Дзеі 27 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Як жа прысудзілі нам плыці ў Італію, дык Паўлу й некаторых іншых вязьняў аддалі сотніку, на ймя Юлію, з роты Аўгуста.
Калі было вырашана, што мы паплывем у Італію, Паўла і некаторых іншых вязняў аддалі сотніку па імені Юлій з кагорты цэзара.
Узыйшоўшы на Адраміцкі карабе́ль, манючыся плысьці ля ме́сцаў Азійскіх, вырушылі мы, маючы з сабой Арыстарха, Македонца із Фессалонікі.
Мы селі на адраміцкі карабель, які меў плыць каля азіяцкіх мясцін. З намі быў Арыстарх, македонец з Тэсалонікі.
На другі дзе́нь прысталі к Сідону; Юлі-ж, які абходзіўся з Паўлам па-людзку, дазволіў яму пайсьці да прыяцеляў і скарыстацца руплівасьцяй іх.
На другі дзень мы прысталі ў Сідоне. Юлій ставіўся да Паўла добразычліва і дазволіў яму наведаць сяброў і скарыстаць з іх апекі.
І, вырушыўшы стуль, прыплылі мы к Кіпру, бо вятры́ былі праціўныя.
Адправіўшыся адтуль, мы прыбылі на Кіпр, бо дзьмулі супраціўныя вятры.
Пераплыўшы-ж мора насупраць Кілікіі й Памфіліі, прыйшлі мы ў Міры Лікійскія,
Пераплыўшы мора каля Цыліцыі і Памфіліі, мы прыбылі ў Ліцыйскую Міру.
і тутака сотнік знайшоў Александрыйскі карабе́ль, які плыў у Італію, ды пасадзіў нас на яго.
Там сотнік знайшоў александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго.
Плывучы-ж памалу шмат дзён ды ле́дзь апынуўшыся насупраць Кніду, бо ве́цер быў проці нас, даплылі мы да Крыту, проці Сальмону,
Плывучы паволі шмат дзён, мы з цяжкасцю дабраліся да ваколіцы Кнідаса. Паколькі вецер не пускаў нас далей, мы падплылі да Крыта насупраць Сальмона.
і, ле́дзьве прабраўшыся ля яго, прыйшлі да нейкае мясцовасьці, называнае Харошыя Затокі, адкуль недалека ме́ста Лязія.
А калі ледзьве мінулі яго, прыплылі да месца, якое завецца Добрыя Прыстані, непадалёк ад горада Ласая.
Калі-ж мінула даволі часу, і плаваньне было ўжо няпэўнае, бо ўжо і пост мінуў, радзіў ім Паўла,
Калі прайшло ўжо шмат часу і плаванне было небяспечным, а пост ужо скончыўся, Павел пачаў асцерагаць,
кажучы: Мужы! Я бачу, што плаваньне ма́е быць нешчасьлівае ды з чысьленымі ўтратамі ня толькі для тавару й карабля, але й для душ нашых.
кажучы ім: «Мужы, я бачу што плаванне будзе цяжкім і з вялікай шкодаю не толькі для грузу і карабля, але і для нашага жыцця».
Але сотнік больш ве́рыў ко́рніку й гаспадару карабля, чым таму, што гаварыў Паўла.
Але сотнік больш давяраў стырнавому і ўладальніку карабля, чым словам Паўла.
А як затока ня была выгодная дзеля зімаваньня, дык большасьць і радзіла адплысьці адтуль: мо’ можна было-б перазімаваць, дабраўшыся да Фініку, Крыцкае затокі, што ляжыць насупраць паўднёва-заходняга й паўночна-заходняга ве́тру.
Паколькі прыстань была непрыстасаваная для зімоўкі, большасць раіла адплысці адтуль, каб, калі можна, дабрацца да Фенікса і перазімаваць у гэтай крыцкай прыстані, адкрытай на паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры.
І, калі паве́яў паўдзённы ве́цер, яны, падумаўшы, што дасяглі жаданага, рушылі й паплылі поўз Крыту.
Калі ж падзьмуў паўднёвы вецер, яны, мяркуючы, што ўжо дасягнуць сваёй мэты, паднялі якары і паплылі ўзджоўж узбярэжжа Крыта.
