Дзеі 21 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Калі-ж давялося нам, расстаўшыся з імі, адплыці, дык, ідучы нацянькі, прыплылі мы к Косу, назаўтрае-ж к Родосу і адтуль к Патары
Калі мы, расстаўшыся з імі, адплылі, то простым шляхам прыбылі на Кос, затым — на Родас, а адтуль — у Патару.
і, знайшоўшы карабель, які йшоў у Фінікію, узыйшлі на яго і паплылі.
Знайшоўшы карабель, які плыў у Феніцыю, мы селі і паплылі.
Калі-ж паказаўся Кіпр, мы пакінулі яго зьле́ва й паплылі ў Сірыю ды прысталі ў Тыры, бо там караблю трэ’ было скінуць груз.
А калі паказаўся Кіпр, мы абмінулі яго злева і паплылі ў Сірыю. Прысталі ў Тыры, бо там трэба было разгрузіць карабель.
І, знайшоўшы вучняў, прабылі тамака се́м дзён; тыя-ж праз Духа гаварылі Паўлу, каб ня йшоў у Ерузалім.
Знайшоўшы вучняў, мы засталіся там на сем дзён. Яны ж, натхнёныя Духам, казалі Паўлу не ісці ў Ерузалем.
Як-жа давялося нам пражыць гэныя дні, мы, выйшаўшы, пайшлі ў дарогу, і ўсе́ праводзілі нас з жонамі й дзяцьмі ажно за ме́ста. На беразе-ж, укле́нчыўшы, памаліліся.
Пасля гэтых дзён мы выбраліся ў дарогу, а ўсе з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас за горад. Укленчыўшы на беразе і памаліўшыся,
І, разьвітаўшыся адны з аднымі, мы ўзыйшлі на карабе́ль, а яны вярнуліся дамоў.
мы развіталіся адзін з адным і селі на карабель, а яны вярнуліся да сябе.
Мы, скончыўшы плаваньне ад Тыру, прысталі к Птолемаідзе і, прывітаўшы братоў, асталіся ў іх на адзін дзе́нь.
На заканчэнне нашага плавання мы прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе прывіталі братоў і прабылі ў іх адзін дзень.
Назаўтрае-ж Паўла й мы, што былі з ім, выйшаўшы прыйшлі ў Кесарыю; і, увайшоўшы ў дом Піліпа Эвангеліста, аднаго із сямёх, аставаліся ў яго.
Назаўтра адышлі і прыбылі ў Цэзарэю. Увайшоўшы ў дом дабравесніка Філіпа, аднаго з сямі дыяканаў, мы засталіся ў яго.
У яго-ж былі чатыры дочкі — дзяўчаты, якія прарочылі.
Ён меў чатыры дачкі, дзевы, якія прарочылі.
Як-жа былі мы многа дзён, прыйшоў з Юдэі прарок не́йкі, на ймя Агаў,
У той час, як мы былі ў іх шмат дзён, прыйшоў з юдэі пэўны прарок, па імені Агаў.
і, увайшоўшы да нас ды ўзяўшы пояс Паўлы, зьвязаў сабе́ рукі й ногі і сказаў: Гэтак кажа Дух Сьвяты: чалаве́ка, чый гэты пояс, так зьвяжуць Жыды ў Ерузаліме і аддадуць у рукі паганаў.
Ён увайшоў да нас, узяў Паўлаў пояс і, звязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Так кажа Дух Святы: “Таго чалавека, чый гэта пояс, так звяжуць у Ерузалеме юдэі і аддадуць у рукі язычнікаў”».
Калі-ж мы пачулі гэтае, дык і мы, і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня йшоў у Ерузалім.
Калі мы гэта пачулі, угаворвалі Паўла разам з тамтэйшымі братамі не хадзіць у Ерузалем.
Паўла-ж адказаў: Што вы робіце, плачучы й разрываючы мне́ сэрца? Я-ж ня толькі гатоў вязьнем стацца, але й паме́рці ў Ерузаліме за ймя Госпада Ісуса.
Аднак Павел адказаў: «Навошта плачаце і засмучаеце маё сэрца? Бо я дзеля імя Пана Езуса гатовы не толькі быць звязаным, але і памерці ў Ерузалеме».
