Дзеі 27 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Калі было вырашана плысці нам у Італію, перадалі Паўлу і разам з ім іншых вязняў Юлію, сотніку кагорты Аўгуста.
Калі было вырашана, што мы паплывем у Італію, Паўла і некаторых іншых вязняў аддалі сотніку па імені Юлій з кагорты цэзара.
Селі мы на гадрамітыйскі карабель, які меў плысці каля ўзбярэжжа Азіі, і затым адплылі, а з намі быў Арыстарх, мацэдонец з Тэсалонікі.
Мы селі на адраміцкі карабель, які меў плыць каля азіяцкіх мясцін. З намі быў Арыстарх, македонец з Тэсалонікі.
На другі дзень прыплылі ў Сідон, і Юлій, які па-людску абыходзіўся з Паўлам, дазволіў яму пайсці да сяброў ды апекавацца над сабой.
На другі дзень мы прысталі ў Сідоне. Юлій ставіўся да Паўла добразычліва і дазволіў яму наведаць сяброў і скарыстаць з іх апекі.
І, калі мы выправіліся адсюль, то паплылі мы ўздоўж Кіпра, таму што былі супраціўныя вятры,
Адправіўшыся адтуль, мы прыбылі на Кіпр, бо дзьмулі супраціўныя вятры.
і пераплылі мора каля Цыліцыі і Памфіліі, ды прыбылі на караблі ў Міры, што ў Ліцыі.
Пераплыўшы мора каля Цыліцыі і Памфіліі, мы прыбылі ў Ліцыйскую Міру.
І там сотнік знайшоў александрыйскі карабель, што плыў у Італію, і перасадзіў нас на яго.
Там сотнік знайшоў александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго.
І, многа дзён плывучы паволі, ледзь апынуліся насупраць Кніда з прычыны неспрыяльнага ветру, ды падплылі да Крыта каля Салмоны.
Плывучы паволі шмат дзён, мы з цяжкасцю дабраліся да ваколіцы Кнідаса. Паколькі вецер не пускаў нас далей, мы падплылі да Крыта насупраць Сальмона.
І, плывучы з цяжкасцю каля яго, мы дабраліся да аднаго месца, званага Добры Порт, каля якога быў горад Ласея.
А калі ледзьве мінулі яго, прыплылі да месца, якое завецца Добрыя Прыстані, непадалёк ад горада Ласая.
Калі ж прайшло многа часу і плаванне сталася ўжо небяспечным, бо ўжо і пост прайшоў, Паўла перасцерагаў іх,
Калі прайшло ўжо шмат часу і плаванне было небяспечным, а пост ужо скончыўся, Павел пачаў асцерагаць,
кажучы: «Людзі, я бачу, што плаванне становіцца небяспечным ды вельмі згубным не толькі для грузу і карабля, але і для нашых душ».
кажучы ім: «Мужы, я бачу што плаванне будзе цяжкім і з вялікай шкодаю не толькі для грузу і карабля, але і для нашага жыцця».
Але сотнік верыў болей стырніку і гаспадару карабля, чым таму, што казаў Паўла.
Але сотнік больш давяраў стырнавому і ўладальніку карабля, чым словам Паўла.
А як порт не надаваўся для зімоўкі, большасць параіла адплысці адтуль, спадзеючыся дабрацца неяк на зімоўку ў порт Фэнікс на Крыце, выстаўлены на паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры.
Паколькі прыстань была непрыстасаваная для зімоўкі, большасць раіла адплысці адтуль, каб, калі можна, дабрацца да Фенікса і перазімаваць у гэтай крыцкай прыстані, адкрытай на паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры.
І, калі падзьмуў паўднёвы вецер, яны, думаючы выканаць свой намер, выправіліся і паплылі ўздоўж берагоў Крыта.
Калі ж падзьмуў паўднёвы вецер, яны, мяркуючы, што ўжо дасягнуць сваёй мэты, паднялі якары і паплылі ўзджоўж узбярэжжа Крыта.
