Дзеі 22 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад В. Гадлеўскага
Мужы браты і бацькі! выслухайце цяпер маё апраўданьне перад вамі.
Мужы браты і айцы, паслухайце, якую я цяпер здаю вам справу.
Пачуўшы, што ён загаварыў зь імі па-Габрэйску, яны яшчэ больш аціхлі. Ён сказаў:
Калі-ж пачулі, што ў жыдоўскай мове гаварыў да іх, учынілі яшчэ большую цішыню.
я Юдэй, нарадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, выгадаваны ў гэтым горадзе ў нагах у Гамалііла, рупліва настаўлены ў бацькоўскім законе, шчыры слуга Божы, як і ўсе вы сёньня.
І сказаў: Я ёсьць муж жыд, радзіўшыся ў Тарсе ў Цыліцыі, а ўзгадаваны ў гэтым горадзе, ля ног Гамалійэля навучаны паводле праўды айцоўскага закону, рупны слуга закону, так як і вы ўсе сягоньня;
Я нават да сьмерці гнаў пасьлядоўнікаў гэтага вучэньня, вяжучы і аддаючы ў цямніцу і мужчын і жанчын,
я прасьледаваў гэты шлях аж да сьмерці, вяжучы і перадаючы ў вастрог мужоў і жанчын.
як засьведчаць пра мяне першасьвятар і ўсе старэйшыны, ад якіх і пісьмы ўзяў да братоў у Дамаску, я ішоў, каб тамтэйшых прывесьці ў аковах у Ерусалім на катаваньне.
Як архісьвятар дае мне пасьведчаньне і ўсе старшыя, ад каторых атрымаўшы і пісьмы ад братоў, я ішоў у Дамашак, каб прывесьці адтуль зьвязаных у Ерузалім, каб іх пакараць.
І калі я быў у дарозе і падыходзіў да Дамаска, пад полудзень раптам азарыла мяне вялікае сьвятло зь неба.
І сталася, калі я ішоў і прыбліжаўся да Дамашку ў поўдзень, раптам асьвяціла мяне навакол вялікая сьветласьць з неба.
Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: Саўле! Саўле! чаго ты гоніш Мяне?
І ўпаўшы на зямлю, пачуў я голас, кажучы мне: «Шавал, Шавал, чаму ты мяне прасьледуеш»?
Я адказваў: хто Ты, Госпадзе? Ён сказаў мне: Я Ісус Назарэй, Якога ты гоніш.
А я адказаў: Хто ты ёсьць, Пане? І сказаў да мяне: «Я ёсьць Езус Назарэнскі, каторага ты прасьледуеш».
Тыя, што былі са мною, бачылі сьвятло і перапалохаліся, але голасу Таго, Хто гаварыў да мяне, ня чулі.
А тыя, што былі са мною, сьветласьць то бачылі, але голасу ня чулі таго, хто са мною гаварыў.
Тады я сказаў: Госпадзе! што мне рабіць? А Гасподзь сказаў мне: устань і ідзі ў Дамаск, і там табе сказана будзе ўсё, што назначана табе рабіць.
І я сказаў: Што мне рабіць, Пане? А Пан сказаў да мяне: «Устаўшы ідзі ў Дамашак, а там скажуць табе аб усім, што табе трэба рабіць».
А як што я ад славы сьвятла таго асьлеп, дык тыя, хто быў са мною, за руку прывялі мяне ў Дамаск.
А калі я ня відзеў дзеля яснасьці таго сьвятла, ведзены за руку таварышамі, прыйшоў я ў Дамашак.
Нехта Ананія, муж пабожны паводле закона, пахвалёны ўсімі Юдэямі, што жывуць у Дамаску,
Адзін-жа Ананій, муж паводле закону, маючы пасьведчаньне ад усіх разам жывучых жыдоў,
прыйшоў да мяне і, падышоўшы, сказаў мне: браце Саўле! будзь зноў відушчы! І я адразу ўбачыў яго.
прыйшоўшы да мяне, сказаў мне: «Шаўле, браце, праглянь». І я ў тую-ж часіну глянуў на яго.
А ён сказаў мне: Бог бацькоў нашых наперад выбраў цябе, каб ты ўведаў волю Ягоную, убачыў Праведніка і пачуў голас з вуснаў Ягоных,
А ён сказаў: «Бог айцоў нашых празначыў цябе, каб ты пазнаў волю яго, і ўбачыў Справядлівага, і пачуў голас з вуснаў ягоных.
бо ты будзеш Яму за сьведку перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў;
Бо будзеш сьведкай ягоным перад усімі людзьмі таго, што ты бачыў і чуў.