Ня здолеўшы намовіць яго, мы супакоіліся ды сказалі: Хай станецца воля Гасподня!
Паколькі яго не ўдалося ўгаварыць, мы супакоіліся, сказаўшы: «Няхай будзе воля Пана!»
Па гэных днёх, прыгатаваўшыся, вырушылі мы ў Ерузалім.
Пасля гэтых дзён мы падрыхтаваліся і вырушылі ў Ерузалем.
Ішлі-ж з намі й некаторыя вучні із Кесарыі, вядучы да не́йкага Мназона, Кіпрыйца, старога вучня, каб у яго нам пагасьціць.
З намі пайшлі некаторыя вучні з Цэзарэі і прывялі да нас нейкага Мнасона з Кіпра, даўняга вучня, які меў нас прыняць.
Як-жа прыйшлі мы ў Ерузалім, браты прыязна прынялі нас.
Калі мы прыйшлі ў Ерузалем, браты радасна прынялі нас.
Наступнага-ж дня прыйшоў Паўла разам з намі да Якава; прыйшлі й усе старшыя.
На другі дзень Павел пайшоў з намі да Якуба, куды прыйшлі таксама ўсе старэйшыны.
І, прывітаўшы іх, падробна апавядаў, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз служэньне ягонае.
Прывітаўшы іх, ён падрабязна расказваў пра тое, што Бог учыніў сярод язычнікаў праз яго служэнне.
Яны-ж, выслухаўшы, пахвалілі Бога і сказалі яму: Бачыш, браце, колькі ёсьць тысячаў Жыдоў, якія ўве́равалі, і ўсе́ яны — шчырыя слугі закону.
Пачуўшы гэта, яны ўславілі Бога і сказалі яму: «Бачыш, брат, колькі тысяч юдэяў паверыла, а ўсе яны рупліўцы Закону.
Але дачуліся аб табе́, што навучаеш адступніцтва ад Майсе́я ўсіх Жыдоў, што жывуць між паганамі, кажучы, каб не абрэзывалі дзяце́й і ня трымаліся звычаяў.
Яны чулі пра цябе, быццам ты юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступаць ад Майсея, кажучы, каб не абразалі дзяцей і не трымаліся звычаяў.
Дык што-ж гэта? Напэўна мусіць сабрацца народ, бо дачуюцца, што ты прыйшоў.
Дык што ж? Яны напэўна пачуюць, што ты прыйшоў.
Вось-жа зрабі, што табе́ кажам: ёсьць у нас чатыры мужы, што маюць зарок на сабе́.
Зрабі тое, што мы кажам табе. У нас ёсць чатыры мужчыны, якія далі абяцанне.
Узяўшы іх, ачысьціся разам з імі ды вазьмі на сябе́ кошты за іх, каб паабстрыгалі галовы, і ўсе даве́даюцца, што тое, што даве́даліся аб табе́, ёсьць пустое, а ты ў парадку й сам пілнуеш закону.
Вазьмі іх з сабою, ачысціся разам з імі і заплаці за іх выдаткі, каб яны абстрыглі свае галовы. Так даведаюцца ўсе, што ім кажуць пра цябе няпраўду і што ты сам выконваеш Закон.
Што-ж да ўве́раваўшых паганаў, дык мы пісалі, пастанавіўшы, каб нічога гэткага ня трымаліся, а толькі высьцерагаліся жэртваў ідалам, крыві й душанага, ды блуду.
А што да тых язычнікаў, якія паверылі, мы напісалі ім сваю параду, каб яны стрымліваліся ад ахвяраў, прынесеных ідалам, ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты».
Тады Паўла, узяўшы мужоў гэных ды назаўтрае ачысьціўшыся з імі, увайшоў у храм, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, як за кожнага з іх прыне́сена будзе ахвяра.
Тады Павел узяў тых мужчын і назаўтра, ачысціўшыся з імі, увайшоў у святыню і абвясціў пра заканчэнне дзён ачышчэння, калі за кожнага з іх павінна быць прынесена ахвяра.