Але неўзабаве наляце́ў на іх бурны ве́цер, называны Эўроклідон.
Але неўзабаве наляцеў з боку вострава ўраганны вецер, які называецца эўракілон.
Калі падхапіла карабе́ль, і ён ня мог працівіцца ве́тру, дык мы здаліся, і нас панясло.
Карабель падхапіла так, што ён не мог працівіцца ветру, таму мы паддаліся і нас панесла.
Наляце́ўшы-ж на не́йкі астравок, называны Кляўдай, мы ле́дзьве здолелі ўдзяржаць човен;
Падплыўшы да пэўнага вострава, які завецца Каўда, мы ледзьве ўтрымалі ратавальную лодку.
падняўшы-ж яго, пачалі ратавацца, абвязываючы карабе́ль; а баючыся, каб ня се́сьці на мялізну, спусьцілі парус ды гэтак насіліся.
Падняўшы яе, мы сталі выкарыстоўваць дапаможныя сродкі, каб абвязаць карабель. Баючыся наляцець на Сірт, мы спусцілі плаваючы якар, і так нас насіла.
Як жа бура крэпка кідала нас, назаўтрае выкінулі тавары,
Паколькі бура пачала нас моцна гнаць, на другі дзень мы сталі выкідаць груз.
а на трэці дзе́нь мы сваімі рукамі павыкідалі карабе́льны струмант.
А на трэці — сваімі рукамі паскідалі з карабля аснастку.
Калі-ж шмат дзён не паказывалася ані сонца, ані зоркі, а бура крэпка налягала, дык урэшце прапала ўсе́нька надзе́я, каб нам спасьціся.
Калі многа дзён не паказвалася ні сонца, ні зоркі, а моцная бура налягала, знікла ўсякая надзея на нашае выратаванне.
А як мы доўга былі няе́ўшы, дык Паўла, стануўшы сярод іх, сказаў: Мужы, трэба было паслухацца мяне́ і ня плысьці ад Крыту ды ўсьцерагчыся гэтага няшчасьця й утраты.
Паколькі доўга не елі, Павел стаў сярод іх і сказаў: «Мужы, трэба было слухацца мяне і не адплываць з Крыта, тады мы абмінулі б гэтыя пакуты і страты.
Цяпе́р-жа раджу вам: бадрыцеся; не загіне ніводная душа із вас, апрача карабля.
Цяпер жа прашу вас бадзёрыцца, таму што ніводзін з вас не загіне, толькі карабель.
Бо стануў прада мною ў гэту ноч Ангел Бога, Якому прынале́жу й служу,
Бо сёння ўначы з’явіўся мне анёл Бога, якому належу і якому служу,
ды сказаў: Ня бойся, Паўла! Ты мусіш стануць перад ке́сарам, і вось Бог дараваў табе́ ўсіх, што плывуць з Табою.
і сказаў: “Не бойся, Павел, бо табе трэба з’явіцца перад цэзарам, і вось, Бог падараваў табе ўсіх, хто плыве з табою”.
Дык будзьце добрае мысьлі, мужы; бо ве́ру Богу, што станецца так, як мне́ было сказана:
Таму бадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што так станецца, як мне было сказана.
мы мусім быць выкінены на не́йкі востраў.
Нас павінна выкінуць на нейкі востраў».
Як жа настала чатырнаццатая ноч, што мы насіліся па Адрыятыцкім моры, каля поўначы пазналі матросы, што падыходзім да не́йкае зямлі.
На чатырнаццатую ноч, як мы блукалі па Адрыятыцы, каля поўначы маракі пачалі здагадвацца, што яны набліжаюцца да нейкай зямлі.
І, паме́раўшы, знайшлі дваццаць сажнёў. Крыху-ж адплыўшы ды йзноў паме́раўшы, знайшлі пятнаццаць сажнёў.
Калі памералі глыбіню, атрымалася дваццаць сажняў. Адплыўшы крыху далей, памералі зноў, атрымалася пятнаццаць сажняў.
Баючыся, каб не папасьці на скалістае ме́сца, скінулі з карна́ чатыры якары й чакалі дня.
