Дзеі 12 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

А ў тым часе падняў цар Ірад рукі, каб мучыць некаторых із царквы,
 
У той час кароль Ірад пачаў пераследаваць некаторых з Касцёла.

а Якава, брата Іоанавага, дык мячом забіў.
 
Забіў мячом Якуба, брата Яна.

І, бачучы, што гэта люба Жыдом, наважыўся ўзяць і Пятра (а былі дні праснакоў)
 
А калі ўбачыў, што гэта спадабалася юдэям, схапіў таксама і Пятра. А былі дні Праснакоў.

ды, злавіўшы, пасадзіў у вязьніцу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўне́раў сьцерагчы яго, манючыся пасьля Пасхі вывясьці яго народу.
 
Затрымаўшы яго, пасадзіў у вязніцу і загадаў чатыром чацвёркам жаўнераў вартаваць яго, маючы намер пасля Пасхі выдаць яго народу.

Гэтак вось Пятра пілнавалі ў вязьніцы; царква́-ж усьцяж малілася за яго Богу.
 
Так Пятра вартавалі ў вязніцы, а Касцёл рупліва маліўся за яго да Бога.

Калі-ж Ірад маніўся вывясьці яго, у тую ноч Пётр спаў міжы двух жаўне́раў, апутаны двума ланцугамі, ды перад дзьвярыма варта пілнавала вязьніцу.
 
У тую ноч, калі Ірад хацеў выдаць яго, ён спаў паміж двума жаўнерамі, скаваны падвойнымі ланцугамі, і ахоўнікі каля брамы вартавалі вязніцу.

І вось Ангел Гасподні стануў перад ім, і сьвятло зазьяла ў будынку. І, ткнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго ды кажа: Устань хутчэй!
 
І вось анёл Пана з’явіўся перад ім, а ў цямніцы заззяла святло. Штурхнуўшы Пятра ў бок, ён разбудзіў яго і сказаў: «Уставай хутчэй!» Ланцугі апалі з ягоных рук.

І зваліліся з рук ягоных ланцугі. Ангел-жа сказаў да яго: Падперажыся й падвяжы пасталы твае́. Зрабіў і гэта. І кажа яму: Надзе́нь вопратку тваю і йдзі за мной.
 
Анёл сказаў яму: «Падперажыся і завяжы свае сандалі!» Той так і зрабіў. Пасля сказаў яму: «Адзень свой плашч і ідзі за мною!»

І, выйшаўшы, пайшоў за ім. Ды ня ве́даў, ці праўда тое, што сталася праз Ангела, бо думаў, што бачыць прывід.
 
Калі выйшаў, пайшоў следам за ім, не ведаючы, ці праўдзівае тое, што робіць анёл. Думаў жа, што гэта з’ява.

Абмінуўшы-ж пе́ршую варту і другую, яны падыйшлі да зяле́зных варотаў, што вялі да ме́ста ды самі сабой расчыніліся ім. І, выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, калі Ангел зьнячэўку адстаў ад яго.
 
Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнай брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі. Выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, і раптам анёл пакінуў яго.

І Пётр, прыйшоўшы да сябе́, сказаў: Цяпе́р ве́даю запраўды, што Госпад паслаў Ангела свайго і вырваў мяне́ із рук Ірадавых ды з усяго, чаго ждаў народ Жыдоўскі.
 
Тады Пётр, апрытомнеўшы, сказаў: «Цяпер сапраўды ведаю, што Пан паслаў анёла свайго і ўратаваў мяне ад рукі Ірада і ад усяго, што задумаў юдэйскі народ».

Аглядзе́ўшыся-ж, пайшоў к дому Марыі, маткі Іоана, называнага Маркам, гдзе многія сабраліся й маліліся.
 
Зразумеўшы гэта, ён прыйшоў да дома Марыі, маці Яна, якога звалі Маркам, дзе многія сабраліся на малітве.

Калі-ж Пётр стукаўся ў дзьве́ры се́нцаў, падыйшла паслухаць дзяўчынка, на ймя Рода,
 
Калі Пётр пастукаў у дзверы брамы, выйшла спытацца служанка па імені Рода.

і, пазнаўшы голас Пятра, ад радасьці не адчыніла дзьве́раў, але, убе́гшы, абвясьціла, што Пётр стаіць перад уваходам.
 
Пазнаўшы голас Пятра, яна ад радасці не адчыніла брамы, а пабегла сказаць, што Пётр стаіць ля брамы.

Тыя-ж сказалі да яе́: Ты ашале́ла. Але яна казала, што гэта так. Яны-ж гаварылі: гэта Ангел ягоны.
 
Яны ж сказалі ёй: «Ты звар’яцела!» Але яна настойвала, што так ёсць. Яны ж казалі: «Гэта яго анёл».

Пётр жа не пераставаў стукацца. Калі-ж адчынілі, убачылі яго і здуме́ліся.
 
Тым часам Пётр стукаў далей. А калі адчынілі, убачылі яго і здзівіліся.

Паказаўшы-ж рукой, каб маўчалі, расказаў ім; як Госпад вывеў яго із вязьніцы. І сказаў: Павядомце аб гэтым Якава і братоў. І, выйшаўшы, пайшоў у другое ме́сца.
 
Ён жа, даўшы знак рукою, каб маўчалі, расказаў, як Пан вывеў яго з вязніцы. Потым сказаў: «Паведаміце пра гэта Якубу і братам». Затым выйшаў і адправіўся ў іншае месца.

Калі-ж настаў дзе́нь, сярод жаўне́раў узьнялася трывога вялікая: што сталася з Пятром?
 
Калі настаў дзень, сярод жаўнераў пачалося немалое хваляванне ад таго, што здарылася з Пятром.

Ірад жа, пашукаўшы ды не знайшоўшы яго, судзіў вартаўнікаў і загадаў сказьніць іх. І, перабраўшыся з Юдэі ў Кесарыю, жыў.
 
Ірад жа, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, аддаў вартаўнікоў пад суд і загадаў зняволіць, а сам накіраваўся з Юдэі ў Цэзарэю і спыніўся там.

А Ірад маніўся ваяваць з Тырыйцамі й Сіданійцамі. Яны-ж, змовіўшыся, прыйшлі да яго і, скланіўшы Уласта, пасьце́льніка царскага, прасілі міру, бо іхняя краіна кармілася ад царскае.
 
Ірад быў раззлаваны на жыхароў Тыра і Сідона. Тады яны з агульнай згоды прыйшлі да яго. Дабіўшыся прыхільнасці Бласта, каралеўскага ўрадніка, прасілі міру, таму што іх краіна кармілася ад каралеўскай зямлі.

У вызначаны-ж дзе́нь Ірад, апрануўшыся ў царскія шаты ды се́ўшы на пасадзе, прамаўляў да іх,
 
У вызначаны дзень Ірад, апрануўшыся ў каралеўскія шаты, сеў на ўзвышэнні і прамаўляў да іх,

а народ крычэў: Голас Божы, а не чалаве́чы!
 
а народ усклікаў: «Гэта голас Бога, а не чалавека!»

Зьнячэўку Ангел Гасподні паразіў яго за тое, што не аддаў хвалы Богу, і, зае́дзены чэрвямі, ён паме́р.
 
Але раптам анёл Пана ўдарыў яго, бо ён не аддаў хвалы Богу. І, з’едзены чарвякамі, ён памёр.

Слова-ж Божае разрасталася й памнажалася.
 
Слова ж Божае расло і пашыралася.

А Варнава й Саўл, споўніўшы даручэньне, пайшлі назад з Ерузаліму, узяўшы з сабой такжа Іоана, называнага Маркам.
 
Барнаба і Саўл, выканаўшы сваё служэнне ў Ерузалеме, вярнуліся і ўзялі з сабою Яна, якога звалі таксама Маркам.