Як-жа ме́ліся скончыцца се́м дзён, Жыды, што былі із Азіі, убачыўшы яго ў храме, падбурылі ўве́сь народ і ўзлажылі на яго рукі,
Калі ж заканчваліся сем дзён, юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў святыні, падбухторылі ўвесь народ і схапілі яго
крычучы: Мужы Ізраільскія, памажэце! Вось чалаве́к, які ўсіх усюды навучае проці народу й проці закону й проці ме́сца гэтага; ды яшчэ й Грэкаў увёў у храм ды апаганіў гэтае ме́сца сьвятое
з крыкам: «Мужы ізраэльскія, дапамажыце! Гэты чалавек усюды ўсіх навучае супраць народу, Закону і гэтага месца. Яшчэ і грэкаў увёў у святыню і апаганіў гэтае святое месца».
(бо перад гэтым яны бачылі з ім у горадзе Трахіма Эфэсца дый падумалі, што Паўла ўвёў яго ў храм).
Бо перад тым яны бачылі ў горадзе з ім Трафіма эфесца і казалі пра яго, што Павел увёў яго ў святыню.
Уве́сь горад узварушыўся, і пазьбягаўся народ. І, схапіўшы Паўлу, павалаклі яго вон із храму, ды ўраз дзьве́ры былі зачынены.
Увесь горад узрушыўся, і збегся народ. Яны схапілі Паўла, выцягнулі яго са святыні і адразу зачынілі дзверы.
Калі-ж хаце́лі забіць яго, да вайсковага тысячніка дайшла ве́стка, што збунтаваўся ўве́сь Ерузалім;
Калі хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерузалем збунтаваўся.
дык ён, узяўшы ўраз-жа жаўне́раў ды сотнікаў, пабе́г на іх. Яны-ж, убачыўшы тысячніка й жаўне́раў, перасталі біць Паўлу.
Ён адразу ж узяў жаўнераў і сотнікаў і прыбег да іх. Убачыўшы тысячніка і жаўнераў, яны перасталі біць Паўла.
Тады, падыйшоўшы, тысячнік схапіў яго й загадаў зьвязаць двума ланцугамі ды пытаўся, хто ён і што зрабіў?
Тады тысячнік, наблізіўшыся, схапіў яго і загадаў скаваць падвойнымі ланцугамі. Дапытваўся таксама, хто ён і што ўчыніў.
У таўпе́-ж крычэлі кожын не́шта другое. Дык, ня маючы магчымасьці праз шум не́шта пэўнае даве́дацца, загадаў вясьці яго ў замак.
У натоўпе ж усе крычалі сваё. Не здолеўшы даведацца нічога пэўнага з-за шуму, ён загадаў завесці яго ў крэпасць.
Калі-ж апынуўся ля ўсходаў, жаўне́рам прышлося на руках не́сьці яго дзеля натоўпу народнага,
Калі быў на прыступках, жаўнеры мусілі несці яго з прычыны націску натоўпу,
бо вялікая грамада народу йшла сьле́дам, крычучы: Сьме́рць яму!
бо шмат народу ішло за ім і крычала: «Забі яго!»
Перад уваходам у замак Паўла кажа тысячніку: Ці магу не́шта сказаць табе́? Той жа сказаў: Ты ўме́еш па-грэцку?
Пры ўваходзе ў крэпасць Павел сказаў тысячніку: «Ці можна сказаць табе нешта?» Той адказаў: «Ты гаворыш па-грэцку?
Дык ці ня ты той Эгіпцянін, што перад гэтымі днямі збунтаваў і вывеў у пустыню чатыры тысячы душ разбойнікаў?
Значыць ты не той егіпцянін, які нядаўна ўчыніў бунт і вывеў на пустыню чатыры тысячы забойцаў?»
Паўла-ж сказаў: Я Жыд із Тарсу, грамадзянін слаўнага ме́ста Кілікійскага. Прашу-ж цябе́, дазволь мне́ прамовіць да народу.
Павел адказаў: «Я юдэй з Тарса, грамадзянін вядомага горада ў Цыліцыі. Прашу цябе, дазволь мне звярнуцца да народу».
Калі-ж той дазволіў, Паўла, стануўшы на ўсходах, даў знак народу рукою. Як-жа сталася вялікая ціша, прамовіў у Жыдоўскай мове, кажучы:
Калі ж той дазволіў, Павел, стоячы на прыступках, даў народу знак рукой. Калі настала поўная ціша, прамовіў па-габрэйску, кажучы: