Дзеі 9 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Саўл жа, дыхаючы пагрозамі і забойствамі на вучняў Госпадавых, прыйшоў да першасвятара
 
Саўл усё яшчэ жыў пагрозамі і забойствамі вучняў Пана. Ён прыйшоў да першасвятара

і папрасіў у яго лістоў да сінагог у Дамаску, каб, калі знойдзе каго гэтага напрамку, як мужчын, так і жанчын, увязніўшы, дастаўляць у Ерузалім.
 
і папрасіў у яго лісты да сінагогаў у Дамаску, каб, калі знойдзе якіх-небудзь прыхільнікаў гэтага шляху, мужчын ці жанчын, мог звязаць іх і прывесці ў Ерузалем.

І ў дарозе здарылася так, што, калі ён набліжаўся да Дамаска, раптам агарнула яго святло з неба,
 
Калі падчас падарожжа ён набліжаўся да Дамаска, раптам святло з неба асвятліла яго.

і, падаючы на зямлю, пачуў голас, які казаў яму: «Саўле, Саўле, чаму Мяне пераследуеш?»
 
Ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: «Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?»

Ён сказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» А Госпад сказаў: «Я — Ісус, Якога ты пераследуеш! Цяжка табе супраць ражна ўпірацца?»
 
Ён жа сказаў: «Хто Ты, Пане?» А той адказаў: «Я Езус, якога ты пераследуеш.

Ён у жаху і трымценні сказаў: «Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў?» А Госпад яму: «Устань і ідзі ў горад, і скажуць табе, што маеш рабіць».
 
Устань і ідзі ў горад, там скажуць табе, што ты павінен зрабіць».

Тыя ж людзі, што былі з ім у дарозе, стаялі аслупянеўшы, бо чулі голас, але нікога не бачылі.
 
Людзі, якія ішлі разам з ім, анямелі, бо чулі голас, але нікога не бачылі.

Саўл жа падняўся з зямлі, раскрыў вочы, але нічога не бачыў; дык завялі яго ў Дамаск, трымаючы за руку.
 
Саўл падняўся з зямлі і, хоць вочы былі адкрытыя, нічога не бачыў. Узяўшы за руку, павялі яго ў Дамаск.

І тры дні не бачыў, не еў і не піў.
 
Тры дні ён не бачыў, не еў і не піў.

У Дамаску ж быў адзін вучань, на імя Ананія, і сказаў яму Госпад у бачанні: «Ананія!» А той гаворыць: «Вось я, Госпадзе».
 
У Дамаску быў адзін вучань па імені Ананія. Пан у бачанні сказаў яму: «Ананія». Той адказаў: «Гэта я, Пане».

А Госпад яму: «Устань і ідзі на вуліцу, што завецца Простая, ды ў доме Юды запытай пра Саўла з Тарса, вось жа, ён моліцца,
 
Сказаў яму Пан: «Устань і пайдзі на вуліцу, якая завецца Простай, і спытайся ў доме Юды пра Саўла з Тарса, бо ён цяпер моліцца».

ды ў бачанні ўгледзеў чалавека, на імя Ананія, які прыйшоў і ўсклаў руку на яго, каб ён зноў бачыў».
 
А Саўл у візіі ўбачыў чалавека па імені Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго рукі, каб ён зноў мог бачыць.

І Ананія адказаў: «Госпадзе, я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ён зла ўчыніў святым Тваім у Ерузаліме;
 
Ананія адказаў: «Пане, шмат ад каго я чуў пра гэтага чалавека, колькі ён учыніў зла Тваім святым у Ерузалеме.

і тут ён мае ўладу ад першасвятароў вязніць усіх, хто прызывае імя Тваё».
 
І тут ён мае ад першасвятароў уладу зняволіць усіх, хто заклікае Тваё імя».

Але Госпад сказаў яму: «Ідзі, бо Я выбраў гэтага [чалавека] як пасудзіну, каб занесці імя Маё паганам і царам і сынам Ізраэля;
 
Але Пан сказаў яму: «Ідзі, бо гэты чалавек — Маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам, каралям і сынам Ізраэля.

