Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Дзеяньні 9 Дзеяньні 9 разьдзел

1 Саўл жа, дышучы пагрозай ды забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоўшы да архірэя,
2 выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск да сынагогаў, каб, калі знойдзе каго таго-ж напрамку, мужчын ды жанчын, зьвязаўшы, вясьці ў Ерузалім.
3 Калі-ж ён ішоў, сталася, падыходзячы к Дамаску, зьнячэўку абняло яго сьвятло́ з неба;
4 і, паваліўшыся на зямлю, пачуў голас, які гаварыў яму: Саўл, Саўл, чаму перасьле́дуеш мяне́?
5 Ён жа сказаў: Хто Ты, Госпадзе? А Госпад сказаў: Я — Ісус, якога ты перасьле́дуеш. Цяжка табе́ проці ражна ўпірацца.
6 Ён жа, дрыжучы ад жаху, сказаў: Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў? І Госпад да яго: Устань ды йдзі да ме́ста, і будзе табе́ сказана, што трэ’ табе́ рабіць.
7 Людзі-ж, што йшлі разам з ім, стаялі здуме́ўшыся: бо чулі голас, ды нікога ня бачылі.
8 Саўл устаў з зямлі. Калі-ж расчыніліся вочы ягоныя, ня бачыў нікога; дык, узяўшы за руку, завялі яго ў Дамаск.
9 І тры дні быў сьляпы, і ня е́ў ды ня піў.
10 Быў жа ў Дамаску адзін вучань на ймя Ананія; і сказаў да яго Госпад у зьяве: Ананія! Ён жа сказаў: Вось я, Госпадзе!
11 І Госпад да яго: Устань ды йдзі на вуліцу, называную Простай, і пашукай у Юдавым доме Тарсяніна на ймя Саўл; бо вось ён моліцца
12 ды бачыў у зьяве мужа, на ймя Ананія, які ўвайшоў і ўзлажыў руку, каб ізноў відзеў.
13 Ананія-ж адказаў: Госпадзе, ад многіх чуў я аб чалаве́ку гэтым, колькі благога зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерузаліме;
14 дый тутака мае ўладу ад архірэяў вязаці ўсіх, хто імя Твае́ прызывае.
15 І прамовіў да яго Госпад: Ідзі, бо ён Мне́ выбраная судзіна, каб не́сьці імя Мае́ перад паганамі й царамі й сынамі Ізраілявымі:
16 бо Я яму пакажу, колькі мусіць выцярпець за імя Мае́.
17 І пайшоў Ананія і ўвайшоў у гэны дом ды, ускладаючы на яго рукі, сказаў: Саўле, браце, паслаў мяне́ Госпад, Ісус, што паказаўся табе́ на дарозе, па якой ты йшоў, каб ты йзноў відзеў і Духам Сьвятым напоўніўся.
18 І ўраз-жа нібы луска з вачэй яму апа́ла, і з тае́ часіны відзеў ізноў дый, устаўшы, ахрысьціўся
19 і, пае́ўшы, узмацаваўся. І быў Саўл колькі дзён з вучнямі, што ў Дамаску,
20 і неўзабаве абвяшчаў у сынагогах Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы.
21 І ўсе, чуючы, дзіваваліся й казалі: Няўжо-ж гэта той самы, што загубіў у Ерузаліме прызываючых імя гэтае дый сюды прыйшоў дзе́ля таго, каб іх, зьвязаўшы, вясьці да архірэяў?
22 А Саўл бале́й дужэў ды граміў Жыдоў, што жылі ў Дамаску, даводзячы, што гэта Хрыстос.
23 Калі-ж прайшло багата дзён, змовіліся Жыды забіці яго.
24 Але Саўлу сталася ве́дама змова іхняя. А яны пілнавалі варотаў днямі й начамі, каб яго забіць.
25 І вучні, узяўшы яго ўначы, спусьцілі праз мур у карзіне.
26 Саўл жа, зьявіўшыся ў Ерузаліме, стараўся прыстаць да вучняў; але ўсе́ баяліся яго, ня ве́ручы, што ён вучань.
27 Варнава-ж, узяўшы яго, прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як на дарозе ён бачыў Госпада, ды што́ прамаўляў да яго, ды як ён у Дамаску адважна прапаве́дываў у імя Ісусавае.
28 І быў разам з імі ды выходзіў і прыходзіў у Ерузалім і адважна прапаве́дываў у імя Госпада Ісуса.
29 Гутарыў такжа й спрачаўся з Грэкамі; а тыя маніліся забіць яго.
30 Браты-ж, даве́даўшыся, завялі яго ў Кесарыю ды паслалі яго ў Тарс.
31 Цэрквы-ж па ўсе́й Юдэі й Галіле́і й Самарыі ме́лі супакой, будуючыся й ходзячы ў страху Гасподнім, ды праз пацяшэньне Духа Сьвятога памнажаліся.
32 Сталася-ж, Пётр, абходзячы ўсіх, прыйшоў і да сьвятых, што жылі ў Лідзьдзе.
33 Знайшоў-жа там аднаго чалаве́ка, на ймя Энэй, які восем гадоў ляжаў у ложку, бо быў спараліжаваны.
34 І сказаў яму Пётр: Энэй, цябе́ аздараўляе Ісус Хрыстос; устань ды пасьцялі сабе́. І ён ураз-жа ўстаў.
35 І бачылі яго ўсе́, што жылі ў Лідзьдзе й Сароніі, і яны навярнуліся да Госпада.
36 У Іоппе-ж была адна вучаніца, на ймя Тавіта, што ў перакладзе чытаецца Сарна. Яна была поўная добрых учынкаў ды міласьцінаў, што рабіла.
37 Сталася-ж у тыя дні, што, занядужаўшы, яна паме́рла. Яе́ памылі й палажылі ў сьвятліцы.
38 А як Лідда недалека ад Іоппы, дык вучні, чуўшы, што тамака Пётр, паслалі двух людзе́й да яго з просьбай, каб неадкладаючы прыйшоў да іх.
39 І, устаўшы, Пётр прыйшоў да іх. І, як ён прыйшоў, завялі яго ў сьвятліцу; і абступілі яго ўсе́ ўдовы, плачучы й паказуючы вопраткі й адзе́жу, што паспраўляла Сарна, як была з імі.
40 Пётр жа, выслаўшы ўсіх, укле́нчыў і маліўся. І, зьвярнуўшыся да це́ла, сказаў: Тавіта, устань! Яна-ж расчыніла вочы свае́ і, угле́дзіўшы Пятра, се́ла.
41 І ён, даўшы е́й руку, падняў яе́; і, клікнуўшы сьвятых і ўдоў, паставіў яе́ перад імі жывую.
42 І сталася ве́дама па ўсе́й Іоніі, і многія ўве́равалі ў Госпада.
43 Сталася-ж, што ён даволі дзён прабыў у не́йкага Сымона, гарбара.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеяньні Сьвятых Апосталаў, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.