Дзеі 9 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі
А Саўл яшчэ дыхаючы пагрозай ды забойствам на вучняў Госпада прыйшоўшы да архірэя,
А Саўл, яшчэ дышучы грозьбамі і забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасьвятара
выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск да сынагогаў каб, калі знойдзе каго-небудзь з тых што ідуць шляхам (вучэньня Хрыстовага) і мужчын і жанчын зьвязаць і прыводзіць у Ярузалім.
і выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск сынагогам, каб, калі знойдзе каго, хто сьледуе гэтаму вучэньню, і мужчын і жанчын, зьвязаўшы, прыводзіць у Ерусалім.
Калі ж (ён) ішоў, сталася яму на падыходзе да Дамаску зьнячэўку абняло яго сьвятло зь неба;
Калі ж ён ішоў і набліжаўся да Дамаска, раптам асьвятліла яго зьзяньне зь неба;
і, паваліўшыся на зямлю, пачуў голас, які гаварыў яму: Саўл, Саўл, чаму перасьледуеш Мяне?
ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўле, Саўле, што ты гоніш Мяне?
(Ён) жа сказаў: Хто Ты, Госпадзе? А Госпад сказаў: Я ёсьць Ісус, Якога Ты перасьледуеш. Цяжка табе ісьці супраць ражна.
Ён сказаў: хто Ты, Госпадзе? А Гасподзь сказаў: Я Ісус, Якога ты гоніш. Цяжка табе ісьці супраць ражна.
А (ён), дрыжучы ад страху, сказаў: Госпадзе! што (Ты) загадваеш мне зрабіць? А Госпад яму: устань ды ідзі да места, і будзе сказана табе, што табе трэба рабіць.
Ён, у страху і жудасьці, сказаў: Госпадзе! што загадаеш мне рабіць? І Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі ў горад; і сказана будзе табе, што табе трэба рабіць.
А мужчыны што ішлі разам зь ім стаялі аслупянеўшы, чуючы голас але нікога ня бачачы.
А людзі, якія ішлі зь ім, стаялі здраньцьвелыя, чуючы голас, але нічога ня бачачы.
А Саўл быў падняты зь зямлі, і расплюшчанымі вачамі сваімі нікога ня бачыў. Дык павёўшы яго за руку́ прывялі ў Дамаск.
Саўл падняўся зь зямлі, і з расплюшчанымі вачыма нікога ня бачыў; і павялі яго за руку і прывялі ў Дамаск;
І быў (ён) тры дні нябачучым, і ня еў і ня піў.
і тры дні ён ня бачыў, і ня еў і ня піў.
Быў жа ў Дамаску адзін вучань на імя Гананя. І сказаў яму Госпад у зьяве: Гананя! Ён жа сказаў: вось я Госпадзе!
У Дамаску быў адзін вучань, якога звалі Ананія; і Гасподзь, зьявіўшыся, сказаў яму: Ананія! Той сказаў: я, Госпадзе.
А Госпад да яго: устаўшы ідзі на вуліцу называную Простай і знайдзі ў доме Юды тарсяніна на імя Саўл, бо вось ён моліцца.
А Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі на вуліцу, так званую Простую, і спытайся ў Юдавым доме Тарсяніна, якога завуць Саўл: ён цяпер моліцца
І ўбачыў у зьяве мужчыну на імя Гананя, які ўвайшоў і ўсклаў на яго руку́ каб (ён) ізноў убачыў.
і бачыў ва ўяве мужа, імем Ананія, які прыйшоў да яго і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў.
А Гананя (ж) адказаў: Госпадзе! ад многіх я чуў пра мужчыну гэтага, колькі ліха ён зрабіў сьвятым Тваім у Ярузаліму;
Ананія адказваў: Госпадзе! Я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ліха зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме;
дый тутака мае ўладу ад архірэяў зьвязаць усіх, хто прызывае Імя Тваё.
і тут мае ад першасьвятароў уладу вязаць усіх, хто заклікае імя Тваё.
Госпад жа сказаў яму: ідзі, бо ён ёсьць выбраная Мне судзіна, каб несьці Імя Маё перад паганамі і валадарамі, і сынамі Ізраэля,
Але Гасподзь сказаў яму: ідзі, бо ён ёсьць Мой выбраны посуд, каб абвяшчаць імя Маё перад народамі і царамі і сынамі Ізраілевымі;
бо Я пакажу яму, колькі ён мусіць перацярпець за Імя Маё.