Але хутка наляцеў на іх бурны вецер, званы эўраквілон.
Але неўзабаве наляцеў з боку вострава ўраганны вецер, які называецца эўракілон.
Калі карабель быў падхоплены і не мог супрацівіцца ветру, мы здалі карабель на вецер, і нас панесла.
Карабель падхапіла так, што ён не мог працівіцца ветру, таму мы паддаліся і нас панесла.
Апынуўшыся каля нейкага вострава, званага Клаўда, з цяжкасцю ўтрымалі мы лодку.
Падплыўшы да пэўнага вострава, які завецца Каўда, мы ледзьве ўтрымалі ратавальную лодку.
Калі яна была ўцягнута, то скарысталіся з дапаможных канатаў, абцягваючы карабель. І, баючыся, каб не трапіць на мялізну, спусцілі ветразь і так нас насіла.
Падняўшы яе, мы сталі выкарыстоўваць дапаможныя сродкі, каб абвязаць карабель. Баючыся наляцець на Сірт, мы спусцілі плаваючы якар, і так нас насіла.
А як вялікая бура кідала намі, пачалі назаўтра выкідваць груз,
Паколькі бура пачала нас моцна гнаць, на другі дзень мы сталі выкідаць груз.
а на трэці дзень сваімі рукамі выкінулі некаторыя прылады карабля.
А на трэці — сваімі рукамі паскідалі з карабля аснастку.
Калі ж праз многа дзён ані сонца не паказвалася, ані зоркі, а бура шалела, знікла ўжо ўсякая надзея нашага выратавання.
Калі многа дзён не паказвалася ні сонца, ні зоркі, а моцная бура налягала, знікла ўсякая надзея на нашае выратаванне.
І, калі ўжо вельмі доўга не елі, сказаў ім Паўла, стаўшы між імі: «Трэба было слухаць мяне, і не адплываць ад Крыта, і не выстаўляцца на гэтую нядолю і шкоду.
Паколькі доўга не елі, Павел стаў сярод іх і сказаў: «Мужы, трэба было слухацца мяне і не адплываць з Крыта, тады мы абмінулі б гэтыя пакуты і страты.
І цяпер раю вам не губляць настрою, бо ніхто з вас не загіне, апрача толькі карабля.
Цяпер жа прашу вас бадзёрыцца, таму што ніводзін з вас не загіне, толькі карабель.
У гэтую ноч аб’явіўся мне анёл Бога, Якому належу ды Якому служу,
Бо сёння ўначы з’явіўся мне анёл Бога, якому належу і якому служу,
кажучы: “Не бойся, Паўле; трэба табе стаць перад цэзарам; і вось, Бог табе падараваў усіх, што плывуць разам з табою”.
і сказаў: “Не бойся, Павел, бо табе трэба з’явіцца перад цэзарам, і вось, Бог падараваў табе ўсіх, хто плыве з табою”.
Дык будзьце добрай думкі, мужы, бо веру Богу, што будзе так, як мне сказана.
Таму бадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што так станецца, як мне было сказана.
Нас мусіць выкінуць на які-небудзь востраў».
Нас павінна выкінуць на нейкі востраў».
А ў чатырнаццатую ноч, калі нас насіла па Адрыятыку, стала здавацца маракам каля поўначы, што падплываюць да нейкай зямлі.
На чатырнаццатую ноч, як мы блукалі па Адрыятыцы, каля поўначы маракі пачалі здагадвацца, што яны набліжаюцца да нейкай зямлі.
Дык спусцілі шнур з волавам і намералі дваццаць сажняў, і, крыху адплыўшы, спусцілі і знайшлі пятнаццаць сажняў.
Калі памералі глыбіню, атрымалася дваццаць сажняў. Адплыўшы крыху далей, памералі зноў, атрымалася пятнаццаць сажняў.
Баючыся, каб не трапіць на скалістыя месцы, кінулі з кармы чатыры якары ды чакалі досвітку.
