Дзеі 26 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі
Агрыппа ж сказаў да Паўлы: дазваляецца табе гаварыць за сябе. Тады Паўла, працягнуўшы руку́, пачаў апраўдвацца.
Агрыпа сказаў Паўлу: дазваляецца табе гаварыць за сябе. Тады Павал, прасьцёршы руку, пачаў гаварыць у сваю абарону:
Кароль Агрыппа, (я) лічу сябе шчасьлівым, быць гатовым сягоньня да абароны ад усяго, у чым вінавацяць (мяне) жыды,
цару Агрыпе! лічу сябе шчасьлівым, што сёньня магу бараніцца перад табою ва ўсім, у чым вінавацяць мяне Юдэі,
бо ты найлепш ведаеш усе звы́чаі жыдоўскія і спрэчныя пытаньні. Дык прашу цябе выслухаць мяне цярпліва.
тым болей, што ты ведаеш усе звычаі і спрэчныя думкі Юдеяў. Таму прашу цябе выслухаць мяне шчырадушна.
Жыцьцё маё ад юна́чых гадоў, якое ад пачатку прайшло сярод народу майго ў Ярузаліме, ведаюць усе жыды,
Жыцьцё маё зь юнацтва майго, якое спачатку праводзіў я сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе Юдэі;
ведаючы мяне здаўна́ — калі б захацелі сьведчыць, — што я як хварысэй жыў паводля найдасканальшае навукі веры нашае.
яны здаўна ведаюць пра мяне, калі захочуць засьведчыць, што я жыў фарысэем паводле найстражэйшага ў нашым веравызнаньні вучэньня.
І вось цяпер (я) стаю, як падсудны за надзею на абяцаньне, данае ба́цькам (нашым) ад Бога.
І сёньня я стаю перад судом за надзею на абяцаньне, дадзенае ад Бога нашым бацькам,
Дасягнуць якое спадзяюцца дванаццаць родаў нашых служачы ноччу і ўдзень рупліва. За гэту надзею вінавацяць мяне жыды, (о) кароль Агрыппа!
выкананьне якога спадзяюцца пабачыць нашыя дванаццаць родаў, рупліва служачы Богу дзень і ноч: за гэтую вось надзею, цару Агрыпе, вінавацяць мяне Юдэі.
Што? Вам здаецца няверагодным, што Бог ускрашае мёртвых?
Што ж? Няўжо вы за неверагоднае ўважаеце, што Бог уваскрашае мёртвых?
Дый мне яно здавалася, што мне належыць многа зрабіць супраць Іменьня Ісуса Назарэя,
Праўда, і я быў думаў, што мне трэба шмат дзейнічаць супраць імя Ісуса Назарэя;
што і зрабіў я ў Ярузаліме: узяўшы ўладу ад архірэяў, я многа сьвятых замкнуў у вастрогах, і як забівалі іх, (я) даваў голас (мой).
гэта я і рабіў у Ерусаліме; атрымаўшы ўладу ад першасьвятароў, я многіх сьвятых замыкаў у цямніцу і, калі забівалі іх, я падаваў за тое свой голас;
І па ўсіх сынагогах, часта мучачы іх, прымушаў да блюзьнерства і цераз меру раз’ярыўшыся супраць іх, перасьледаваў (іх) нават і да чужых местаў.
і ва ўсіх сынагогах я шмат разоў мучыў іх і прымушаў зьневажаць Ісуса і, бязь меры лютуючы супраць іх, прасьледаваў нават і ў чужых гарадах.
І з гэтым ідучы ў Дамаск, маючы ўладу і даручэньне ад архірэяў,
Дзеля гэтага ідучы ў Дамаск з уладаю і даручэньнем ад першасьвятароў,
у палу́дзень, на дарозе, о каролю, (я) убачыў сьвятло зь неба, ярчэйшае за зьзяньне сонца, (якое) асьвяціла мяне і тых, што ішлі са мною.
сярод белага дня на дарозе я ўбачыў, цару, зь неба сьвятло, большае за сонечнае зьзяньне, якое азарыла мяне і ўсіх, што ішлі са мною.
І, як усе мы паваліліся на зямлю, (я) пачуў Голас, які прамовіў да мяне гаворачы жыдоўскай мовай: Саўла, Саўла, чаму перасьледуеш Мяне? Цяжка табе перці супраць ражна.
Усе мы ўпалі на зямлю, і я пачуў голас, які гаварыў мне па-Габрэйску: Саўле! Саўле! што ты гоніш Мяне? цяжка табе ісьці супраць ражна.
Я ж сказаў: Хто Ты, Госпадзе? Ён жа сказаў: Я ёсьць Ісус, Якога ты перасьледуеш;
Я сказаў: хто Ты, Госпадзе? Ён сказаў: я Ісус, Якога ты гоніш.