і Я пакажу яму, колькі ён мусіць адпакутаваць за імя Маё.
І пайшоў Гананя і ўвайшоў у дом, і, усклаўшы на яго ру́кі, сказаў: Саўле, браце! мяне паслаў Госпад, Ісус, што зьявіўся табе на дарозе па якой ты ішоў, каб ты ізноў празе́рыў і напо́ўніўся Духам Сьвятым.
Ананія пайшоў і ўвайшоў у дом і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: браце Саўле! Гасподзь Ісус, што зьявіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым.
І ўраз жа нібы луска́ з вачэй яму апа́ла, і (ён) ізноў ураз жа празерыў і ўстаўшы быў ахрышчаны
І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і раптам ён зноў пачаў бачыць і, устаўшы, ахрысьціўся
і паеўшы, узмацаваўся. І прабыў Саўл некалькі дзён з вучнямі што, (былі) у Дамаску.
і, паеўшы, умацаваўся. І быў Саўл некалькі дзён з вучнямі ў Дамаску;
І няўзабаве (ён) пача́ў абвяшчаць у сынагогах Хрыста, што Ён ёсьць Сын Бога.
і адразу пачаў прапаведаваць у сынагогах пра Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы.
І ўсе тыя, што чулі зьдзіўляліся і казалі: няўжо ж гэта той самы, што загубіў у Ярузаліме прызываючых Імя гэтае? Дый сюды прыйшоў дзеля таго каб іх, зьвязаўшы, прыве́сьці да архірэяў.
І ўсе, хто чуў, зьдзіўляліся і казалі: ці ня той гэта самы, які гнаў у Ерусаліме тых, што заклікалі імя гэтае, ды і сюды прыйшоў па тое, каб вязаць іх і весьці да першасьвятароў?
А Саўл больш умацоўваўся ды бянтэжыў жыдоў, што жылí ў Дамаску даводзячы, што Гэты ёсьць Хрыстос.
А Саўл усё больш і больш умацоўваўся і бянтэжыў Юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты ёсьць Хрыстос.
А як мінула даволі часу жыды ўчынілі змову забіць яго.
А як мінула даволі часу, Юдэі змовіліся забіць яго.
Але Саўлу стала вядома змова іхняя: што (яны) пільнавалі дзень і ноч каля брамы каб забіць яго.
Але Саўл дазнаўся пра гэты намысел іхні; а яны дзень і ноч пільнавалі каля брамы, каб забіць яго.
Але вучні ўзяўшы яго ўначы спусьцілі праз мур у карзіне.
А вучні ўначы, узяўшы яго, спусьцілі з мура ў кашы.
Саўл жа, зьявіўшыся ў Ярузаліме, намагаўся прыстаць да вучняў, але ўсе баяліся яго, ня веручы, што ён ёсьць вучань.
Саўл прыйшоў у Ерусалім і стараўся прыстаць да вучняў; але ўсе баяліся яго, ня верачы, што ён вучань.
Але Барнаба ўзяўшы яго прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як на дарозе (ён) убачыў Госпада, і што (Ён) сказаў яму, і як (ён) у Дамаску адважна прапаведаваў у Імя Ісусавае.
А Варнава, узяўшы яго, прыйшоў да апосталаў і расказаў ім, як на дарозе ён бачыў Госпада, і што сказаў яму Гасподзь, і як ён у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Ісуса.
І быў (ён) ра́зам зь імі ўваходзячы і выходзячы ў Ярузаліме
І заставаўся ён зь імі, уваходзячы і выходзячы, у Ерусаліме, і адважна прапаведаваў імя Госпада Ісуса.
і адважна прапаведуючы ў Імя Госпада Ісуса; абвяшчаў жа і спрачаўся з элліністамі; а тыя маніліся забіць яго.
Гутарыў ён таксама і спрачаўся з Эліністамі; а яны замахі рабілі забіць яго.
А браты даведаўшыся правялі яго ў Кесару ды адаслалі яго ў Тарс.
Браты, даведаўшыся пра гэта, адправілі яго ў Кесарыю і правялі ў Тарс.
