Дзеі 10 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

А ў Цэзарэі жыў адзін чалавек, на імя Карнэлій, сотнік кагорты, званай Італійскай,
 
Быў у Цэзарэі адзін чалавек па імені Карнэлій, сотнік з кагорты, што называлася Італьскай,

пабожны і богабаязны з усім домам сваім, які рабіў шматлікія міласціны народу ды заўсёды маліўся да Бога.
 
пабожны і багабойны з усім домам сваім. Ён даваў вялікую міласціну і заўсёды маліўся Богу.

Каля дзявятай гадзіны дня ён у з’яве выразна ўбачыў анёла Божага, што ўваходзіў да яго і казаў яму: «Карнэлію!»
 
Каля дзевятай гадзіны дня ён выразна бачыў у візіі анёла Божага, які прыйшоў да яго і сказаў: «Карнэлій».

Ён жа, углядаючыся ў яго, ахоплены страхам, сказаў: «Што, гаспадару?» Той жа сказаў яму: «Малітвы твае і міласціны твае падняліся на ўспамін перад абліччам Бога.
 
Ён паглядзеў на яго і, спалохаўшыся, сказаў: «Што, Пане?» Той адказаў: «Твае малітвы і твая міласціна былі згаданыя перад Богам.

Дык зараз жа пашлі людзей у Ёпу і запрасі нейкага Сімона, званага Пётрам.
 
А цяпер пашлі людзей у Яфу і пакліч Сымона, які завецца Пятром.

Ён гасціць у нейкага гарбара Сімона, якога дом каля мора. Ён скажа табе, што трэба табе рабіць.»
 
Ён гасціць у аднаго гарбара Сымона, які мае дом каля мора. Ён скажа табе, што рабіць».

Калі адышоў анёл, які з ім гутарыў, ён паклікаў двух сваіх дамоўнікаў і богабаязнага жаўнера, з тых, што былі яму падначалены,
 
Калі анёл, які гаварыў з ім, адышоў, ён паклікаў двух сваіх слуг і богабаязнага жаўнера з тых, што служылі яму,

расказаў ім усё, і паслаў іх у Ёпу.
 
і, расказаўшы ім усё, паслаў іх у Яфу.

На другі дзень, калі яны былі ў дарозе ды набліжаліся да горада, Пётра каля шостай гадзіны ўзышоў на дах, каб памаліцца.
 
На другі дзень, калі яны былі ў дарозе і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны падняўся на дах дома памаліцца.

І, калі адчуў ён голад і захацелася яму есці, пакуль гатавалі яму, найшло на яго захапленне,
 
Аднак адчуў голад і захацеў паесці. Пакуль гатавалі яму, ён упаў у захапленне.

і ён убачыў адкрытае неба ды нейкую пасудзіну, што навісала, падобную да вялікага абруса, які за чатыры канцы спускалі да яго на зямлю,
 
Убачыў неба раскрытае і нейкае начынне, быццам вялікае палатно, прывязанае за чатыры куты, што спускалася на зямлю.

на ёй былі ўсякія чатырохногія зямлі, звяры, гады і птушкі нябесныя.
 
У ім былі ўсякія чатырохногія жывёлы, паўзуны і нябесныя птушкі.

І азваўся голас да яго: «Устань, Пётра, забівай і еж!»
 
А голас прамовіў да яго: «Уставай, Пётр, забівай і еш!»

А Пётра гаворыць: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо я ніколі не еў нічога паганага і нячыстага».
 
Але Пётр сказаў: «Ні ў якім разе, Пане, бо я ніколі не еў нічога апаганенага і нячыстага».

І голас ізноў паўторна азваўся да яго: «Што Бог ачысціў, не называй таго нячыстым».
 
І зноў, другі раз, голас сказаў яму: «Тое, што Бог ачысціў, не называй апаганеным».

І сталася гэта тройчы, і зараз жа тая пасудзіна была ўзята ў неба.
 
Так было тройчы, і начынне адразу паднялося ў неба.

І калі Пётра разважаў у сабе, што можа азначаць з’ява, якую бачыў, вось, перад брамай затрымаліся тыя, што былі пасланы Карнэліем, і пыталіся пра дом Сімона.
 