але падыйміся і стань на ногі твае, бо Я дзеля таго зьявіўся табе, каб прызначыць цябе слугою і сьведкай таго, што ты ўбачыў і што адкрыю табе,
Але ўстань і стань на ногі твае; бо Я на тое і зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкам таго, што ты бачыў і што я адкрыю табе,
выбіраючы цябе з народу і (для) паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе,
вызваляючы цябе ад народу Юдэйскага і язычнікаў, да якіх Я цяпер пасылаю цябе
каб расчыніць ім вочы, каб зьвярнуцца ім ад цемры да сьвятла і ад улады шата́на да Бога, ды праз веру ў Мяне атрымаць дараваньне грахоў і ўдзел сярод пасьвячоных.
адкрыць вочы ім, каб яны навярнуліся зь цемры ў сьвятло і ад улады сатаны да Бога, і празь веру ў Мяне атрымалі дараваньне грахоў і долю з асьвечанымі.
Пагэтаму, кароль Агрыппа, я ня супрацівіўся зьяве нябеснай,
Таму, цару Агрыпе, я не супрацівіўся нябеснай уяве,
але абвяшчаў сьпярша жыхарам Дамаску і Ярузаліму, (а потым) і ўсёй зямлі Юдэйскай і паганам, каб пакаяліся і навярнуліся да Бога, робячы ўчынкі вартыя пакаяньня.
а спачатку жыхарам Дамаска і Ерусаліма, потым усёй зямлі Юдэйскай і язычнікам прапаведаваў, каб яны пакаяліся і навярнуліся да Бога, учыняючы дзеі, вартыя пакаяньня.
За гэта жыды, схапіўшы мяне ў Сьвятыні, памыка́ліся забіць (мяне).
За гэта схапілі мяне Юдэі ў храме і спрабавалі разарваць.
Але атрымаўшы падмогу ад Бога і да гэтага дня стаю сьведчучы малому і вялікаму, нічога іншага ня кажучы, як што сказалі Прарокі і Масей, што мае стацца:
Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я да сёньня стаю, сьведчачы малому і вялікаму, нічога ня кажучы, акрамя таго, пра што прарокі і Майсей казалі, што гэта будзе,
што Хрыстос прызначаны на пакуты і, Першы з ускрасеньня мёртвых мае абвясьціць сьвятло народу і паганам.
гэта значыцца, што Хрыстос меў адпакутаваць і, паўстаўшы першы зь мёртвых, абвясьціць сьвятло народу Юдэйскаму і язычнікам.
Калі ён гэтак апраўдываўся сказаў Хвэст громкім голасам: ты шалееш, Паўла, вялікая навука даводзіць цябе да ша́лу.
Калі ён так бараніўся, Фест гучным голасам сказаў: шалееш ты, Паўле! вялікая вучонасьць даводзіць цябе да вар’яцтва.
Ён жа кажа: ня шалею, вяльможны Хвэсьце, але кажу словы праўды і мудрасьці,
Не, глыбокашаноўны Фесьце, сказаў ён, я не шалею, а кажу словы ісьціны і здаровага сэнсу:
бо ведае аб гэтым кароль, перад якім і гавару сьмела, бо я ўпэўнены, што нішто з гэтага ад яго ня ўтаілася: бо ня ў закуцьці гэта было зроблена.
бо ведае пра гэта цар, перад якім і гавару сьмела; я зусім ня веру, каб ад яго было што-небудзь з гэтага ўтоена; бо гэта не ў закутку адбывалася;
Ці верыш, кароль Агрыппа, Прарокам? ведаю, што верыш.
ці верыш, цару Агрыпе, прарокам? Ведаю, што верыш.
Агрыппа ж сказаў да Паўлы: ты амаль што пераконваеш мяне стацца хрысьціянінам!
Агрыпа сказаў Паўлу: ты мала што не ўгаворваеш мяне зрабіцца хрысьціянінам.
Паўла ж сказаў: маліў бы я Бога, каб наогул ня толькі ты але і ўсе, што слухаюць мяне сягоньня, сталіся такімі, як і я акрамя гэтых путаў.
Павал сказаў: маліў бы я Бога, каб хай меней, хай болей, ня толькі ты, а і ўсе, хто слухае мяне сёньня, зрабіліся такімі, як я, але бяз гэтых кайданаў.
І, як сказаў ён гэтае, устаў кароль і правіцель і Бэрніка дый тыя, што зь імі сядзелі
Калі ён сказаў гэта, цар і правіцель, Вэрэніка і, хто зь імі сядзеў, усталі
і, адыйшоўшыся ўбок, гаварылі паміж сабою, кажучы, што чалавек гэты ня робіць нічога вартага сьмерці або путаў.
і, адышоўшыся ўбок, казалі паміж сабою, што гэты чалавек нічога вартага сьмерці альбо кайданаў ня чыніць.
Агрыппа ж сказаў Хвэсту: можна б было звольніць гэтага чалавека, калі б ня паклікаўся на кесара.
І сказаў Агрыпа Фесту: можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не дамагаўся суду ў кесара. Таму і рашыўся правіцель паслаць яго да кесара.