр:
47 «Ці можа хто забараніць хрысціцца вадою тым, хто атрымаў Духа Святога, як і мы?»
48 І загадаў ахрысціць іх у імя Езуса Хрыста. Потым яны прасілі яго застацца на некалькі дзён.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019