Дзеі 8 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Саўл жа пахваляў забойства ягонае. І сталася ў той дзень вялікае перасьледаваньне царквы ў Ярузаліме. Дык усе апрача Апосталаў былі расьцярушаны па землях Юдэі і Самары.
 
А Саўл ухваляў забойства яго. У тыя дні паўстала вялікае ганеньне на царкву ў Ерусаліме, і ўсе, апрача апосталаў, расьсеяліся па розных месцах Юдэйскіх і Самарыйскіх.

А Сьцяпана пахавалі мужчыны багабойныя ды ўчынілі па ім вялікае галашэньне.
 
А Сьцяпана пахавалі мужы богабаязныя і ўчынілі вялікі плач па ім.

Саўл жа нішчыў царкву і, уваходзячы ў дамы ды цягнучы мужчын і жанчын, аддаваў у вязьніцу.
 
А Саўл глуміў царкву і, заходзячы ў дамы і, выцягваючы мужчын і жанчын, аддаваў у цямніцу.

А тыя што былі расьцярушаны хадзілі абвяшчаючы Слова Эвангельля.
 
А тым часам тыя, што расьсеяліся, хадзілі і зьвеставалі слова.

Піліп жа сыйшоўшы ў места Самары дабравесьціў ім Хрыста.
 
Так Піліп прыйшоў у горад Самарыйскі і прапаведаваў ім Хрыста;

І людзі ўважліва і аднадушна слухалі тое, што гаварыў Піліп, і сузіралі знакі, якія ён чыніў.
 
народ аднадушна слухаў, што гаварыў Піліп, і чуў і бачыў, якія ён тварыў цуды;

Бо із многіх, што мелі духаў нячыстых (яны) выходзілі галосячы моцным голасам; і многія спаралізаваныя ды кульгавыя былі аздароўлены.
 
бо нячыстыя духі з многіх апанаваных імі выходзілі зь вялікім крыкам, а многія паралізаваныя і кульгавыя ацаляліся.

І сталася радасьць вялікая ў месту гэным.
 
І была радасьць вялікая ў тым горадзе.

А перад гэтым быў у месту нейкі мужчына па імені Сымон, які магіяй зьдзіўляў народ Самары ды выдаючы сябе за некага вялікага.
 
А быў у горадзе адзін чалавек, якога звалі Сымон, які перад тым вядзьмарыў і зьдзіўляў люд Самарыйскі, удаючы зь сябе кагосьці вялікага;

Яго слухалі ўважліва ўсе, ад малога да вялікага, кажучы: гэты ёсьць вялікая сіла Бога.
 
яго слухалі ўсе, ад малога да вялікага, кажучы: гэты ёсьць вялікая сіла Божая.

А слухалі яго ўважліва таму, што (ён) даволі часу магіяй зьдзіўляў іх.
 
А слухалі яго таму, што ён доўгі час зьдзіўляў іх чарадзействамі.

А калі паверылі Піліпу, які дабравесьціў пра Валадарства Бога і (пра) Імя Ісуса Хрыста, былі ахрышчаны і мужчыны і жанчыны.
 
Але калі паверылі Піліпу, які зьвеставаў пра Царства Божае і пра імя Ісуса Хрыста, дык хрысьціліся і мужчыны і жанчыны.

Ды паверыў і сам Сымон і быў ахрышчаны (ды) ня адыходзіў ад Піліпа. Ды назіраючы знакі і цуды вялікія, якія дзеяліся, дзіву даваўся.
 
Увераваў і сам Сымон і ахрысьціўшыся не адыходзіў ад Піліпа; і, бачачы, як тварыліся вялікія сілы і азнакі, дзіву даваўся.

Пачуўшы ж, што Самара прыняла́ Слова Бога, Апосталы якія былі ў Ярузаліме пасла́лі да іх Пятра ды Яана.
 
Апосталы, якія былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самаране прынялі слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,

Яны прыйшоўшы памаліліся за іх, каб (тыя) прынялі Духа Сьвятога.
 
якія прыйшоўшы памаліліся за іх, каб прынялі Духа Сьвятога:

Бо ні на адным ізь іх ня было яшчэ сыйшоўшага (Духа), але былí яны толькі ахрышчаны ў Імя Госпада Ісуса.
 
бо Ён ня зыходзіў яшчэ ні на кога зь іх, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса;

Тады (яны) усклада́лі на іх рукі, і (тыя) прыймалі Духа Сьвятога.
 
тады ўсклалі рукі на іх, і яны прынялі Духа Сьвятога.

А Сымон, убачыўшы, што цераз ускладаньне рук Апосталаў даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,
 
А Сымон, убачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў падаецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,

кажучы: дайце і мне гэткую ўладу, каб на каго б я ні ўсклаў ру́кі, той атрымоўваў бы Духа Сьвятога.
 
кажучы: дайце і мне ўладу гэтую, каб той, на каго Я ўскладу рукі, прымаў Духа Сьвятога.

Пётра ж сказаў яму: серабро тваё разам з табою хай будзе на загубу, бо ты падумаў дар Бога атрымаць за грошы.
 
Але Пётр сказаў яму: срэбра тваё хай будзе на згубу з табою, бо ты намысьліў дар Божы здабыць за грошы.

Няма табе ні часьціны ні долі ў слове гэтым, бо сэрца тваё ня правае перад Богам.
 
Няма табе ў гэтым часткі і долі, бо сэрца тваё няслушнае перад Богам;

Дык пакайся ў нягоднасьці тваёй гэтай ды малі Бога: можа будзе даро́вана табе думка сэрца твайго.
 