Калі ж Пётр разважаў, што магла б азначаць гэтая візія, якую бачыў, людзі, пасланыя Карнэліем, распытаўшыся пра дом Сымона, спыніліся ля варот

Яны пыталіся ўголас, ці тут гасціць Сімон, называны Пётрам.
 
і спыталіся, крыкнуўшы, ці тут гасціць Сымон, які завецца Пятром.

А ў той час, як Пётра разважаў пра з’яву, Дух сказаў яму: «Вось, тры мужчыны пытаюцца пра цябе,
 
Калі Пётр разважаў пра візію, Дух сказаў яму: «Вось, тры чалавекі шукаюць цябе.

дык устань і сыдзі на ніз ды ідзі з імі, не сумняваючыся, бо Я іх паслаў».
 
Устань, спусціся і ідзі з імі без ніякіх ваганняў, бо Я паслаў іх».

І, сышоўшы, Пётра сказаў мужам, пасланым ад Карнэлія да яго: «Вось, я той, якога шукаеце; што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?»
 
Пётр, спусціўшыся да гэтых людзей, сказаў: «Я той, каго вы шукаеце. Дзеля чаго вы прыйшлі?»

Яны сказалі: «Сотнік Карнэлій, чалавек справядлівы і богабаязны, аб чым можа засведчыць увесь народ юдэйскі, атрымаў ад анёла святога даручэнне паклікаць цябе ў свой дом і выслухаць тое, што ты скажаш».
 
Яны ж сказалі: «Карнэлій, сотнік, муж праведны і богабаязны, за якога засведчыць увесь юдэйскі народ, атрымаў наказ праз святога анёла, каб паклікаць цябе ў свой дом і паслухаць тваіх слоў».

Тады ён, запрасіўшы іх, прыняў як гасцей. А на другі дзень Пётра, узняўшыся, у таварыстве некаторых братоў з Ёпы разам з імі выбраўся ў дарогу.
 
Тады ён паклікаў іх і пачаставаў.Назаўтра ўстаў і адправіўся з імі. Некаторыя браты з Яфы пайшлі разам з ім.

На другі дзень прыбылі ў Цэзарэю; Карнэлій жа чакаў іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіх прыяцеляў.
 
На наступны дзень ён прыбыў у Цэзарэю. Карнэлій жа чакаў іх, паклікаўшы сваіх родных і блізкіх сяброў.

І сталася, калі Пётра ўваходзіў, Карнэлій выйшаў яму насустрач, паў яму да ног і пакланіўся.
 
Калі Пётр уваходзіў, Карнэлій выйшаў яму насустрач і, упаўшы да ног, пакланіўся яму.

Пётра ж падняў яго, кажучы: «Устань, бо і я такі самы чалавек».
 
Пётр падняў яго, кажучы: «Устань, я таксама чалавек».

І, гутарачы з ім, увайшоў у дом, і знайшоў там шмат сабраўшыхся,
 
І, размаўляючы з ім, увайшоў і ўбачыў шмат сабраных.

і сказаў ім: «Вы ведаеце, што юдэю нельга мець адносіны з чужынцамі. Але Бог мне паказаў, што ніводнага чалавека нельга назваць паганым і нячыстым.
 
Ён сказаў ім: «Ведаеце, што юдэю нельга мець зносіны або сустракацца з чужынцам. Але Бог адкрыў мне, каб я не лічыў ніводнага чалавека апаганеным ці нячыстым.

Таму вось, запрошаны, я, без сумнення, прыбыў. Дык цяпер пытаюся, навошта вы мяне запрасілі?»
 
Таму я без ваганняў прыйшоў на заклік. Дык пытаюся: для якой справы вы паклікалі мяне?»

І Карнэлій гаворыць: «Чатыры дні таму а дзявятай гадзіне я посціў і маліўся я ў сваім доме, і вось, паўстаў перада мною муж у бліскучым адзенні,
 
Тады Карнэлій адказаў: «Чатыры дні аж да гэтай гадзіны я пасціў і а дзявятай маліўся ў сваім доме. І вось, перада мной з’явіўся муж у бліскучым адзенні

і гаворыць: “Карнэлій, твая малітва выслухана, і прыгаданы твае міласціны перад абліччам Божым.
 