і Я пакажу яму, колькі ён мае цярпець дзеля імя Майго».
 
Я пакажу яму, колькі ён павінен выцерпець дзеля Майго імя».

І Ананія пайшоў, і ўвайшоў у дом, ды, усклаўшы рукі на яго, сказаў: «Браце Саўле! Госпад паслаў мяне, Ісус, Які аб’явіўся табе ў дарозе, якой ты ішоў, каб ты зноў бачыў ды быў напоўнены Духам Святым».
 
Тады пайшоў Ананія і ўвайшоў у дом. І, усклаўшы на яго рукі, сказаў: «Браце Саўле, Пан Езус, які з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў мог бачыць і напоўніўся Духам Святым».

І ў той момант быццам луска адпала з вачэй яго, і ён зноў атрымаў зрок. І, падняўшыся, быў ахрышчаны,
 
Адразу нібы луска спала з ягоных вачэй, і ён стаў бачыць, падняўся і быў ахрышчаны.

і калі спажыў пасілак, набраўся сіл. І некалькі дзён Саўл быў з вучнямі, якія былі ў Дамаску,
 
А калі спажыў ежу, набраўся сілы. Саўл у Дамаску Некалькі дзён Саўл быў з вучнямі ў Дамаску.

і зараз жа стаў абвяшчаць у сінагогах Хрыста, што Ён — Сын Божы.
 
І адразу пачаў абвяшчаць у сінагогах пра Езуса, што Ён — Сын Божы.

І ўсе, што чулі гэта, дзівіліся і казалі: «Ці ж гэта не той самы, што ў Ерузаліме загубіў тых, якія прызывалі гэтае імя, і ці не па тое ён прыйшоў сюды, каб, увязніўшы іх, весці да першасвятароў?»
 
Усе, хто чуў, здзіўляліся і казалі: «Ці не той гэта, які пераследаваў у Ерузалеме вызнаўцаў гэтага імя? А сюды прыйшоў для таго, каб зняволіць іх і прывесці да першасвятароў».

А Саўл тым адважней выступаў і бянтэжыў юдэяў, што жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты ёсць Хрыстос.
 
Але Саўл умацоўваўся яшчэ больш і прыводзіў у замяшанне юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даказваючы, што Езус ёсць Хрыстом.

Калі мінула шмат дзён, юдэі ўчынілі нараду, каб забіць яго,
 
Калі прайшло шмат дзён, юдэі вырашылі забіць яго.

але Саўлу сталі вядомы іх намеры. А яны днём і ўночы пільнавалі ля брамы, каб яго забіць;
 
Але Саўл даведаўся пра іх намер. Яны ж удзень і ўначы пільнавалі яго ў брамах, каб забіць.

і вучні, узяўшы яго, уночы спусцілі ў кашы цераз мур ды выправілі.
 
Тады вучні ўзялі яго ўначы і спусцілі ў кашы праз мур.

І калі Саўл прыбыў у Ерузалім, дык стараўся далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго, не верачы, што ён вучань.
 
Калі ж ён прыйшоў у Ерузалем, спрабаваў далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго і не верылі, што ён вучань.

Толькі Барнаба, прыняўшы яго, прывёў да Апосталаў ды расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Госпада і што Той сказаў яму, ды з якою адвагай выступаў у Дамаску ў імя Ісуса.
 
Тады Барнаба ўзяў яго і прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Пана, і што Пан сказаў яму, і як у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Езуса.

І быў ён разам з імі, ды ўваходзіў і выходзіў з Ерузаліма, смела выступаючы ў імя Госпада Ісуса.
 
Як разам з імі ён выходзіў і ўваходзіў у Ерузалем, і адважна прапаведаваў у імя Пана.

Гутарыў таксама і спрачаўся з геленістамі. Яны ж імкнуліся яго забіць.
 
Таксама размаўляў і спрачаўся з эліністамі, якія хацелі забіць яго.

Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і выправілі ў Тарс.
 
Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і паслалі ў Тарс.

Тым часам царква мела супакой ва ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі, будавалася і хадзіла ў страху Госпадавым і ў пацяшэнні ад Духа Святога ўзрастала.
 
А Касцёл па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі меў спакой, развіваўся і жыў у боязі перад Панам, і напаўняўся суцяшэннем Духа Святога.

І сталася, Пётра, наведваючы ўсіх, дабраўся і да святых, што пражывалі ў Лідзе.
 
Калі Пётр абыходзіў усіх, прыйшоў таксама да святых, якія жылі ў Ліддзе.

Там напаткаў ён аднаго чалавека, імем Энэй, які быў спаралізаваны і восем гадоў праляжаў у ложку.
 
Там ён знайшоў аднаго чалавека па імені Энэй, які ўжо восем гадоў ляжаў у ложку паралізаваны. Пётр сказаў яму:

І гаворыць яму Пётра: «Энэй, Ісус Хрыстос цябе аздараўляе; падыміся і засцялі сабе». І ён адразу ўстаў.
 
«Энэй, Езус Хрыстус аздараўляе цябе, устань і засцялі свой ложак». Той адразу ўстаў.

І бачылі яго ўсе тыя, што насялялі Ліду і Сарон, і навярнуліся да Госпада.
 
Бачылі яго ўсе, хто жыў у Ліддзе і Сароне, і навярнуліся да Пана.

А была ў Ёпе адна вучаніца, імем Табіта, значыць «сарна»; яна была поўная добрых учынкаў і міласцін, якія рабіла.
 
У Яфе была адна вучаніца па імені Табіта, што азначае «сарна». Яна рабіла шмат добрых учынкаў і раздавала міласціну.

Сталася ж у тыя дні, што яна захварэла і памерла; яе памылі ды палажылі ў святліцы.
 
У тыя дні яна захварэла і памерла. Яе абмылі і паклалі ў святліцы.

А як Ліда ёсць недалёка ад Ёпы, дык вучні, пачуўшы, што там знаходзіцца Пётра, паслалі да яго двух мужоў папрасіць яго: «Прыйдзі да іх, не марудзь!»
 
Лідда была недалёка ад Яфы, і калі вучні даведаліся, што Пётр там, паслалі да яго двух мужоў з просьбаю: «Прыйдзі неадкладна да нас!»

І Пётра, устаўшы, пайшоў з імі; і, калі прыйшоў, завялі яго ў святліцу, і акружылі яго там усе ўдовы, плачучы і паказваючы яму тунікі і адзенне, якія зрабіла Сарна, калі была з імі.
 
Пётр устаў і пайшоў з імі. А калі ён прыбыў, увялі яго ў святліцу. Усе ўдовы абступілі яго з плачам і паказвалі яму тунікі і вопраткі, якія рабіла Сарна, жывучы з імі.

І, выправіўшы ўсіх, Пётра ўпаў на калені ды маліўся, і, павярнуўшыся да цела, сказаў: «Табіта, устань!» І яна адкрыла вочы свае ды, убачыўшы Пётру, села.
 
Пётр, адправіўшы ўсіх са святліцы, стаў на калені і памаліўся. Затым павярнуўся да цела і сказаў: «Табіта, устань!» Яна адкрыла свае вочы і, убачыўшы Пятра, села.

Пётра ж, падаўшы ёй руку, падняў яе і, паклікаўшы святых і ўдоў, паказаў яе жывую.
 
Ён падаў ёй руку і падняў яе. Пасля паклікаў святых і ўдоваў, і яны ўбачылі яе жывую.

І стала вядома пра гэта па ўсёй Ёпе, і многія ўверылі ў Госпада.
 
Пра гэта стала вядома ва ўсёй Яфе, і многія паверылі ў Пана.

І сталася, што яшчэ многа дзён заставаўся Пётра ў Ёпе ў нейкага гарбара Сімона.
 
А Пётр даволі доўга заставаўся ў Яфе ў нейкага Сымона, гарбара.