дык пакайся ў гэтым грэху тваім і маліся Богу: можа, даруецца табе намысел сэрца твайго;

Бо ў гарчыні жоўці і путах няпраўды бачу цябе.
 
бо бачу цябе поўнага жоўці горкай і ў путах няпраўды.

І Сымон адказаўшы сказаў: памаліцеся за мяне Госпаду вы, каб ня найшло на мяне тое, што (вы) сказалі.
 
А Сымон сказаў у адказ: памалецеся вы за мяне Госпаду, каб не спасьцігла мяне анішто з таго, што вы сказалі.

Яны ж вярнуліся ў Ярузалім засьведчыўшы і абвясьціўшы Слова Госпада ды дабравесьцілі ў многіх сёлах самарцаў.
 
А яны, засьведчыўшы і ўзьвясьціўшы слова Гасподняе, пайшлі назад у Ерусалім і ў многіх селішчах Самарыйскіх прапаведавалі Дабравесьце.

Ангел жа Госпада сказаў Піліпу кажучы: устань ды ідзі напаўдзён на дарогу, што спускаецца зь Ярузаліму ў Газу, яна бязьлюдная.
 
А Піліпу анёл Гасподні сказаў: устань і ідзі на поўдзень, на дарогу, якая вядзе зь Ерусаліма ў Газу, на тую, якая пустая.

І, устаўшы, (ён) пайшоў. І вось мужчына ятыяплянін еўнух вяльможа Кандакі, каралевы ятыопаў, які быў над усім скарбам ейным, які прыехаў у Ярузалім пакланіцца,
 
Ён устаў і пайшоў; і вось, муж Эфіопскі, кажэнік, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопскай, ахоўца ўсіх яе скарбаў, які прыязджаў у Ерусалім на пакланеньне,

варо́чаўся назад і седзячы на возе сваім ды чытаючы прарока Гісаю.
 
вяртаўся і, седзячы на калясьніцы сваёй, чытаў прарока Ісаю.

І сказаў Дух Піліпу: падыйдзі ды прыстань да возу гэтага.
 
Дух сказаў Піліпу: падыдзі і прыстань да гэтае калясьніцы.

Прыбегшы ж Піліп пачуў, што ён чытае прарока Гісаю і сказаў: ці разумееш (ты) што чытаеш?
 
Піліп падышоў і, пачуўшы, што ён чытае прарока Ісаю, сказаў: ці разумееш, што чытаеш?

Ён жа сказаў: як жа (я) магу (разумець), калі ніхто ня растлумачыў мне? І папрасіў Піліпа ўзьлезьці (і) сесьці побач зь ім.
 
Ён сказаў: як магу разумець, калі хто не наставіць мяне? І папрасіў Піліпа ўзысьці і сесьці зь ім.

А мейсца з Пісаньня, якое (ён) чытаў было гэткае: як авечку на ўбой (Ён) быў прыведзены і, як ягня (ёсьць) бязгало́сае перад тым, хто стрыжэ яго, гэтак (і Ён) ня расчыняе Вуснаў Сваіх.
 
А месца зь Пісаньня, якое ён чытаў, было гэтае: «як авечку, вялі Яго на закол, і, як ягня, перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх;

У паніжэньні Яго суд Ягоны адбыўся. Паходжаньне Яго хто растлумачыць? Бо ад зямлі забіраецца жыцьцё Ягонае.
 
у прыніжэньні Яго суд Ягоны адбыўся, а род Яго хто высьветліць? бо забіраецца ад зямлі жыцьцё Ягонае».

І адказаўшы, сказаў еўнух Піліпу: Пытаюся цябе: адносна каго прарок гаворыць гэтае? Адносна сябе ці адносна не́кага другога?
 
А кажэнік сказаў Піліпу ў адказ: прашу цябе сказаць: пра каго прарок кажа гэта? ці пра сябе, ці пра каго іншага?

І адчыніўшы вусны свае і пачаўшы зь Пісаньня гэтага Піліп дабравесьціў яму Ісуса.
 
Піліп разамкнуў вусны свае і, пачаўшы з гэтага Пісаньня, апавядаў яму пра Ісуса.

І калі ехалі па дарозе, (яны) пад’ехалі да вады, і кажа еўнух: вось вада; што перашкаджае мне быць ахрышчаным?
 
Тым часам, едучы па дарозе, яны прыехалі да вады, і кажэнік сказаў: вось, вада: што перашкаджае мне ахрысьціцца?

І сказаў Піліп: калі верыш ад усяго сэрца, дык можна. І адказаўшы (той) сказаў: веру, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Бога.
 
А Піліп сказаў яму: калі верыш ад шчырага сэрца, можна. Той сказаў у адказ: веру, што Ісус ёсьць Сын Божы.

І загадаў спыніць воз. І зыйшлі абодва ў ваду: і Піліп і еўнух; і (Піліп) ахрысьціў яго.
 
І загадаў спыніць калясьніцу; і сышлі абодва ў ваду, Піліп і кажэнік; і ахрысьціў яго.

Калі ж яны выйшлі з вады Дух Госпада падхапіў Піліпа, і еўнух больш ня ўбачыў яго і радуючыся падоўжыў шлях свой.
 
А калі яны выйшлі з вады, Дух Гасподні падхапіў Піліпа, і кажэнік ужо ня бачыў яго, і паехаў сваёю дарогаю, радуючыся.

Піліп жа апынуўся ў Азоце і праходзячы дабравесьціў усім местам аж да прыходу свайго ў Кесару.
 
А Піліп апынуўся ў Азоце і, як праходзіў, зьвеставаў усім гарадам, пакуль прыйшоў у Кесарыю.