Баючыся трапіць на камяністыя месцы, мы кінулі з кармы чатыры якары і маліліся, каб настаў дзень.
Калі маракі, імкнучыся ўцячы з карабля, спусцілі лодку на мора пад выглядам, што хочуць спераду закінуць якар,
Калі ж маракі хацелі ўцячы з карабля і спусцілі лодку на мора, робячы выгляд, нібы хочуць закінуць якар з носа,
Паўла сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы не зможаце выратавацца».
Павел сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы не зможаце ўратавацца».
Тады жаўнеры парэзалі вяроўкі ад лодкі ды дазволілі ёй зваліцца ў мора.
Тады жаўнеры перарэзалі вяроўкі на лодцы, і яна ўпала.
Калі пачынала днець, Паўла заахвочваў усіх пасілкавацца, кажучы: «Сёння ўжо чатырнаццаты дзень, як вы чакаеце, посцячы і не маючы нічога ў вуснах.
Перад наступленнем дня Павел угаворваў усіх падсілкавацца, кажучы: «Сёння чатырнаццаты дзень вы чакаеце без ежы, не спажываючы нічога.
Дык, прашу вас, пасілкуйцеся. Гэта прычыніцца да вашага выратавання; бо ніводнаму з вас волас з галавы не спадзе».
Таму прашу вас прыняць ежу, бо гэта для вашага ўратавання, таму што нікому з вас не ўпадзе волас з галавы».
І, калі сказаў гэта і ўзяў хлеб, падзякаваў Богу на віду ва ўсіх і, паламаўшы, пачаў есці.
Сказаўшы гэта, узяў хлеб і падзякаваў Богу перад усімі і, паламаўшы, стаў есці.
Яны тады ўсе супакоіліся ды самі прынялі ежу.
Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу.
А было ўсіх душ на караблі дзвесце семдзясят шэсць чалавек.
Было ж нас усіх на караблі дзвесце семдзесят чалавек.
І, калі наеліся, аблягчылі карабель, выкідваючы пшаніцу ў мора.
Наеўшыся, яны сталі аблягчаць карабель, выкідаючы збожжа ў мора.
Калі развіднела, не пазналі зямлі, заўважылі, аднак, нейкую затоку з плоскім берагам, да якой надумалі, калі магчыма, давесці карабель.
Калі настаў дзень, яны не распазналі зямлі, але ўбачылі нейкі заліў з пясчаным берагам, куды вырашылі прыстаць з караблём.
І паадразалі якары, і пакінулі іх у моры, і, развязаўшы стырно і распусціўшы брамсель па ветры, скіраваліся да берага.
Абрэзаўшы якары і пакінуўшы іх у моры, аслабілі вяроўкі стырна і, падняўшы пярэдні ветразь па ветры, скіраваліся да берага.
Патрапілі, аднак, на мялізну і асадзілі на ёй карабель. Нос карабля ўвяз і быў нерухомы, а карма разбівалася сілаю хваль.
Аднак натрапілі на мель і пасадзілі на ёй карабель. Нос карабля зарыўся і застаўся нерухомы, а карма пачала развальвацца пад напорам хваляў.
Жаўнеры ж змовіліся пазабіваць вязняў, каб хто, даплыўшы да берага, не ўцёк.
Жаўнеры вырашылі пазабіваць вязняў, каб ніхто, выплыўшы, не ўцёк.
Але сотнік, хочучы ўхаваць Паўлу, утрымаў іх ад намеру. І тым, што ўмелі плаваць, загадаў, каб першыя кінуліся ў ваду ды выйшлі на зямлю,
Але сотнік, жадаючы ўратаваць Паўла, стрымаў іх ад гэтага і загадаў усім, хто ўмее плаваць, першымі выскачыць і выйсці на бераг.
а астатнія — хто на дошках або на частках карабля; і так усе выбраліся на зямлю.
Астатнія плылі, хто на дошках, хто на чым-небудзь з карабля. Такім чынам усе бяспечна дабраліся да берага.