А цэрквы па ўсёй Юдэі ды Галілеі ды Самары мелі супакой, будучы будаванымі ды ходзячы ў страху Госпада ды ў суцяшэньні Сьвятога Духа, памнажаліся.
А цэрквы па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі былі ў спакоі, удасканальваючыся і ходзячы ў страху Гасподнім, і ў суцяшэньні Сьвятога Духа множыліся.
Сталася ж: Пётра абыходзячы ўсіх прыйшоў і да сьвятых, што жылі ў Лідзьдзе.
Сталася, што Пётр, абыходзячы ўсіх, зайшоў да сьвятых, якія жылі ў Лідзе;
Знайшоў жа (ён) там аднаго чалавека на імя Энэй, які восем гадоў ляжаў у пасьцелі, бо быў спаралізава́ны.
Там знайшоў ён аднаго чалавека, якога звалі Энэй, што ўжо восем гадоў ляжаў у пасьцелі ў палярушы.
І Пётра сказаў яму: Энэй! аздараўляе цябе Ісус Хрыстос; устань ды пасьцялі сабе сам. І (ён) адразу ўстаў.
Пётр сказаў яму: Энэй! ацаляе цябе Ісус Хрыстос; устань з пасьцелі тваёй. І той адразу ўстаў.
І ўбачылі яго ўсе, што жылí ў Лідзьдзе ды ў Сароне, якія і навярнуліся да Госпада.
І бачылі ўсе яго, хто жыў у Лідзе і ў Сароне, якія і навярнуліся да Госпада.
У Іоппе ж была́ адна вучаніца, на імя Тавіта што ў перакладзе вымаўляецца Са́рна. Яна была́ поўная добрых учынкаў ды рабіла (шмат) міласьцінаў.
У Ёпіі была адна вучаніца, якую звалі Тавіта, што азначае: Сарна; яна была поўная добрых учынкаў і чыніла шмат міласьціны.
Сталася ж у тыя дні: заняду́жаўшы яна паме́рла. Яе памылі і палажылі ў верхнім пакоі.
Сталася тымі днямі, што занядужала і памерла; яе абмылі і паклалі ў сьвятліцы.
А Лідда знаходзіцца нідалёка ад Іоппы. Вучні пачуўшы, што Пётра знаходзіцца ў ёй, пасла́лі да яго двух мужчын просячы ня марудзячы прыйсьці да іх.
А як што Ліда недалёка ад Ёпіі, дык вучні, дачуўшыся, што Пётр там, паслалі да яго двух чалавек прасіць, каб ён не забавіўся прыйсьці да іх.
І Пётра устаўшы пайшоў зь імі; і як ён прыйшоў завялі яго ў верхні пакой, і сталі перад ім усе ўдовы пла́чучы і пака́зуючы вопраткі і адзежы якія спраўляла Сарна жывучы разам зь імі.
Пётр устаў і пайшоў зь імі; і калі ён прыйшоў, увялі яго ў сьвятліцу, і ўсе ўдовы ў сьлёзах сталі перад ім, паказваючы кашулі і сукенкі, якія рабіла Сарна, жывучы зь імі.
Дык Пётра выслаўшы вонкі ўсіх укленчыўшы памаліўся і зьвярнуўшыся да цела сказаў: Тавіта устань! І яна расплюшчыла вочы свае і ўбачыўшы Пётру села.
Пётр выслаў усіх з пакоя і, укленчыўшы, памаліўся і, зьвярнуўшыся да цела, сказаў: Тавіта! устань. І яна расплюшчыла вочы свае і, убачыўшы Пятра, села.
Падаўшы ёй руку́, ён падняў яе. І паклікаўшы сьвятых ды ўдоў паставіў яе жывой.
Ён, падаўшы ёй руку, падняў яе і, паклікаўшы сьвятых і ўдоваў, паставіў яе перад імі жывую.
І сталася ведамым (гэта) па ўсёй Іоппе, і многія паверылі ў Госпада.
Гэта стала вядома па ўсёй Ёпіі, і многія ўверавалі ў Госпада.
І сталася, што ён працяглы час знаходзіўся ў Іоппе ў нейкага Сымона гарбара.
І шмат дзён перабыў ён у Ёпіі ў нейкага Сымона-гарбара.