дык вось, чаго ж ты марудзіш? устань, ахрысьціся і змый грахі твае, заклікаўшы імя Госпада Ісуса.
І цяпер чаго марудзіш? Устань, і ахрысьціся, і змый грахі твае, прызваўшы імя ягонае».
Калі ж я вярнуўся ў Ерусалім і маліўся ў храме, упаў я ў жарсьць,
А сталася, калі я вярнуўся ў Ерузалім і маліўся ў сьвятыні, я папаў у захапленьне.
і ўгледзеў Яго, і Ён сказаў мне: пасьпяшайся і выйдзі хутчэй зь Ерусаліма, бо ня прымуць тут твайго сьведчаньня пра Мяне.
І відзеў яго, кажучага мне: «Сьпяшайся і выйдзі скора з Ерузаліму, бо ня прыймуць твайго пасьведчаньня аба мне».
Я сказаў: Госпадзе! ім вядома, што я веруючых у Цябе кідаў у цямніцы і пабіваў у сынагогах,
А я сказаў: Пане, яны ведаюць, што я саджаў у вастрог і біў тых, што верылі ў цябе.
і, калі пралівалася кроў Сьцяпана, сьведкі Твайго, я там стаяў, ухваляў забойства яго і вартаваў адзеньне забойцаў ягоных.
І калі лілася кроў Сьцяпана, твайго сьведкі, я стаяў там і згаджаўся і сьцярог вопратак тых, што забівалі яго.
І Ён сказаў мне: ідзі; Я пашлю цябе далёка да язычнікаў.
І сказаў да мяне: «Ідзі, бо я да паганаў далёка пашлю цябе».
Да гэтага слова слухалі яго; а пасьля гэтага паднялі крык, кажучы: зьнішчы зь зямлі такога! бо ня варта яму жыць.
І слухалі яго аж да гэтага слова, і паднялі голас свой, кажучы: зьніштож з зямлі гэтага, бо нельга, каб ён жыў!
Тым часам як яны крычалі, шпурлялі вопратку і кідалі пясок у паветра,
А калі яны крычалі і кідалі вопраткі свае і шпурлялі пыл у паветра,
тысячнік загадаў увесьці яго ў крэпасьць, загадаўшы бічаваць яго, каб выведаць, зь якое прычыны так крычалі супроць яго.
тысячнік загадаў увесьці яго ў лагер і біць бічамі і катаваць яго, каб даведацца, дзеля якой прычыны так на яго крычалі.
Але калі расьцягнулі яго рэмнямі, Павал сказаў сотніку: хіба вам дазволена бічаваць рымскага грамадзяніна, ды і бяз суду?
Калі-ж зьвязалі яго рамнямі, Павал сказаў да стаяўшага каля яго сотніка: Ці чалавека рымляніна і незасуджанага можна вам бічаваць?
Пачуўшы гэта, сотнік падышоў і данёс тысячніку, кажучы: глядзі, што ты хочаш рабіць? гэты чалавек — рымскі грамадзянін.
Пачуўшы гэтае, сотнік падыйшоў да тысячніка і абвясьціў яму, кажучы: што хочаш рабіць? Бо гэты чалавек ёсьць рымскі грамадзянін.
Тады тысячнік, падышоўшы да яго, сказаў: скажы мне, ты рымскі грамадзянін? Ён сказаў: так.
І падыйшоўшы тысячнік сказаў яму: Скажы мне, ці ты рымлянін? А ён сказаў: Так.
Тысячнік адказваў: я за вялікія грошы набыў гэта грамадзянства, А Павал сказаў: а я і нарадзіўся ў ім.
І адказаў тысячнік: Я за вялікую суму здабыў гэтае грамадзянства. А Павал сказаў: А я і ўрадзіўся.
Тады адразу адступіліся ад яго тыя, што хацелі яго катаваць; а тысячнік, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін, перапалохаўся, што зьвязаў яго.
Дык зараз адступілі ад яго тыя, што мелі яго катаваць. Тысячнік так-жа спалохаўся, як даведаўся, што ён рымскі грамадзянін і што зьвязаў яго.
На другі дзень, хочучы ўпэўніцца ў праўдзе, за што вінавацяць яго Юдэі, вызваліў яго з ланцугоў і загадаў сабрацца першасьвятарам і ўсяму сынедрыёну і, вывеўшы Паўла, паставіў яго перад імі.
На другі-ж дзень, хочучы дакладней даведацца, з якой прычыны быў вінавачаны жыдамі, разьвязаў яго, і загадаў зыйсьціся сьвятарам і ўсей Радзе, і вывеўшы Паўла, паставіў паміж іх.