і сказаў: “Карнэлій, твая малітва пачутая і твае міласціны былі згаданыя перад Богам.

Дык пашлі ў Ёпу і пакліч Сімона, званага Пётрам; ён гасціць у доме Сімона гарбара каля мора, і ён, прыйшоўшы, скажа табе”.
 
Таму пашлі ў Яфу і пакліч Сымона, які завецца Пятром. Ён гасціць у доме гарбара Сымона каля мора”.

Дык я паслаў, не марудзячы, па цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер усе мы стаім перад абліччам Бога, каб паслухаць усяго, што табе Бог даручыў».
 
Я адразу паслаў да цябе, а ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб пачуць усё, што загадаў табе Пан».

Тады Пётра, адкрыўшы вусны, сказаў: «Я сапраўды пераконваюся, што Бог не зважае на асобу,
 
Тады Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: «Сапраўды разумею, што Бог не зважае на асобу,

але ў кожным народзе мілы яму той, хто баіцца Яго і служыць справядлівасці.
 
але ў кожным народзе даспадобы Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва.

Паслаў Ён Сваё Слова сынам Ізраэля, абвяшчаючы добрую вестку пра супакой праз Ісуса Хрыста; Ён — Госпад усіх.
 
Ён паслаў сваё слова сынам Ізраэля, абвяшчаючы Добрую Навіну аб спакоі праз Езуса Хрыста, які ёсць Панам усіх.

Вы ведаеце, што сталася ва ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, які прапаведаваў Ян;
 
Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, абвешчанага Янам.

пра Ісуса з Назарэта, як намасціў Яго Бог Духам Святым і магутнасцю, і Ён хадзіў, чынячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных дэманамі, бо Бог быў з Ім.
 
Як Бог намасціў Духам Святым і моцай Езуса з Назарэта, які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, апанаваных д’яблам, бо з Ім быў Бог.

І мы — сведкі ўсяго, што Ён учыніў у зямлі Юдэйскай і ў Ерузаліме; Яго і забілі, павесіўшы на дрэве.
 
І мы — сведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне Юдэйскай і ў Ерузалеме. Яго забілі, павесіўшы на дрэве.

Але Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і даў Яму аб’яўляцца,
 
А Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і дазволіў Яму з’явіцца

ды не ўсяму народу, але сведкам, выбраным наперад Богам, нам, якія з Ім елі і пілі пасля таго, як Ён уваскрос з мёртвых.
 
не ўсяму народу, але нам, сведкам, выбраным раней Богам, якія елі і пілі разам з Ім пасля Ягонага ўваскрасення.

І Ён нам загадаў прапаведаваць народу і сведчыць, што Ён — Той, Які ўстаноўлены Богам за суддзю жывых і мёртвых.
 
Нам таксама наказаў абвяшчаць народу і сведчыць, што Ён — прызначаны Богам суддзя жывых і памерлых.

І ўсе прарокі сведчаць аб тым, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Яго».
 
Пра Яго ўсе прарокі сведчаць, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Ягонае».

І калі Пётра яшчэ гаварыў гэта, Дух Святы сышоў на ўсіх, якія слухалі слова.
 
Калі Пётр яшчэ казаў гэтыя словы, Дух Святы сышоў на ўсіх, хто слухаў слова.

Дык веруючыя з абрэзаных, што прыйшлі з Пётрам, былі надта здзіўлены, што дар Духа Святога выліты быў таксама на паганаў,
 
А вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі разам з Пятром, здзівіліся, што дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў.

бо чулі, што яны гавораць мовамі і славяць Бога. Тады азваўся Пётра:
 
Бо яны чулі, як тыя размаўлялі мовамі і славілі Бога. Тады сказаў Пётр:

«Хто можа адабраць ваду, каб не былі ахрышчаны, ў тых, якія атрымалі Духа Святога, як і мы?»
 
«Ці можа хто забараніць хрысціцца вадою тым, хто атрымаў Духа Святога, як і мы?»

І загадаў іх хрысціць у імя Ісуса Хрыста. Тады прасілі яго затрымацца некалькі дзён.
 
І загадаў ахрысціць іх у імя Езуса Хрыста. Потым яны прасілі яго застацца на некалькі дзён.