Дзеі 10 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Быў жа ў Кесары нейкі мужчына імем Карнэль, сотнік, із кагорты называнай Італійскай
 
У Кесарыі быў адзін чалавек, якога звалі Карнілій, сотнік з кагорты, называнай Італійскай,

набажны і багабойны са ўсім сваім домам, ды чынячы многія міласьціны народу ды ўсьцяж мо́лячыся Богу.
 
пабожны і богабаязны з усім домам сваім, ён рабіў шмат міласьціны людзям і заўсёды маліўся Богу.

Убачыў (ён) у зьяве ясна каля дзявятай гадзіны дня Ангела Бога, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнэль!
 
Ён ва ўяве ясна бачыў каля дзявятай гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнілій!

Ён жа глянуўшы на яго і спалохаўшыся сказаў: Хто Ты Госпадзе? а (той) сказаў яму: малітвы твае і міласьціны твае прыйшлі на памяць перад Богам.
 
А ён, зірнуўшы на яго і спалохаўшыся, сказаў: што, Госпадзе? Анёл адказваў яму: малітвы твае і міласьціны твае ўзгадаліся перад Богам;

І цяпер пашлі ў Іоппу мужчын і запрасі Сымона, які называецца Пятром;
 
дык пашлі людзей у Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром:

ён у гасьцёх у нейкага Сымона гарбара, чый дом знаходзіцца ля мора. Ён скажа табе, што трэба табе рабіць.
 
ён гасьцюе ў нейкага Сымона-гарбара, чый дом каля мора; ён скажа табе, што табе трэба рабіць.

Калі ж Ангел, што гутарыў з Карнэлям, пайшоў ён паклікаўшы двух слуг сваіх і жаўнера на́бажнага, якія ня адыходзілі ад яго,
 
Калі анёл, які гаварыў з Карніліем, адышоў, дык ён, паклікаўшы двух сваіх слуг і набожнага воіна з тых, што былі пры ім,

і расказаўшы ім усё паслаў іх у Іоппу.
 
і расказаўшы ім усё, паслаў іх у Ёпію.

На наступны дзень як былі яны ў дарозе і падыходзілі да места, Пётра ўзыйшоў на дах памалíцца каля шостае гадзіны.
 
На другі дзень, калі яны ішлі і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны ўзышоў на дах дома памаліцца.

І сталася, адчуў голад ды захацеў пад’есьці, калі ж другія гатавалі, найшло на яго захапленьне,
 
І адчуў ён голад, і захацеў есьці; пакуль гатавалі, найшла на яго жарсьць,

і бачыць неба расчыненае ды нейкую судзіну, якая апускаецца да яго як вялікі абрус завязаны па чатырох краях ды апусканы на зямлю.
 
і бачыць адчыненае неба і нейкі посуд, які апускаецца да яго, нібы вялікае палатно, прывязанае за чатыры рагі і апусканае на зямлю;

У ім знахо́дзіліся ўсякія чацьвёраногія зямлі і дзікія жывёлы, і паўзуны, і птушкі нябесныя.
 
у ім былі ўсякія чатырногі зямныя, зьвяры, плазуны і птушкі нябесныя.

І быў голас да яго: устаўшы, Пётра, забівай ды еш.
 
І быў голас яму: устань, Пётр, закалі і еж.

Але Пётра сказаў: не, Госпадзе! бо я ніколі ня еў нічога паганага альбо нячыстага.
 
Але Пётр сказаў: не, Госпадзе! я ніколі ня еў нічога паганага або нячыстага.

Тады голас ізноў у другі раз (быў) да яго: што Бог ачысьціў, (таго) ты ня называй нячыстым.
 
Тады другі раз быў голас яму: што Бог ачысьціў, таго не ўважай за нячыстае.

І гэта сталася тройчы, і судзіна зноў падняла́ся на неба.
 
Гэта было тройчы — і посуд зноў падняўся на неба.

Калі ж Пётра сам у сабе сумняваўся, што б значыла (гэта) зьява, якую ён бачыў, — вось мужчыны пасланыя ад Карнэля, распытаўшыся пра дом Сымонавы, спыніліся ля варотаў.
 
Калі ж Пётр раздумваў сам сабе, што б такое азначаў гэты відзеж, што ён бачыў, — вось, мужы, пасланыя Карніліем, распытаўшыся пра дом Сымонаў, спыніліся каля варот,

І крыкнуўшы спыталіся: ці тут у гасьцёх Сымон, называны Пятром?
 