Баючыся трапіць на камяністыя месцы, мы кінулі з кармы чатыры якары і маліліся, каб настаў дзень.
Калі-ж матросы памкнуліся ўцячы з карабля ды спускалі ў мора човен, паказуючы, быццам маняцца скінуць якары з носу,
Калі ж маракі хацелі ўцячы з карабля і спусцілі лодку на мора, робячы выгляд, нібы хочуць закінуць якар з носа,
Паўла сказаў сотніку й жаўне́рам: Калі яны не астануцца на караблі, дык вы ня можаце спасьціся.
Павел сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы не зможаце ўратавацца».
Тады жаўне́ры паабсякалі вяроўкі ад чаўна й далі яму ўпасьці.
Тады жаўнеры перарэзалі вяроўкі на лодцы, і яна ўпала.
Перад сьвітаньнем Паўла намаўляў усіх прыняць е́жу, кажучы: Сягоньня чатырнаццаты дзе́нь, як вы, ждучы, астаецёся ня е́ўшы, нічога ня прыймаючы.
Перад наступленнем дня Павел угаворваў усіх падсілкавацца, кажучы: «Сёння чатырнаццаты дзень вы чакаеце без ежы, не спажываючы нічога.
Дык заклікаю вас прыняць е́жу: бо гэта будзе дзеля вашага спасе́ньня. Бо нікому з вас волас з галавы не спадзе́.
Таму прашу вас прыняць ежу, бо гэта для вашага ўратавання, таму што нікому з вас не ўпадзе волас з галавы».
Сказаўшы гэта і ўзяўшы хле́б, ён пахваліў Бога перад усімі дый пачаў, разламаўшы, е́сьці.
Сказаўшы гэта, узяў хлеб і падзякаваў Богу перад усімі і, паламаўшы, стаў есці.
І ўсе́ набраліся духу дый самі прынялі е́жу.
Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу.
Было-ж усіх нас на караблі дзьве́сьце се́мдзесят шэсьць душ.
Было ж нас усіх на караблі дзвесце семдзесят чалавек.
Насыціўшыся-ж е́жай, аблягчылі карабе́ль, выкідаючы пшаніцу ў мора.
Наеўшыся, яны сталі аблягчаць карабель, выкідаючы збожжа ў мора.
Як жа настаў дзе́нь, яны не пазнавалі зямлі; дагле́дзілі-ж не́йкую затоку, ме́ўшую ўзьбярэжжа, да якога й урадзілі, калі здолеюць, прыстаць з караблём.
Калі настаў дзень, яны не распазналі зямлі, але ўбачылі нейкі заліў з пясчаным берагам, куды вырашылі прыстаць з караблём.
І, падняўшы якары, пайшлі морам; і, адвязаўшы стырно́ ды наставіўшы малы парус па ве́тру, кіраваліся да ўзьбярэжжа.
Абрэзаўшы якары і пакінуўшы іх у моры, аслабілі вяроўкі стырна і, падняўшы пярэдні ветразь па ветры, скіраваліся да берага.
Папаўшы-ж на касу́, пасадзілі карабе́ль на мялізну: і нос, завязшы, аставаўся нярухомы, а карно́ разьбівалася сілаю хваляў.
Аднак натрапілі на мель і пасадзілі на ёй карабель. Нос карабля зарыўся і застаўся нерухомы, а карма пачала развальвацца пад напорам хваляў.
У жаўне́раў жа была нарада, каб вязьняў пазабіваць, каб хто, выплыўшы, ня ўцек.
Жаўнеры вырашылі пазабіваць вязняў, каб ніхто, выплыўшы, не ўцёк.
Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўлу, супрацівіўся іхняй пастанове ды загадаў уме́ючым плаваць кінуцца й пе́ршымі выйсьці на зямлю,
Але сотнік, жадаючы ўратаваць Паўла, стрымаў іх ад гэтага і загадаў усім, хто ўмее плаваць, першымі выскачыць і выйсці на бераг.
рэшце-ж каму на дошках, каму на чым з карабля. І гэтак сталася, што ўсе́ выратаваліся на зямлю.
Астатнія плылі, хто на дошках, хто на чым-небудзь з карабля. Такім чынам усе бяспечна дабраліся да берага.