і, гукнуўшы, спыталіся: ці тут Сымон, якога завуць Пятром?

А Пятру, які разважаў пра зьяву, яму Дух сказаў: вось трое мужчынаў шукаюць цябе.
 
Тым часам, як Пётр разважаў пра відзеж, Дух сказаў яму: вось, трох чалавек шукаюць цябе;

Але ўстаўшы сыйдзі і пайдзі зь імі, нічога ня разьбіраючы, бо Я паслаў іх.
 
устань, сыйдзі і йдзі зь імі, зусім не сумняваючыся; бо Я паслаў іх.

І Пётра прыйшоўшы да мужчынаў якія былі пасланы ад Карнэля да яго, сказаў: вось я той, якога (вы) шукаеце. Якая прычына па якой вы прыйшлі?
 
Пётр, сыйшоўшы да людзей, прысланых да яго ад Карнілія, сказаў: я той, каго вы шукаеце; дзеля якой справы прыйшлі вы?

А яны сказалі: Карнэль, сотнік, мужчына праведны і багабойны, які мае добрае сьведчаньне ад усяго народу жыдоўскага, атрымаў ад сьвятога Ангела наказ паклікаць цябе ў свой дом і пачуць словы ад цябе.
 
А яны сказалі: Карнілій сотнік, чалавек дабрачынны і богабаязны, шанаваны ўсім народам Юдэйскім, атрымаў ад сьвятога анёла наказ паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словаў тваіх.

Дык запрасіўшы іх пачаставаў. А назаўтрае Пётра пайшоў зь імі, і нікаторыя з братоў, што былі з Іоппы, пайшлі зь ім.
 
Тады Пётр, запрасіўшы іх, пачаставаў; а назаўтра, устаўшы, пайшоў зь імі, і некаторыя браты Ёпійскія пайшлі зь ім.

І назаўтрае прыйшлі ў Кесару. А Карнэль чакаў іх, склікаўшы сваіх родзічаў і блізкіх сяброў.
 
На другі дзень прыйшлі яны ў Кесарыю. А Карнілій чакаў іх, склікаўшы родзічаў і сваіх блізкіх сяброў.

Калі ж ста́лася, што Пётра ўвайшоў, Карнэль сустрэўшы яго, упаў да ног (ягоных і) пакланіўся.
 
Калі Пётр уваходзіў, Карнілій сустрэў яго і пакланіўся, прыпаўшы да ног ягоных.

Але Пётра падняў яго кажучы: устань! і я ёсьць чалавек.
 
А Пётр падняў яго, кажучы: устань; я таксама чалавек.

І, размаўляючы зь ім, увайшоў (у дом) ды знаходзіць многа сабра́ўшыхся.
 
І, гутарачы зь ім, увайшоў і знайшоў многа сабраных.

І сказаў ім: вы ве́даеце што нельга мужчыну жыду́ лу́чыцца альбо схо́дзіцца з чужынцам, але Бог паказа́ў мне, каб ніякага чалавека ня лічыць паганым ці нячыстым.
 
І сказаў ім: вы ведаеце, што Юдэю забаронена зносіцца або збліжацца зь іншапляменцам; але мне Бог адкрыў, каб я не ўважаў ніводнага чалавека за паганага альбо нячыстага;

Пагэтаму (я), пакліканы, і прыйшоў ня спрача́ючыся. І вось пыта́юся: па якой прычыне (вы) паклíкалі мяне?
 
таму я, будучы пакліканы, і прыйшоў безь пярэчаньня; і вось, пытаюся: на якую дзею вы клікнулі мяне?

І Карнэль сказаў: ад чацьвёртага дня аж да гэтай гадзіны (я) быў у пасьце і а дзявятай гадзíне маліўся ў доме сваім, і вось мужчына ў зьзяючым адзеньні стаў перада мною
 
Карнілій сказаў: з чацьвёртага дня я пасьціўся да цяперашняй гадзіны і а дзявятай гадзіне маліўся ў сваім доме; і вось, паўстаў перада мною муж у сьветлым адзеньні

і кажа: Карнэль! пачу́та малітва твая і міласьціны твае прыйшлі на памяць перад Богам.
 
і кажа: Карнілій! пачута малітва твая і міласьціны твае спамянуліся перад Богам;

Пагэтаму пашлі ў Іоппу і пакліч Сымона, які называецца Пятром, ён у гасьціне ў доме Сымона гарбара, каля мора, які прыйшоўшы скажа табе.
 
дык пашлі ў Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром: ён гасьцюе ў доме гарбара Сымона каля мора; ён прыйдзе і скажа табе.

Дык я ўраз жа паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Дык зараз усе мы знаходзімся перад Богам каб выслухаць усё, што зага́дана табе ад Бога.
 
Адразу паслаў я да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў: цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб выслухаць усё, што наказана табе ад Бога.

І Пётра, расчыніўшы вусны, сказаў: сапраўды ўразумява́ю, што ня на аблічча ўглядаецца Бог,
 
А Пётр разамкнуў вусны і сказаў: у ісьціне спазнаю, што Богу не абліччы спадобныя,

але ва ўсякім наро́дзе прые́мны Яму, хто баíцца Яго і чыніць справядлівасьць.
 
а ў кожным народзе той, хто богабаязны і робіць па праўдзе, да спадобы Яму.

Слова, якое паслаў сынам Ізраэля, абвяшча́ючы мір це́раз Ісуса Хрыста, Які ёсьць Госпад усіх.
 
Ён паслаў сынам Ізраілевым слова, зьвястуючы мір празь Ісуса Хрыста; Гэты ёсьць Гасподзь усіх.

Вы ве́даеце вестку, якая (шырылася) па ўсёй Юдэі. Пачатак яна (бярэ) у Галілеі пасьля хрышчэньня (Ісуса), якую апавясьціў Яан (Хрысьціцель).
 
Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, прапаведаванага Янам:

(Вестку пра) Ісуса з Назарэту, (вестку пра тое) як памазаў Яго (Ісуса) Бог Духам Сьвятым і сілай, Які хадзіў робячы дабро і аздараўляючы ўсіх прыгне́чаных д’яблам, бо Бог быў зь Ім.
 
як Бог Духам Сьвятым і моцай памазаў Ісуса з Назарэта, і Ён хадзіў, дабро ўчыняючы і ацаляючы ўсіх, паняволеных д’яблам, бо Бог быў зь Ім;

І мы ёсьць сьведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне юдэяў і ў Ярузаліме, Якога яны забілі павесіўшы на дрэве.
 
і мы сьведкі ўсяго, што зрабіў Ён у краі Юдэйскім і ў Ерусаліме, і што нарэшце Яго забілі, павесіўшы на дрэве.

Яго Бог ўваскрасіў на трэйці дзень і даў Яму быць бачаным
 
Гэтага Бог уваскрэсіў на трэйці дзень, і даў Яму зьяўляцца,

ня ўсяму́ народу, але сьведкам, наперад выбраным Богам, нам, якія е́лі і пілі зь Ім пасьля ўваскрасеньня Яго зь мёртвых.
 
не ўсяму людзтву, а сьведкам, сьпярша Богам выбраным, нам, якія зь Ім елі і пілі пасьля ўваскрэсеньня Яго зь мёртвых;

І (Ён) загадаў нам абвяшчаць народу і сьведчыць, што Ён ёсьць прызначаны Богам Судзьдзя жывых і мёртвых.
 
і Ён наказаў нам прапаведаваць людзям і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны Богам Судзьдзя жывым і мёртвым.

Пра Яго сьведчаць усе прарокі, што кожны, хто веруе ў Яго, атрымае дараваньне грахоў празь Імя Ягонае.
 
Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае дараваньне грахоў імем Ягоным.

Калі яшчэ гаварыў Пётра словы гэтыя, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, што слухалі слова.
 
Калі Пётр яшчэ гаварыў, Дух Сьвяты зыйшоў на ўсіх, хто слухаў слова.

І зьдзівіліся ўсе веручыя з абрэзаных, якія прыйшлі зь Пятром, што і на паганаў выліты дар Духа Сьвятога;
 
І вернікі з абрэзаных, што прыйшлі зь Пятром, зьдзівіліся, што дар Сьвятога Духа выліўся і на язычнікаў;

бо чулі іх гаворачы мовамі і ўзьвялíчваючы Бога. Тады сказаў Пётра:
 
бо чулі, як рознымі мовамі гаварылі яны і славілі Бога. Тады Пётр сказаў:

Хíба можа хто-небудзь забараніць быць ахрышчанымі вадою тым, якія Духа Сьвятога прынялі, як і мы?
 
хто можа забараніць ахрысьціцца вадою тым, якія, як і мы, атрымалі Сьвятога Духа?

І загадаў ім (Пётра) быць ахрышчанымі ў Імя Госпада. Тады папрасілі яго застацца зь (імі) некалькі дзён.
 
І наказаў ім ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста. Потым яны прасілі яго пабыць у іх некалькі дзён.